— У мяне як у спецыяліста адразу паўстае пытанне: як афіцыйна будуць аформлены гэтыя “летнія чытальні”? Як пункты выдачы? Нейкім іншым чынам? Бо, натуральна, адразу ж узнікаюць праблемы, звязаныя з захаваннем фонду гэткіх “летніх бібліятэк”, з афармленнем чытачоў… І пытанняў тут, мабыць, больш, чым адказаў. Што да нас, дык мы пастаянна “ходзім у народ”: у дзіцячыя садкі, у школы, у новыя дамы ва ўсіх раёнах сталіцы. Акрамя таго, штогод 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, мы ладзім у парку Горкага акцыю “Чытай-сталіца”, пад час якой робім прэзентацыі ўсіх сваіх бібліятэк, раздаём улёткі дзецям ды іх бацькам. Так што да чытача мы ідзём заўсёды, а не толькі чакаем яго ў сваіх установах.
— А наколькі такое “хаджэнне ў народ” дзейснае? Ці дапамагае рэклама ў змаганні за чытача?
— Безумоўна. Дапамагаюць і сустрэчы з пісьменнікамі, і прэзентацыі бібліятэк у школах, і экскурсіі па нашых установах для школьнікаў, і вулічныя акцыі… Бо самае галоўнае, каб у нашу бібліятэку прыйшоў чытач. А наконт дзейснасці нашай рэкламы распавяду пра адзін выпадак. Пасля капітальнага рамонту мы адкрывалі дзіцячую бібліятэку ў Чыжоўцы, на вуліцы Убарэвіча. Таму звярнуліся ў “Мінсктранс” з прапановай даць новую назву — “Дзіцячая бібліятэка” — прыпынку, які знаходзіцца побач. I чытачоў адразу стала больш! Некаторыя нават казалі: ”Я тут дзесяць гадоў жыву, але не ведаў, што непадалёк ёсць бібліятэка!” Вось вам і аддача ад рэкламы!
— А дзе бераце новыя ідэі, калі працуеце над сваімі творчымі праектамі? Мабыць, з Інтэрнэту?
— Лічу, што годны і цікавы досвед заўсёды варта пераймаць ці ствараць на яго аснове свой, эксклюзіўны праект. У гэтым плане у нас даволі неблагое супрацоўніцтва не толькі з рэгіянальнымі бібліятэкамі, але і з замежнымі. Мы, да прыкладу, падтрымліваем сяброўскія адносіны з расійскімі ўстановамі, у прыватнасці — з Белгарадскай дзіцячай бібліятэкай імя А.Ліханава і Краснадарскай краявой дзіцячай бібліятэкай імя братоў Ігнатавых, Расійскай дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкай. Штогод бібліятэкары абедзвюх краін наведваюць адно аднаго, а яшчэ мы ладзім онлайн-канферэнцыі, пад час якіх расійскія і беларускія бібліятэкары могуць абмяняцца досведам ды ўзяць на ўзбраенне тую або іншую ідэю ці задуму сваіх калег.
— Як ацэньваеце ўзровень і кваліфікацыю бібліятэкараў Расіі? Ці ёсць у іх чаму павучыцца беларусам?
— Скажу так: часам, бывае, яны вучацца ў нас, а мы — у іх. І гэта вельмі добра, бо дапамагае браць усё лепшае, што назапашана ў нашых краінах. Іншая справа, што тут маецца пэўная праблема: у суседзяў ёсць Расійская дзяржаўная дзіцячая бібліятэка, якая каардынуе дзейнасць бібліятэчных устаноў па ўсёй краіне. У нас падобнай структуры няма. Таму магчымасці абмяняцца досведам, агучыць праблемы і шляхі іх вырашэння для айчынных дзіцячых бібліятэк вельмі абмежаваныя. Імкнёмся вырашаць усе набалелыя пытанні ў рамках Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Але ж няблага было б стварыць і нешта накшталт Нацыянальнай дзіцячай бібліятэкі.
— Сёння многія кажуць пра “смерць кнігі”, пра паступовае знікненне цікавасці да кніжна-папяровых выданняў. Ці слушныя падобныя словы?
— У Мінску на сёння працуе васямнаццаць дзіцячых бібліятэк, і я, валодаючы ўсімі лічбамі аб наведвальнасці нашых устаноў, не сказала б, што дзеці ды іх бацькі не чытаюць. Чытаюць усе і паўсюль, проста не так, як мы прывыклі — з газеты ці кнігі. Чытаюць з планшэта, е-рыдара, айфона і гэтак далей, але ж чытаюць! І яшчэ. У нас больш за 120 тысяч наведвальнікаў, і названая лічба амаль не змяншалася за апошнія некалькі гадоў. Таму, мяркую, праблема “смерці кнігі” крыху надуманая. Прынамсі, для дзіцячых бібліятэк.
— Але што чытаюць сёння маленькія чытачы? Да прыкладу, ці вабіць іх беларуская кніга?
— Сапраўды, часта можна пачуць меркаванне, што дзеці не чытаюць кніг на беларускай мове. Але з гэтым я таксама магу паспрачацца: мы бачым, што айчынная кніга запатрабавана. Праўда, трэба прызнаць, сёння выдаецца досыць мала вартых увагі беларускамоўных кніг для дашкольнікаў, малодшых школьнікаў, падлеткаў. Так, ёсць пісьменнікі, творы якіх з задавальненнем чытаюць. Напрыклад, не так даўно праводзілася невялікае анкетаванне, і нашы чытачы называлі такіх упадабаных імі аўтараў, як Алесь Бадак, Навум Гальпяровіч, Алена Турава, Мікола Чарняўскі… Іхнія кнігі карыстаюцца стабільным попытам, як і класіка: Янка Маўр, Васіль Вітка, Іван Навуменка. Але справа ў тым, што праз год-другі дзеці падрастаюць, ім патрэбна дзіцячая кніга ўжо іншая, так бы мовіць, больш “сур’ёзная” і “дарослая”. А вось з гэтым бываюць праблемы, бо цікавых кніг для розных узростаў выдаецца вельмі мала.
— Якое выйсце з гэтай сітуацыі?
— Выйсце толькі адно: пажадаць нашым дзіцячым пісьменнікам і паэтам, каб яны пісалі больш. Бо выданню кніг беларускіх аўтараў дзяржава сёння надае вялікую ўвагу. Як вы ведаеце, не менш чым 15 працэнтаў ад агульнага аб'ёму бюджэтнага фінансавання бібліятэк ідзе на закупку новых кніг. Так што, думаю, не памылюся, калі скажу, што кожная цікавая беларуская кніга знойдзе свайго чытача.
— Са сваіх паездак у рэгіёны Беларусі вынес і яшчэ адну, зусім не дзіцячую, праблему дзіцячых кніжных выданняў: мала ў іх добрых ілюстрацый, а калі і бываюць, дык не зусім яны якасныя…
— Так, пагаджуся. Сапраўды, кнігі для малодшага ўзросту мала ілюстраваныя. Але, у той жа час, да нас пачало паступаць нашмат больш якасна аформленых кніг, чым раней. У сувязі з гэтым, дарэчы, дзіцячыя бібліятэкі пачалі наведваць больш дашкольнікаў. Бо калі цэны на кнігі з ілюстрацыямі “кусаюцца”, не кожны можа іх набыць, таму і завітваюць да нас. Думаю, гэтая тэндэнцыя захаваецца і ў перспектыве…
Кажа эксперт
Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці:
— На сёння ў Беларусі існуе толькі адна Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк — тая, што створана ў Мінску. Усе іншыя дзіцячыя бібліятэкі ў рэгіёнах з’яўляюцца філіяламі цэнтральных раённых “кніжніц”. Яны, такім чынам, фактычна з’яўляюцца публічнымі бібліятэкамі і атрымліваюць каардынацыйную ды метадычную падтрымку нароўні з “дарослымі” кніжнымі ўстановамі. Гэтая падтрымка зыходзіць, у пэўнай ступені, ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі як каардынуючага цэнтра ўсіх публічных бібліятэк краіны. Мы выдаём разнастайныя метадычныя дапаможнікі па рабоце з фондамі, бібліяграфічнай працы і гэтак далей, аналізуем дзейнасць бібліятэк у розных кірунках ды, натуральна, звяртаем увагу бібліятэкараў на працу з дзецьмі і моладдзю. Так што дзіцячыя бібліятэкі Беларусі не застаюцца па-за нашай увагай.
Другім такім каардынуючым цэнтрам, куды можна звярнуцца па метадычную дапамогу, з’яўляецца, на ўзроўні юрыдычнай асобы, і сама Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк Мінска. Наколькі я ведаю, там працуюць вельмі кваліфікаваныя спецыялісты, якія шмат робяць у справе метадычнай падтрымкі дзіцячых бібліятэк. Таму стварэнне трэцяга каардынуючага цэнтра ці нават дзіцячай “Нацыяналкі”, накшталт Расійскай дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкі, на мой погляд, сёння, мабыць, у Беларусі не так ужо і неабходна.
Хэдлайн рэгіёна
Кадры — за кадрам. Ці не?
У нашай размове з Таццянай Швед не агучаным засталося пытанне пра кадры, бо ў Мінску, як запэўніла мяне суразмоўца, асаблівых праблем з прыходам у бібліятэкі новых супрацоўнікаў не назіраецца. У рэгіёнах сітуацыя часцяком бывае іншай.
Трэба прызнаць, што ў буйных ды малых гарадах Беларусі, а таксама на сяле, як ні цяжка пра гэта пісаць, прафесія бібліятэкара — не самая пашанотная. Прычым як з боку саміх супрацоўнікаў “кніжніц” (сустракаў і такое), так і сярод тых, хто карыстаецца іхнімі паслугамі. “Што яны там робяць? Адно кніжкі выдаюць ды чай папіваюць!” — думае сабе пра бібліятэкараў наведвальнік. Упэўнены, з такой пазіцыяй сустракаўся ці не кожны супрацоўнік бібліятэчнай установы. Хаця гэта, натуральна, мала адпавядае рэчаіснасці.
Напрыклад, у Брэсцкай вобласці — на Маларытчыне — бібліятэкары даўно дапамагаюць сваімі метадычнымі, сцэнарнымі ды інфармацыйнымі распрацоўкамі настаўнікам як гарадскіх, так і сельскіх школ раёна, робяць календары памятных дат, граматы, буклеты, візітоўкі, выдаюць брашуры па краязнаўстве і гэтак далей. А яшчэ тут можна ўзяць напракат дыск з упадабаным фільмам. Так што чытачы ў мясцовыя “кніжніцы” завітваюць пастаянна. І не толькі за кнігай.
З іншага ж боку, на маю думку, прэстыжнасць працы бібліятэкара, перафразуючы словы героя адной вядомай кнігі, “сапсавала” грашовае пытанне. Заробкам у два з паловай мільёны рублёў сёння мала каго прывабіш, асабліва — калі чалавек пяць гадоў “сушыў мазгі” за ўніверсітэцкім сталом. Таму сёння, каб палепшыць фінансавае становішча сваіх супрацоўнікаў, некаторым кіраўнікам дзіцячых бібліятэчных устаноў даводзіцца “імправізаваць” ды ўводзіць “інавацыі”. Да прыкладу, у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці бібліятэкары іграюць у тэатральных пастаноўках ды спяваюць у калектыве, створаным пры мясцовым аддзеле культуры. І ўсё дзеля таго, каб атрымаць надбаўку да заробку. Як кажуць, хочаш жыць — умей круціцца. Вось і “круцяцца” як могуць…
Так што адказ на закадравае пытанне пра кадры, бадай, адзін: без павышэння заробку, без пастаяннай гаворкі на дзяржаўным узроўні пра важнасць ды значнасць дзіцячых і публічных бібліятэк у справе выхавання дзяцей і моладзі, увасобленай у рэальную (а не дэклараваную!) падтрымку спецыялістаў, сітуацыя наўрад ці палепшыцца.
Фота Юрыя ІВАНОВА