Але тэатр ёсць мастацтва адлюстроўваць жыццё». І натуральна, каб названы конкурс адлюстроўваў тэатральнае жыццё нашай краіны: дваццаці васьмі тэатраў — наўпрост ці апасродкавана падпарадкаваных Міністэрству культуры, аднаго — Міністэрству абароны, а таксама тэатраў антрэпрызных, чыя колькасць вагаецца паміж зарэгістраванымі ды дзеючымі. Каб запанавала логіка, дырэктар Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Палякоў, які не аднойчы кіраваў конкурснымі мерапрыемствамі, прапанаваў разабрацца з Палажэннем — ажно да таго, што грошы з фонду пераможцаў выдаткаваць на больш якасную арганізацыю самога конкурсу. Бо колькасць тых грошай зусім не зайздросная.
Наймацнейшыя агульныя нараканні выклікала праца тых, хто адбіраў спектаклі для ўдзелу, — перадусім завядзёнка праглядаць творы ў запісе (часцяком — пункцірам) і асабістыя ўпадабанні. Псаваў справу і правінцыйны снабізм: паводле Віталя Катавіцкага, ён таксама замінае вызначыцца і рэжысёрам-пачаткоўцам — з кар’ерай, асабістай адметнасцю, узроўнем запатрабаванняў. А калі да жыццёвых скрутаў дадаецца немагчымасць прафесійна вылучыцца, рэжысёрскія кадры, гадаваныя-пешчаныя не адзін год, распускаюцца, як заечае сала ў казцы, разам з навюткім дыпломам. Конкурс Нацыянальнай тэатральнай прэміі мог бы прадугледзець адмысловую праверку моладзевай амбітнасці, адначасова паспрыяўшы кадравай стабільнасці.
Самае падтрыманае меркаванне выказаў старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў Рычард Смольскі — пра ўтварэнне пастаяннай дырэкцыі конкурсу, якая мусіць шчыраваць і над развіццём дзяржаўна-прыватнага партнёрства, і над скліканнем Форуму дзеячаў сцэнічнага мастацтва (для творчых, эканамічных і арганізацыйных рахаванняў), і над выданнем штогадовага тэатральнага альманаха на базе нашага часопіса. Найбольш рэвалюцыйная думка таксама належыць прафесару
Смольскаму. Падзяліць конкурс па відах тэатральнага мастацт-
ва: каб замацаваць панаванне логікі, пастаноўкі музычных тэатраў, тэатраў лялек і тэатраў драматычных мусяць спаборнічаць паасобку. Да ўсяго — вярнуць скарочаныя намінацыіі і дадаць іншыя. За скасаванне намінацыі «Лепшы дзіцячы спектакль» выказалася крытык Людміла Грамыка: вызваленае месца больш упасуе намінацыі «Лепшы камерны спектакль» для моладзевай і сталай аўдыторыі. Ну... прастуючы ў маладосць пакуль не выпадае абмінуць дзяцінства. Выявілася, конкурс лагічна падштурхоўвае да распрацоўкі закону «Аб тэатральна-відовішчных прадпрыемствах», а «Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры» яго наўпрост вымагае. Ды так, што адзінай відавочнай перспектывай паўстае лагічная.