Памятаю, які поспех меў фартэпіянны дуэт сёстраў Настассі і Дар’і Лукашэнкаў, калі яны гралі на Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Акадэміі музыкі. Потым яны перамаглі на конкурсе “Маладыя таленты Беларусі”, што ладзіцца Першым каналам Беларускага радыё, мелі шэраг іншых выступленняў і сёння могуць упрыгожыць любую імпрэзу. І гэта не адзіны прыклад! Не дзіва, што тут наладжаны і трывалыя замежныя сувязі — найперш конкурсна-фестывальныя, а з адной расійскай школай падпісана дамова аб супрацоўніцтве. Дастаткова пабываць хаця б на адным выступленні навучэнцаў, каб пераканацца, што рыхтуюць тут якасна. А самі канцэрты бываюць настолькі добра выбудаваны па драматургіі, што, нягледзячы на адсутнасць звыклага антракту, пралятаюць на адным дыханні…
— Усе канцэрты я рэжысірую сама, — усміхаецца дырэктар, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Тамара КУНІЦКАЯ. — Папярэдне праслухоўваю падрыхтаваныя нумары і выбіраю неабходныя. Вядома, усё ў адзін канцэрт не змяшчаецца — і мы ладзім наступны.
— Можа, яшчэ і тэксты вядучым складаеце?
— Гэта робяць музыказнаўцы, я хіба карэктую, калі трэба. І абавязкова прапісваю на палях усе тэхнічныя, незаўважныя для гледачоў дэталі: дзе якія крэслы, мікрафоны паставіць, крышку раяля адкрыць-закрыць, бо з-за прыкрых дробязей можа згубіцца дынаміка, тэмпарытм канцэрта (а калі ў зале дзеці, гэта ўдвая важней), сапсуецца агульнае ўражанне. Адзін з вайскоўцаў неяк пажартаваў: маўляў, вас трэба запрашаць парады ладзіць. Але ж кожны павінен займацца сваёй справай.
— Вы, наколькі я ведаю, піяністка па адукацыі…
— Мне вельмі пашанцавала з педагогамі. Яны былі прадстаўнікамі розных фартэпіянных школ, і я магла азнаёміцца з французскім ды расійскім падыходамі. А ў нашай Кансерваторыі вучылася ў Элы Рыгораўны Альтэрман. Калі заканчвала, мне прапанавалі пайсці ў гэтую школу завучам. Я спужалася, а муж кажа: паспрабуй! Так і “паспрабавала”... Што ж да рэжысуры, дык на ўзроўні такіх канцэртаў патрабуецца найперш добры густ. Ёсць у мяне і свае прыярытэты. Стараюся, каб у кожным канцэрце абавязкова гучалі цымбалы, каб быў прадстаўлены нацыянальны струмень. І не толькі дзеля “разыначкі”! Гэта ж яшчэ і частка патрыятычнага выхавання, дзе зусім не абавязковы пафасныя словы — проста добрая музыка. Праз яе навучаем дзяцей і культуры паводзінаў. Многія бацькі здзіўляюцца, як у школе ціха, ніхто не носіцца па калідорах, не крычыць. Бо мы кажам вучням, што будынак (а ён у нас — гісторыка-культурная каштоўнасць), як і ўсё ў жыцці, абавязкова рана ці позна адгукнецца на кожнае ваша дзеянне. І да яго трэба ставіцца паважліва, як і да ўсяго навакольнага — прыроды і людзей. За гады існавання школы мы выпрацавалі, не пабаюся гэтага слова, свой стыль, свае традыцыі, якія ўжо самі навучаюць пачаткоўцаў. Мне вельмі падабаецца азначэнне: традыцыі — гэта лепшы сродак барацьбы з часам…
У тым, што пад выхаваннем у школе разумеюць не нейкія “спецыяльныя натацыі”, а ўласны прыклад, можна пераканацца не толькі ў час канцэртаў, дзе выкладчыкі трымаюць іспыт разам са сваімі выхаванцамі. Тая ж Тамара Арцёмаўна паціскае руку кожнаму сустрэтаму вучню. Дый у час нашай размовы ў кабінет зазіралі незакамплексаваныя дзіцячыя тварыкі: “Ой, вы зараз занятыя? Я пазней зайду”.
— Што, рэальна вось так і заходзяць?
— Яшчэ як! Аднойчы прыходзіць другакласнік і кажа з надзвычай разумным выглядам (цытую): “Мне трэба з вамі пагутарыць”. Пытаюся, што здарылася. А ён, літаральна “ў позе Сакрата”: “Мяне абцяжарвае здача тэхнічнага заліку ў гэтым месяцы”. Я яму: “А ты ведаеш, што цяжкасці баязліўцаў любяць? Яны на іх адразу ўскокваюць! Таму і спяваецца: “Трус не играет в хоккей!”. Давай дамовімся: даю табе тэрмін падвучыць, але без заліку ніяк не атрымаецца”… Добра, каб яны вучыліся самастойна вырашаць пытанні, каб на ўсё мелі ўласную думку. Так звычайна і бывае: дарослым застаецца хіба “расшыфраваць” яе — не спыніць нармальную чалавечую патрэбу “Я сам!”, а скіраваць яе ў неабходнае рэчышча…
— А ўласна ў музыцы — чаму трэба навучаць найперш?
— Незалежна ад таго, будзе вучань прафесіяналам ці не, галоўнае — гук, яго якасць, тэмбральная афарбоўка, прыгажосць. Усё, што ні граеш, павінна прагучаць, а не падносіцца ў выглядзе “націскання” на клавішы ці струны, “выдування”. Імкнёмся навучыць уменню пачуць — не толькі суразмоўцу, які выхоўваецца ў класе камернага ансамбля, але і самога сябе. Гэта, да ўсяго, спатрэбіцца ў жыцці: калі навучышся слухаць і чуць сябе “збоку”.
— Пэўна, у вас ёсць нейкія асаблівыя патрабаванні да выкладчыкаў? Як штат падбіраеце? Зразумела, вас абмінаюць праблемы рэгіянальных школ з іх недахопам у кадрах, чаму дапамагае ўжо само месцазнаходжанне школы — у цэнтры Мінска, побач з Акадэміяй музыкі і Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам. Але як не памыліцца? Бо часам цудоўны выканаўца бывае пазбаўлены педагагічнай жылкі…
— Мы беражліва ставімся да выпускнікоў, стараемся, каб яны потым вярнуліся да нас выкладчыкамі, захоўваючы пераемнасць. Але з зацікаўленасцю глядзім і на астатніх! Я не пераманьваю лепшых педагогаў з іншых школ. Але ў свой час звярнулася ў Рэспубліканскую гімназію-каледж, па дамоўленасці з тагачасным дырэктарам Уладзімірам Кузьменкам, прапанавала тамтэйшым выкладчыкам працаваць і ў нас па сумяшчальніцтве. Дадатковая капейчына патрэбна кожнаму. Прыйшлі многія. А засталіся на сённяшні дзень толькі трое. Часцяком адразу заўважна, хто ўкладае ў выкладанне ўсю душу, а хто робіць гэта фармальна. Я звычайна прысутнічаю на заліках, назіраю за вынікамі. Існуе ў нас і сістэма куратарства, бо ёсць на каго раўняцца. Сёння сярод нашых выкладчыкаў — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, салісты вядучых творчых калектываў краіны, уключаючы Прэзідэнцкі аркестр краіны. Падтрымліваю любыя творчыя праявы, любыя ініцыятывы. Галоўнае — пераканаць мяне, прычым прафесійна, што гэта мае плён.
— Ужо некалькі гадоў у вас працуе “Эстэтычны цэнтр”, дзе навучаюць усіх ахвотных, незалежна ад узросту…
— Пачыналася ўсё з падрыхтоўчага аддзялення для самых маленькіх. Дзякуючы яму ў нас ніколі не было праблем з паступленнем: мы самі рыхтавалі-падбіралі будучых вучняў. І адразу прывучалі іх да выступленняў! Кампазітар Яўген Ларыёнаў арганізаваў з пачаткоўцаў нават ансамбль “Шумавічок”, дзе граюць на ўсім, што шуміць-грыміць, але галоўнае — каб у такт. Гэты калектыў і ў філармоніі выступаў! Вялікім попытам карыстаецца эстраднае аддзяленне, пастаноўка голасу. Таксама часта прыходзяць, да прыкладу, бабуля з унукам: “Вазьміце нас у першы клас разам”. А чаму б і не? Бывае, так прыходзяць і бацькі, проста маладыя людзі. Кошты даволі даступныя: пры занятках два разы на тыдзень — 500 тысяч рублёў на месяц, калі адзін раз — удвая менш. Вучыцца можна ў любым узросце, вынік будзе, калі гэта дзеля чагосьці, — тое, што ў педагогіцы называюць матывацыяй, стымулам. Да ўсяго, такое навучанне прывучае іх да сумесных паходаў на канцэрты, у тэатр, яднае пакаленні…