Для Наталлі Ачарэтавай вышыўка — неад’емная частка жыцця. Нягледзячы на тое, што Наталля Уладзіміраўна ўзначальвае Астравецкую раённую бібліятэку і вольнага часу ў яе зусім няшмат, яна заўжды знаходзіць гадзінку для любімай справы. Яе вышываныя шэдэўры ўражваюць. Шыкоўныя стракатыя півоні, зімовыя і гарадскія матывы — усё гэта створана рукамі нашай таленавітай зямлячкі. Іголкай, бы чароўнай палачкай, Наталля Уладзіміраўна стварае і вобразы людзей. Вось прасочваецца вытанчаны сілуэт жанчыны, а на іншай рабоце — дзеці. Звяртае ўвагу майстар і на рэальных асоб. На дзвюх карцінах красуецца Одры Хэпбёрн — адна з самых знакамітых і прыгожых актрыс. Надае ўвагу і біблейскім матывам. Мадонна — вечны вобраз, да якога звяртаюцца музыканты, мастакі і скульптары.
Майстрыца стварыла некалькі карцін з выявай Мадонны. Самай маштабнай з’яўляецца “Песня анёлаў”. Праца над іконай вялася на працягу некалькі гадоў. Ідэя ўзнікла нечакана. Біблейскія матывы заўсёды прываблівалі Наталлю Ачарэтаву. Яна ўжо вышывала вобраз Мадонны, толькі ў значна меншым фармаце.
Схему вышыўкі жанчына набыла праз інтэрнэт. Шмат часу заняла падрыхтоўка. Паступова збіраліся ніткі. Спатрэбілася больш за 80 адценняў колераў і метр канвы. Ікона ўжо асвечана мясцовым ксяндзом, укладзена ў прыгожы багет, а неўзабаве будзе падаравана касцёлу Адшукання святога крыжа ў Астраўцы.
Гутарыла Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі