Даўно пішу пра тое, што беларускія ДШМ — ці не самыя стабільныя сярод устаноў культуры па сваім кадравым складзе, творчых перамогах і эканамічных дасягненнях. І тлумачэнне таму вельмі простае: школы мастацтваў самі сабе рыхтуюць супрацоўнікаў і грунтуюцца на прынцыпах пераемнасці традыцый. У невялічкім і не надта заможным гарадку Зэльва — усё менавіта так. Школа — гэта сям’я, дзе хоць і маладая, але клапатлівая “мама” цудоўна ведае, над чым працаваць і куды рухацца.
Маленькай дзяўчынкай яна ўпершыню і ці не выпадкова зайшла ў музычную школу разам з сяброўкай, якая збіралася асвойваць саксафон. Настаўнік даў сяброўцы інструмент і сказаў ёй здабыць гук. У той нічога не атрымалася. Воля, нечакана нават для сябе, папрасіла саксафон. І ён загучаў! Выпадковасць ды нечаканасць у дадзеным выпадку — адны са складнікаў заканамернасці. Так Вольга Генюш стала вучаніцай Зэльвенскай музычнай школы. А потым — яе выкладчыкам, потым — дырэктарам. Саксафоннае сола набыло гучанне паўнавартаснага аркестра. Давайце пацікавімся, якія сімфоніі ён выконвае?
— Самыя розныя, — гаворыць Вольга Яўгенаўна. — Школе ўжо 55 гадоў, і яна мае тры аддзяленні: музычнае, харэаграфічнае і мастацкае. Так што наша “гучанне” — досыць суладнае і поліфанічнае. Многае змянілася за час існавання ўстановы, але была і застаецца тая спрыяльная творчая атмасфера, якая шчыльна нас яднае. Пераемнасць пакаленняў мы лічым адным з галоўных набыткаў.
— Цікава, а колькі ў вашым калектыве педагогаў, якія тут вучыліся, сталі на крыло і вярнуліся потым пад родны школьны дах?
— Вельмі шмат. Прынамсі, з дзясятак набярэцца.
— Лічы, палова педкалектыву. Такая пераемнасць — характэрная тэндэнцыя для ўсіх нашых школ мастацтваў, але вынік вашай прафарыентацыі ўражвае. У чым, як вы думаеце, прычына?
— Усё проста. Я, да прыкладу, вельмі люблю сваю Зэльву. Вучылася, калі школай кіравала Ірына Горная, працавала, калі дырэктарамі былі Уладзімір Сарокін, а потым — Уладзімір Захарка. Калі скончыла Гродзенскае музычнае вучылішча, з’явілася магчымасць размеркавацца ў Гродна. Але на размеркаванні прысутнічаў Уладзімір Сарокін (ён і дырэктарам быў, і маім настаўнікам), які катэгарычна зазначыў: “Гэта мая вучаніца, і яна будзе працаваць у нас!” Я з радасцю засталася ў роднай Зэльве. Думаю, прыкладна такі ж адказ дадуць і іншыя мае калегі, што прайшлі ў нас шлях ад вучня да педагога. У нас вельмі дружны творчы калектыў. У такім пастаянна хочацца расці ды ўдасканальвацца. Выпусціла сваю вучаніцу, яна ў музычнае вучылішча паступіла, а я — на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
— З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся, калі сталі кіраўніком ДШМ?
— Жыццё — яно як клавішы раяля: то белая паласа, то чорная… Не, белых палос было болей. Ва ўсіх пачынах мяне і калектыў падтрымаў, і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Раманчук. А выпрабаваннем стала, вядома, арганізацыя не толькі агульнашкольных творчых, адукацыйных спраў, але і гаспадарчых. Усё стала ў каляіну. І рамонт будынка гаспадарчым спосабам правялі… Дарэчы, 9 лютага Галіна Раманчук адсвяткавала юбілей. Карыстаючыся выпадкам, яшчэ раз хачу яе павіншаваць і пажадаць усяго самага лепшага. Мы любім вас, Галіна Мікалаеўна!
— Што параілі б сваім калегам у рэспубліцы?
— Берагчы кадры!
— На сёння ў школе, наколькі ведаю, — 401 навучэнец. Вы маеце філіял у Дзярэчыне і класы ў пяці вёсках. Санітарна-бытавыя ўмовы для тамтэйшых вучняў вас задавальняюць? Маю на ўвазе наяўнасць водаправоду, прыбіральняў не на вуліцы, бо з філіяламі, дзе няма гэтых выгод, іншым разам даводзіцца сутыкацца.
— З гэтым усё добра. У Дзярэчыне філіял працуе пад адным дахам з домам рамёстваў і клубам, мае цэнтральнае ацяпленне і годныя санвузлы. А класы нашы знаходзяцца ў агульнаадукацыйных школах. Там, натуральна, таксама ніякіх праблем.
— Калі школа мае аўтарытэт, калі вучыцца ў ёй становіцца прэстыжным, які паказчык дзейнасці ўстановы самы красамоўны?
— Гэта ахоп школьнікаў музычна-эстэтычным выхаваннем. Ён дасягае ў нас 30 працэнтаў — найлепшы паказчык у вобласці! Бацькі даведваюцца пра нашу працу, бо і педагогі школы, і нашы вучні выступаюць на ўсіх без выключэння буйных імпрэзах. Хто адмовіцца пабачыць свайго сына ці дачку на сцэне?
— А па якіх крытэрыях ацэньваеце эфектыўнасць працы ДШМ?
— Іх цэлы комплекс. Важным з’яўляюцца прафарыентацыя і, як вынік, — паступленне нашых выпускнікоў у мастацкія ўстановы адукацыі. Летась было сем такіх выпадкаў. Геаграфія паступленняў апошнім часам пашыраецца: Гродна, Ліда, Мінск... Многія скараюць вяршыні вышэйшай адукацыі. Наша Дзіяна Іванова — студэнтка Маскоўскай кансерваторыі, Сяргей Радзівончык і Павел Сямёнчык вучацца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Таццяна Радкевіч — у Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Адпаведна, ёсць кім ганарыцца.
— Наступны складнік згаданага вамі комплексу — колькасць народных ды ўзорных калектываў? Дарэчы, колькі іх у вас?
— Два народныя калектывы — музычны ансамбль “Калаж” і духавы аркестр. Узорных няма. Але мы тут актыўную працу вядзём. Асноўны кандыдат на званне — харэаграфічны гурт “Зэльвяначка”. Яго яшчэ летась праглядалі, заўвага адзіная: мала пакуль у калектыву вядомасці, досведу, хоць і выступае ён досыць актыўна, нават у Польшчы прызавое месца заняў.
— Часцей пішыце пра гэты калектыў у “Культуру”, каб вядомасць у яго была. Удзел у конкурсах — таксама паказчык пэўнай самадастатковасці школы?
— Безумоўна! Цяпер збіраемся на абласны адкрыты конкурс “Новыя імёны” ў Гродне, конкурс імя Канстанціна Горскага ў Лідзе, адборачны тур Рэспубліканскага конкурсу імя Жыновіча, на “Палескі агеньчык” у Драгічыне. Дзеткі становяцца лаўрэатамі, а потым — стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны — як нашы Наталля Сямёнчык ці Саша Тарасевіч.
— Ці выкарыстоўваеце вы інтэрнэт-магчымасці для ўдзелу ў міжнародных конкурсах?
— Я пастаянна гэтым займаюся, высылаю матэрыял. Віртуальны ўдзел не патрабуе вялікіх грошай на пераезды. А дзеці цудоўна адчуваюць конкурсны азарт. Хачу, каб мае калегі таксама выкарыстоўвалі такую магчымасць.
— Камп’ютараў хапае?
— Так. І для настаўніцкай працы, і для таго, каб імі карысталіся школьнікі. Ёсць адпаведная відэаапаратура. Вучні маюць магчымасць займацца тэорыяй музыкі, віртуальна наведваць найлепшыя ў свеце выставы жывапісу, оперныя пастаноўкі.
— А з музычнымі інструментамі якая сітуацыя?
— Набылі два добрыя баяны. Яны ў нас не пыляцца. Ёсць камплект інструментаў для духавога аркестра (коштам каля дзвюх тысяч долараў!). Тут іншая праблема — хацелася б “абнавіць” фартэпіяна.
— Хто-небудзь з педагогаў займаецца з дзецьмі па аўтарскіх навучальных праграмах?
— Праграм такіх няма, але індывідуальны падыход да кожнага вучня — абавязковы. Мы нават па выхадных днях працуем. Не падумайце, што пад прымусам. І дзеці з вялікай ахвотай прыходзяць. Дый не было б у нас такой колькасці лаўрэатаў, калі б не індывідуальныя заняткі, дзе, як і ў джазе, варта пастаянна імправізаваць. Па агульным шаблоне ў школе працаваць нельга!
— Жыццё ўвогуле падобнае да джазу, бо там і тут не абысціся без імправізацыі. А джаз цяжка ўявіць без саксафона. Мы ў юнацтве трызнілі па трыа ГТЧ: Ганелін — Тарасаў — Чакасін. Калі Уладзімір Чакасін граў на двух саксафонах адначасова, гэта падавалася вяршыняй віртуознасці. Потым быў джаз-рокавы Аляксей Казлоў… А за што вы любіце саксафон — бо, здавалася б, не жаночы інструмент?
— Мне падабаецца яго гучанне. Я ўвогуле была першай дзяўчынкай, якая зайграла ў Зэльве на духавым інструменце.
— Якой вы бачыце школу ў перспектыве?
— Найперш, трэба захаваць тое, што ёсць. Але і мара таксама ёсць. Хачу мець народны духавы аркестр, як у Мастах або Ваўкавыску.
Мінск — Зэльва — Мінск / Фота аўтара