Увесь гэты джаз
Да 7 лістапада 1938 года на рагу вуліц Валадарскага і Кірава адкрылася лепшая ў даваенным Мінску гасцініца «Белорусь» (менавіта так пісалася назва). Папярэднія месяцы будаўніцтва ішло, як тады казалі, ударнымі тэмпамі. Спяшаліся ўсе: і архітэктар Войнаў, і інжынер Златкіш, і сотні рабочых, якія ў тры змены завіхаліся на аб’екце. У паветры адчувалася набліжэнне вайны — пакуль яшчэ не Вялікай Айчыннай, а Другой сусветнай. І вайна не прымусіла сябе чакаць: 1 верасня 1939 года нямецкія войскі ўварваліся ў Польшчу.
У нумарах новай гасцініцы пасяліліся польскія музыкі-яўрэі, што ўцяклі ад падрыхтаванай ім фашыстамі Трэблінкі. З ліку ўцекачоў быў створаны Дзяржаўны джаз-аркестр БССР. Ягоны кіраўнік — кампазітар Ежы Пецярсбурскі. На момант з’яўлення ў Мінску ён паспеў зрабіцца вядомым дзякуючы двум танга: «О, донна Клара» і «Утомлённое солнце»
Красавіцкім вечарам 1940 года ў сваім гатэльным нумары кампазітар сачыніў мелодыю, якой было наканавана зрабіцца адной з самых папулярных песень свайго часу. Праз два месяцы Пецярсбурскі паказаў яе падчас канцэрта «Блакітнага джаза» ў маскоўскім садзе «Эрмітаж», і паэт Якаў Галіцкі імгненна, «на каленцы», прыдумаў для яе словы:
Синенький скромный платочек
Падал с опущенных плеч.
Ты говорила, что не забудешь
Ласковых радостных встреч.
Ужо праз два дні песню выканаў саліст ансамбля Станіслаў Ландау. Ён кепска прамаўляў па-руску і спяваў са смешным і кранальным акцэнтам. Магчыма, менавіта гэты акцэнт дадаваў няхітрым словам пяшчоты і глыбіні. Бліжэй да канца года кампазіцыю ўключылі ў рэпертуар найбольш яркія зоркі эстрады таго часу: Лідзія Русланава, Міхаіл Гаркаві, Вадзім Козін, Ізабэла Юр’ева. А ў 1942 годзе яе пачала выконваць славутая Клаўдзія Шульжэнка. Праўда, ужо з «ваенным» тэкстам — нязначныя праўкі лейтэнанта Міхаіла Максімава:
Строчит пулеметчик
За синий платочек,
Что был на плечах дорогих!
«Синий платочек» варта было б занесці ў Кнігу рэкордаў Гінеса! Таму што існуе каля сотні варыянтаў тэкстаў да вальса Ежы Пецярсбурскага: «тылавы», «лагерны», «беспрытульны»... Аднак найбольш вядомы напісаў кіеўлянін Барыс Коўнеў у першыя дні вайны:
Двадцать второго июня
Ровно в четыре часа
Киев бомбили,
Нам объявили,
Что началася война.
«Синий платочек» — першая і, магчыма, адзіная лірычная песня, якая сваім ціхім смуткам заглушыла бравурныя ваенныя маршы. Кажуць, калі яна гучала з савецкіх акопаў, немцы спынялі страляніну: у іх дома таксама заставаліся нявесты і жонкі.
І тут можна было б і скончыць расповед пра песню, напісаную ў мінскім гатэлі, і пра мемарыяльную шыльду, якой на сцяне гэтага гатэля гэтак не хапае. Калі б не гісторыя, што адбылася ў Маскве 29 кастрычніка 1975 года. Вечарам таго дня ў канцэртнай зале «Расія» выступала англійская поп-група «Dooley Family».
Прымалі музыкаў надзвычай узнёсла: нікому не вядомы на радзіме ансамбль быў «першай ластаўкай» з Захаду, якая прарвала «жалезную заслону».
І заспяваў... «Синий платочек»!
Стэнлі Лаўдэн быў вядомым авантурыстам. Напрыканцы 1950-х ён мог стаць прадзюсарам «The Beatles», аднак палічыў хлопцаў недастаткова таленавітымі. Што, аднак, не зашкодзіла яму ў 1964 годзе прыехаць у Маскву з мэтай разведаць магчымасць арганізацыі канцэрта «ліверпульскай чацвёркі». Лаўдэн працаваў на радыёстанцыі ВВС, якая лічылася варожай, але пры гэтым быў «сваім чалавекам» у дырэкцыі Дзяржканцэрта СССР.
Нарэшце, у 1970-х ён пазнаёміўся і пасябраваў з Галінай Брэжневай, а ў канцы 1980-х зрабіў яе адной з гераінь сваёй нашумелай кнігі «Чырвоныя брыльянты для Галіны». Многія лічылі, што ён супрацоўнічаў з КДБ, і мала хто ведаў пра ягонае мінулае. Затое ўсе былі абазнаныя ў тым, якія ён меў здольнасці выдумляць сабе жыццё.
Аднак у той кастрычніцкі вечар 1975 года Стэнлі Лаўдэн амаль не хлусіў. Ён насамрэч удзельнічаў у стварэнні «Синего платочка». Як мінімум у якасці першага выканаўцы песні! Трапіўшы ў сталінскія лагеры і ўцёкшы з іх, Станіслаў Ландау запісаўся добраахвотнікам у армію генерала Андэрса, прайшоў праз мясарубку Монтэ-Касіна, трапіў у Лондан і ператварыўся там у Стэнлі Лаўдэна... Ён так і не здолеў прывезці «The Beatles» у Маскву. Аднак менавіта ён быў арганізатарам першых канцэртаў заходніх поп-зорак у СССР.
Замест заканчэння
Ежы Пецярсбурскі вярнуўся ў Варшаву толькі ў 1967 годзе. У часы «Салідарнасці» ягоную музыку амаль не выконвалі: прычынай быў той самы «Синий платочек». Польскім змагарам з Саветамі быў непатрэбны кампазітар, які напісаў песню, што карысталася такой любоўю ў чырвонаармейцаў. Менавіта тады была прыдумана «англійская» версія ўзнікнення «Синего платочка». Галоўнай дзейнай асобай у ёй і зрабіўся Стэнлі Лаўдэн.
Сёння аніводнага з удзельнікаў тых падзей даўно няма ў жывых. Хіба толькі… мінскі гатэль «Белорусь», які на некалькі месяцаў даў прытулак музыкантам, што збеглі з ваеннай Польшчы. Толькі цяпер ён завецца «Crowne Plaza»...
Міхаіл Валодзін, пісьменнік і журналіст, у 2014 годзе выдаў кнігу «Минские историйки», вынаходліва ілюстраваную мастаком Сяргеем Стальмашонкам, якая складаецца з артыкулаў, прысвечаных розным месцам беларускай сталіцы. Пра значнасць гэтага выдання сведчыць той факт, што аўтар атрымаў 7 тысяч водгукаў чытачоў. Далёка не ўсе гісторыйкі ўвайшлі ў томік. Многія з іх Міхаіл Валодзін змясціў у Інтэрнэце. Адну з гісторыек мы перадрукоўваем са згоды аўтара, які плануе выданне другой кнігі з новымі аповедамі.
Міхаіл ВАЛОДЗІН