З дзяцінства Юля вельмі любіла чытаць. Кніжнае царства заварожвала дзяўчынку. Штодня яна падарожнічала з любімымі героямі, сумавала, радавалася і разважала. Казкі, аповесці, раманы займалі ўвесь яе вольны час. Асабліва падабалася паэзія. Паступова Юля пачала і сама спрабаваць пісаць. Дзяўчынка расла, а разам рос і паэтычны талент.
Юлія выбрала ў сваім жыцці бібліятэчную справу і ніколі аб гэтым не пашкадавала. Вядомы афарызм сцвярджае: “Калі ты знойдзеш прафесію па сэрцы, то табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў жыцці”. Так сталася і з нашай таленавітай зямлячкай. Праца для яе — радасць і шчаслівая магчымасць адкрываць для сябе і сваіх чытачоў штосьці новае.
Юлія ніколі не спыняецца. Яна заўжды стараецца расці прафесійна, шмат чытае, удзельнічае ў конкурсах і становіцца лаўрэатам. Летась Юлія Заруба паступіла на завочнае аддзяленне Мінскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. А вершы яна ніколі не піша па замове, яны нараджаюцца самі. Думкі прыходзяць нечакана, бо, як вядома, натхненне не мае раскладу.
Да Юліі Аляксандраўны заўжды горнуцца дзеці. Яна добра іх разумее, заўжды дапамагае падабраць кнігу згодна з узростам і густам маленькага чытача. Жанчына лічыць, што дзяцей нельга прымусіць чытаць. Можна толькі зацікавіць. У бібліятэцы пастаянна праходзяць мерапрыемствы, конкурсы, імпрэзы, сустрэчы і вечарыны, якія ўводзяць школьнікаў і студэнцкую моладзь у свет літаратуры. Кожнае такое свята незвычайнае, цікавае і яркае.
Старэйшае пакаленне таксама паважае бібліятэкара, бо гэта не толькі добры спецыяліст, але яшчэ і цудоўны суразмоўца.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі