Сорак гадоў таму, восенню 1971-га, адбыўся цуд: па Беларускім тэлебачанні — тады існаваў усяго адзін канал — на працягу трох вечароў прайшла прэм’ера трохсерыйнага фільма «Уся каралеўская раць».
Цуд — таму што фільм распавядаў пра жыццё чужынцаў, палітычнае закуліссе ЗША — ніхто з вытворцаў не быў у той краіне і тым больш не спрычыняўся да яе палітыкі.
Цуд — таму што на экранізацыю рамана Роберта Пэна Уорэна прэтэндаваў вядомы кінарэжысёр Станіслаў Растоцкі, за якім стаялі кінематаграфічны вопыт, вядомае ў свеце імя і Дзяржкіно СССР, але раман дастаўся беларусам.
Цуд яшчэ і таму, што на экране суіснавалі найвыбітныя зоркі савецкага кіно: Георгій Жжонаў, Яўген Еўсцігнееў, Таццяна Лаўрова, Анатоль Папанаў, Ала Дзямідава, Алег Яфрэмаў, Расціслаў Плят, Расціслаў Янкоўскі, Аляксандра Клімава, Леў Дураў, Ада Войцік. Нават «Сямнаццаць імгненняў вясны», што запусціліся ў вытворчасць услед за «Раццю», не сабралі такога сузор’я выканаўцаў!
Цуд — бо карціна «Уся каралеўская раць» знятая не наймацнейшым у краіне канцэрнам «Масфільм» з яго найбагацейшымі скарбамі касцюмаў і рэквізіту, што засталіся, мо, яшчэ з часоў «Вясёлых рабят», не на кінастудыі «Ленфільм» з мэбляй, посудам і побытавымі рэчамі, што можна знайсці і ў студыйных сховах, і амаль у кожным радавітым піцерскім доме, нават не на «Беларусьфільме» — стварыў карціну айчынны «Тэлефільм».
Якімі прынцыпамі сцэнаграфіі і выбару абсталявання кіраваліся? Адзіным і простым: каб не было падобна на нашае, вядомае, каб кабінет губернатара не нагадваў кабінет сакратара абкама, а пакой у гатэлі — нумар савецкай раённай гасцініцы. Усім «амерыканскім» адорваў нас дыпламат Сяргей Філатаў, супрацоўнік Інстытута Амерыкі і Канады: ён тады толькі вярнуўся з доўгай працы ў ЗША (пазней быў дарадцам Барыса Ельцына). Пачкі цыгарэт, папяльнічкі, келіхі, кубкі, цюбікі зубной пасты, прыборы для галення — словам, усё, да чаго дакраналіся персанажы, было «не нашым» — і ўжо адно гэта прымушала гледачоў верыць у «сапраўднасць» экраннай Амерыкі. Не было нараканняў, заўваг і з боку нешматлікіх тут знаўцаў заакіянскага побыту.
Дарэчы, некалькі гадоў таму па канале АНТ прайшоў мой аўтарскі фільм «Каралеўская раць. Трагедыі і таямніцы». І так сталася, што з трагедыі пачаліся самі здымкі: адзняўшыся ўсяго ў двух эпізодах, неспадзявана памёр выканаўца галоўнай ролі вялікі акцёр Павел Луспякаеў. Яго кінаслава толькі пачыналася пасля прэм’еры «Белага сонца пустыні», дзе ён стварыў вобраз незабыўнага мытніка Верашчагіна з журботным напевам «Ваше благородие, госпожа удача...» Хапала і іншых калізій: напрыклад, крымінальная дзейнасць дырэктара стужкі, які дзеля бесперашкоднай вытворчасці «Раці» даў хабар кіраўнікам некаторых службаў «Масфільма» — калі ўсё выкрылася, быў суд, які прызначыў дырэктару восем гадоў пазбаўлення волі. Яшчэ драма: выявілася правінцыяльнасць рэжысёра-пастаноўшчыка, неадпаведнасць маштабам творчай мэты. І яшчэ: літаральна перад камерай — праз чатыры дзесяцігоддзі пасля прэм’еры! — высветлілася, хто ж быў сапраўдным аўтарам выдатнага — па словах вельмі патрабавальнага да літаратуры Міхаіла Казакова — сцэнарыя. Гэтую таямніцу адкрыла рэдактар карціны Эла Мілова. Акрамя яе ў «фільме пра фільм» удзельнічалі «рэшткі» акцёрскай «раці»: Леў Дураў, Расціслаў Янкоўскі, Міхаіл Казакоў.
■ ■ ■
Лаймонас Нарэйка (бізнесмен), Міхаіл Казакоў (Джэк Бёрдэн).
Міша... Так бывае ў жыцці: з мноства знаёмых, паплечнікаў нехта становіцца найбольш блізкім, нават сябрам — і гэтаму няма тлумачэння. Так было і на «Раці»: з вялікай колькасці акцёраў зблізіўся я з Алегам Яфрэмавым, па сёння тэлефаную Льву Дураву, а пасябраваў — з Казаковым.
Старэйшы за мяне, рашучы ў меркаваннях, парадаксальны ў поглядах на мастацтва, ён вабіў яшчэ й любоўю да джаза, сталічнай багемнасцю, безліччу знаёмстваў, якімі «адорваў» мяне. Дзеля ролі Джэка Бёрдэна ў «Раці» ён звольніўся з тэатра «Современник», і з лютага па кастрычнік мы кантактавалі амаль штодзённа. Яго прозвішча павінна было б стаяць у цітрах двойчы: як акцёра і як сарэжысёра «Усёй каралеўскай раці». Без кожнага з нас, стваральнікаў, і нават з іншымі артыстамі — знайшлі ж замену Луспякаеву! — фільм бы адбыўся. Не было б яго толькі без Міхаіла Казакова.
Заўсёды гаваркі, перапоўнены ідэямі і прыдумкамі, сеў неяк Міша грыміравацца маўклівы, нечым засмучоны — я тое заўважыў адразу, але дапытвацца не стаў. І ён неўзабаве адкрыўся:
— Ішоў выпадкова міма Тэатра імя Маякоўскага і ўбачыў: у гаспадарчым двары распілоўваюць рындзінскія дэкарацыі! Разумееш?
Канешне ж, я разумеў: размова ішла пра аздабленне славутага спектакля «Гамлет» у пастаноўцы Мікалая Ахлопкава, дзе малады Міхаіл Казакоў іграў галоўную ролю! У сярэдзіне 1950-х пастаноўка ўспрымалася як наватарскае слова на савецкай сцэне. Мінчукам пашанцавала: спектакль той Ахлопкаў прывёз да нас летам 1963-га. Тады толькі адзіная сцэна беларускай сталіцы — у Оперным тэатры — магла ўмясціць манументальныя, трохпавярховыя дэкарацыі мастака Вадзіма Рындзіна. Там спектакль ішоў амаль месяц. Праўда, Гамлета іграў Яўген Самойлаў — Міша ўжо перайшоў у «Современник».
Неяк стаў ён чытаць вершы, урыўкі з паэм — мне, аднаму. І доўжылася тое, мо, гадзіны чатыры — фантастыка! Значна пазней, пераключаючы тэлеканалы, убачыў яго з малодшымі дзеткамі Мішкам і Зояй — гэта імёны бацькоў Казакова — у дзіцячай перадачы «Добрай ночы, малыя!». Ледзь пачуў я «Три девицы под окном / Пряли поздно вечерком...», як, на ўсё забыўшыся, сеў ля экрана і праслухаў вядомую казку цалкам — такое выкананне, магія голасу, высокай думкі, слова!
Бачыліся мы ў кожны мой прыезд у Маскву, калі ён не быў на гастролях. Аднойчы сумна заўважыў:
— Вось памру — і няма каму будзе несці людзям са сцэны паэтычнае слова. Цяпер у вялікай Расіі ўсяго пяць артыстаў чытаюць вершы: Філіпенка, Ланавой, Дзямідава, Юрскі, я... Неяк прапанаваў Алегу Меньшыкаву (Казакоў «адкрыў» яго як кінаакцёра ў славутых «Пакроўскіх варотах»): давай, Алежка, перадам табе свой рэпертуар, навучу таму-сяму, як чытаць, як «браць» аўдыторыю. А ён у адказ: «Дзядзька Міша, а навошта мне тое? Я цяпер бяру круглую скрыначку з урыўкамі са сваіх фільмаў, еду на творчую сустрэчу, пляту байкі пра здымкі, пракруцяць стужачку — і атрымаю тыя ж грошы, што і вы, не знясільваючы сябе дзве з паловай гадзіны чытаннем вершаў на памяць». Во як... — і Казакоў нявесела ўздыхнуў.
Цяпер, пасля яго адыходу, дэкламатараў у вялікай Расіі засталося ўсяго чацвёра...
Улетку 1991 года ўпершыню пачуў ад яго пра Ізраіль. Запрасіў артыста на невялікую ролю ў сваім фільме, але пачуў:
— Дзякуй. Ды толькі не змагу: здымаю «Цень» па Шварцу. Нядаўна папрасіўся ў мяне ад’ехаць Косця Райкін (выконваў у фільме галоўную ролю), але я не дазволіў яму. А як жа цяпер сам да цябе адпраўлюся? Не. І потым... Ведаеш, Валодзя: я ад’язджаю назаўсёды ў Ізраіль. — Стаў жорстка аргументаваць прычыны — здавалася, пераконваў сам сябе.
Я спакойна выслухаў, потым заўважыў:
— Міша, ты тут Міхаіл Казакоў на адной шостай частцы зямнога шара: ставіш, іграеш, чытаеш, здымаеш — што хочаш. А едзеш у краіну, назву якой на мапе нават няма дзе напісаць: стаіць лічба «27», а ніжэй дробнымі літарамі тлумачэнне: «27 — Ізраіль».
Ён памаўчаў, потым сумна прамармытаў:
— Табе гэтага не зразумець. Бывай... («Прощай» сказаў па-руску, што гучала больш драматычна.)
Гады чатыры, пакуль быў ён на «зямлі абяцанай», не кантактавалі, толькі перадавалі адзін аднаму прывітанні праз тых, хто ездзіў туды-сюды. Вярнуўшыся, расказваў:
— Сыграў на іўрыце Трыгорына ў «Чайцы» — і так удала! Апладысменты пасля першай дзеі, воклічы! Сяджу ў антракце задаволены сабой у грымёрцы, смакую каву, люлечку пацягваю. Раптам уваходзіць касцюмерка з маім адзеннем на плечыках і з паважлівай усмешкай пра нешта пытаецца... А я гляджу на яе — і ані слоўца не разумею. Уяўляеш, Вовачка: ані хрэну!
Па вяртанні ён лёгка «ўпісаўся» ў свет расійскага мастацтва, ізноў ставіў, здымаў, рыхтаваў новыя праграмы вершаў — інакш кажучы, зноў стаў Казаковым на адной шостай зямной паверхні. Усе незалежныя краіны — былыя савецкія рэспублікі — былі яму рады!
Ажыццявіў мару: паставіў шасцісерыйны тэлефільм «Очарование зла» — выбітная праца! Хітраспляценні крывавых аперацый НКУС са складаным жыццём рускай эміграцыі ў 1920–1930 гадах. У фільме дзейнічалі рэальныя гістарычныя асобы: Марына Цвятаева, яе муж Сяргей Эфрон — савецкі агент, спявачка Надзея Плявіцкая, збеглыя расійскія генералы — і патрыёты, і правакатары. Як здаралася з усімі найбольш таленавітымі творамі, гэтую працу нейкі час трымалі «на паліцы». Урэшце па расійскіх каналах я паглядзеў фільм двойчы, кожны раз тэлефанаваў Мішу, віншаваў.
— Сволачы! — абураўся ён. — Даюць трансляцыю ўсюды, акрамя Масквы.
Не заўсёды над намі бясхмарны небасхіл. За тыдзень да пачатку здымак яго новы фільм закрылі. Сцэнарый ён напісаў разам з Маркам Разоўскім, сам павінен быў ставіць і, пэўна, намерваўся сыграць галоўную ролю — Саламона Міхоэлса. Ён ведаў пра гібель у Мінску славутага акцёра і грамадскага дзеяча, я абяцаў паказаць яму дом, дзе Міхоэлс вячэраў і адкуль яго выклікалі, месца, дзе раніцай знайшлі цела... Няздзейсненая задума, не будзе ўжо ніколі гэтага фільма.
А яшчэ больш драматычнае здарэнне адбылося з дэкарацыямі «Караля Ліра», які Міша паставіў ў Тэатры імя Массавета» і ў якім сам іграў галоўную ролю. Спектакль быў удалы. (Праўда, наш паплечнік па «Раці» Георгій Жжонаў, «дзядзька Жора» з таго ж тэатра, адазваўся пра спектакль досыць кіславата, але, думаю, сам меў намер сыграць тую ж ролю.) І вось аднойчы, у дзень спектакля, пасля ранішняй рэпетыцыі, калі ўстанавілі дэкарацыі і ўсе разышліся, незадоўга перад пачаткам усё манументальнае аздабленне «Ліра»... рухнула, абвалілася! Спектакль, вядома ж, знялі, закрылі.
— Гэта, Валодзя, быў нейкі злавесны знак... Хварэю. Зрок катастрафічна згасае — глаўкома. Гэта ў мяне спадчыннае: і ў бабулі тое было, і ў маці — памятаеш жа яе: заўсёды ў акулярах з тоўстымі шкельцамі хадзіла...
І зацягваўся, зацягваўся дымком з люлькі. Іх — і ў кватэры, і ў грымёрках — перад ім заўсёды было некалькі, «калекцыя». Шматгадовы стаж «смактання» люлькі, пэўна ж, сыграў злавесную ролю ў смяротным дыягназе...
Знаўца паэзіі, Казакоў у апошнія гады далучыў Іосіфа Бродскага да спіса паэтаў, чые творы выконваў са сцэны, — здавалася, ведаў усё да радка, што напісаў Нобелеўскі лаўрэат. Ды і вонкава з часам станавіўся вельмі падобным на Бродскага, асабліва калі нацягваў клятчастае кепі. Чытаў у кожным канцэрце:
Ни страны, ни погоста
Не хочу выбирать —
На Васильевский остров
Я приду умирать...
Так яднаўся ён, сам родам з Піцера, з паэтам-земляком Бродскім. Але не суджана ім абодвум ляжаць там. Міша (ён дзяліўся са мной) завяшчаў пакласці сябе побач з мамай Зояй — значыць, у Маскве. А Іосіф спачывае на венецыянскім востраве Сан-Мікеле, у адной зямлі з іншымі славутымі выгнаннікамі Расіі: Сяргеем Дзягілевым і Ігарам Стравінскім.
Увосень 2008-га, збіраючыся на адпачынак у Італію, спытаўся ў Казакова:
— Як на Сан-Мікеле трапіць, знайсці пахаванне Бродскага?
— А проста, — кажа, — там усюды ўказальнікі.
І сапраўды, на схеме выспы-могілак азначана ўсяго восем прозвішчаў сусветна славутых людзей, тры з іх — узгаданых «нашых»: арганізатар парыжскіх «Рускіх сезонаў» Сяргей Дзягілеў і вялікі кампазітар Ігар Стравінскі ў сектары «грэка-католіка», Бродскі — праз сцяну, у сектары «евангеліста».
Тэлефаную Казакову ў дзень ягонага нараджэння, віншую.
— Дзякуй, Валодзя, што не забыўся... Навум тэлефанаваў якраз перад табой — жыве наша «раць»! — Гэта пра Ардашнікава, сарэжысёра і аператара-пастаноўшчыка «Усёй каралеўскай раці». Запытаўся:
— Быў на Сан-Мікеле? Знайшоў?
— Так.
— Ад мяне Іосіфу пакланіўся?
Міша любіў Мінск — за апошняе дзесяцігоддзе выступаў тут чатыры разы: двойчы з «Канцэртам для голасу з саксафонам» (паводле Бродскага, разам з джазменам Ігарам Бутманам), з праграмай вершаў «Ад Цютчава да Бродскага» і апошні раз — за год да адлёту ў вечнасць, летась вясной — з антрэпрызным спектаклем «Каханне па сістэме Станіслаўскага»: ён сам яго паставіў і сыграў вядучую ролю.
14 красавіка 2010-га, сустрэўшы Казакова а 8-й раніцы на вакзале, я меркаваў, што цяпер адпраўлюся па сваіх справах, убачу яго ўжо на сцэне канцэртнай залы «Мінск» у спектаклі, пасля і пагутарым. Але ён уцягнуў мяне ў службовае аўто, павёз у гатэль, запрасіў на сняданак, а потым у свае пакоі. І — маналог на чатыры гадзіны. Неаднаразова я заклікаў яго адпачыць перад выступленнем.
— Не, пасядзі яшчэ. Вася Аксёнаў у непрытомнасці, Стасік Рассадзін вельмі хворы, не ходзіць... Няма сяброў...
Яму хацелася пагутарыць. Пераскокваючы, скардзіўся на цяжкасці жыцця, узгадваў бацькоў — маці Зою я добра памятаў, — жаліўся на страту зроку («у Амерыцы ўпаў у аркестравую яму — ключыцу зламаў, так у гіпсе і іграў»). Імкнучыся затрымаць мяне, прэзентаваў некалькі сваіх новых дыскаў: «Евангелле ад Майстра» (паводле Булгакава), «Чорныя блюзы» і «Мая Адэса» (продкі яго адтуль; у кампазіцыях ён і вершы чытаў, і спяваў), «Давід Самойлаў. У коле сябе», «Мой Гамлет» (урыўкі з фільмаў і спектакляў з удзелам Віторыа Гасмана, Пола Скофілда, Інакенція Смактуноўскага; чытаў за Гамлета, вядома ж, сам — і як чытаў!). Сектар «Казакоў» маёй калекцыі дыскаў CD i DVD значна папоўніўся. Быў ён стомлены — не фізічна, а, здавалася, увогуле жыццём.
— Спектакль «Каханне па сістэме Станіслаўскага» — па п’есе, якую сачыніла дзяўчына (яна і грае гераіню). Неблагая сітуацыя, нескладаная сцэнічна — вось і ўзяўся паставіць і сыграць, вечарам убачыш... Але, Валодзя, цяжка ўжо, цяжка...
Аднак на сцэне я бачыў ранейшага Казакова: энергічнага, іранічнага, які прагне апладысментаў. Здагадаўся захапіць на спектакль фотаапарат. За вячэрай ён ізноў шмат гаварыў, «узяў» больш за 350 грамаў гарэлкі — пазнаваў я зуха Мішу! Я для яго быў і ўдзячным слухачом, і даўнішнім прыхільнікам акцёрскага таленту, і сябрам з маладосці — з часоў «Усёй каралеўскай раці», яго зорнай ролі. Не думалася, што бразгаем чаркамі, фатаграфуемся разам, што слухаю і бачу Мішу ў апошні раз.
Увосень дайшла вестка, што ён у Ізраілі. Ведаю, што туды не збіраўся. Тэлефаную яго пятай жонцы (лепш ці горш, але я ведаў і ўсіх папярэдніх):
— Надзя, чаму ён там? Што за змена планаў?
— Сама не ведаю. Паехаў быццам у Амерыку на паэтычныя вечары, увесь багаж — адна чырвоная валіза. Ды Ганна яго туды заманіла! Баюся, што не вернецца...
Ганна — чацвёртая жонка Казакова, маці малодшых яго дзяцей Зоі і Мішы, стваральніца тэатральнай фірмы «Антрэпрыза Міхаіла Казакова», энергічны арганізатар, прадзюсар. Яна эксплуатавала пажылога артыста, але і давала яму зарабіць, арганізуючы гастролі па свеце.
У Мішы шмат кватэр па Маскве, дзе ён жыў у розныя часы. Але ў кожнай на сценах былі фота дарагіх яму людзей: бацькоў, Бродскага, Яўгена Шварца, Барыса Эйхенбаума, Віктара Някрасава, Давіда Самойлава, Пэна Уорэна — усе з аўтографамі. Тое адзінае, што ён браў з сабой у новае жыллё, у жыццё з новай жонкай, лічыў самым дарагім.
Што з яго дыярыушамі, якія вёў дзесяцігоддзямі? З архівам? З гэтымі фотарэліквіямі? Тэлефонны аўтаадказчык на 3-й Самацечнай раіць голасам Надзі: «Пакіньце свой нумар, вам перазвоняць». Ніхто не перазвоньвае. Думаю, ідзе цяжба за гэтую аднапакаёвую кватэру ў цэнтры Масквы, на якую «паклалі вока» і Надзя, і Ганна: патрэбны грошы, каб вучыць падрослых дзяцей.
Пачынаючы з сёлетніх навагодніх святаў, кожную дэкаду, а то і кожны тыдзень размаўляў з Кірылам, старэйшым сынам (ад першай жонкі Грэты), вельмі падобным на Мішу. Ён мяне супакойваў: становішча бацькі стабільна цяжкае, але той радаваўся маім прывітанням і добрым пажаданням, якія Кірыл спраўна перадаваў у Ізраіль.
З 1971-га мы з Мішам абавязкова перазвоньваліся штогод 17 красавіка, у дзень смерці Пашы Луспякаева, на абодвух канцах проваду ўзнімалі памінальныя келіхі ў памяць вялікага артыста, якога менавіта Казакоў прывёў на галоўную ролю ў «Раць». І вось так сталася, што і Міша пайшоў у красавіку — праз 41 год і пяць дзён пасля Пашы. І яшчэ: бацька яго, Міхаіл Эмануілавіч, вядомы да вайны пісьменнік, — габрэй, а маці, Зоя Аляксандраўна, — руская. Гэтая сумесь крывей неяк сімвалічна пазначыла дзень смерці Міхаіла Казакова — 22 красавіка: адразу пасля габрэйскага Пэйсаху (18-га) і непасрэдна перад хрысціянскім Вялікаднем (24-га).
Засталося ў мяне шмат яго і нашых сумесных фота, безліч успамінаў. Буду выклікаць іх усе наступныя гады, да скону.
...І ў заключэнне пра цуд: праз 28 гадоў пасля «Усёй каралеўскай раці» наша творчае аб’яднанне «Тэлефільм» стварыла 33-серыйную гістарычную драму «Пракляты ўтульны дом», дзе быў выкарыстаны вялікі вытворчы вопыт ранейшай пастаноўкі. Цуд на тое і цуд: калі ён і паўтараецца, дык вельмі рэдка і не хутка. Чакаем...
Уладзімір Арлоў