«Першы» — назва сімвалічная. Не толькі таму, што гаворка ідзе пра першыя ўспаміны і першы жыццёвы досвед. Для тэатра і асабіста для рэжысёра Рамана Падалякі пастаноўка сталася першым заходам на тэрыторыю дакументальнага тэатра. Менавіта «заходам на тэрыторыю». У афішы спектакль пазначаны як «вербацім», але падобнае жанравае вызначэнне з’яўляецца больш як адвольным, пра што напярэдадні прэм’еры казаў і сам рэжысёр. У «Першым» не вытрыманы правілы — ні збору матэрыялу, ні яго апрацоўкі, ні яго прэзентацыі, аднак паўстаў спектакль з рэальных гісторый-успамінаў, якія дасылалі ў Купалаўскі адмыслова для праекта, ды асабістых згадак занятых у ім артыстаў (Валянціны Гарцуевай, Крысціны Дробыш, Івана Кушнерука і Паўла Астравуха). У «дакументальную п’есу» матэрыял перапрацавалі Раман Падаляка і Міхась Зуй, адбіраючы і кампануючы ў адзіны тэкст тыя гісторыі, што ўкладаліся ў канцэпцыю пастаноўкі. Яе вельмі дакладна абазначылі рэжысёр і мастачка Таня Дзівакова: наша «я» закладаецца ў дзяцінстве, таму досвед гэтага перыяду вызначае чалавека, яго светаўспрыманне і далейшае жыццё. Гэтая ідэя абазначаецца недвухсэнсоўна: акцёры агучваюць успаміны першых гадоў жыцця і перадаюць адно аднаму вялікую неонавую літару Я.
Гісторыі, што распавядаюць героі, складаюцца ў своеасаблівыя блокі: першае каханне, першыя сябры — любімыя цацкі, першая сустрэча з морам, першае сутыкненне з фізічным гвалтам... Вялізны блок гісторый утвараюць успаміны, звязаныя з дзіцячым садком. Яны ўвогуле маглі б стаць асновай для асобнага спектакля і, па шчырасці, часам яго нагадваюць, бо вылучаюцца сярод іншых, досыць індывідуальных успамінаў, сваёй універсальнасцю, «падзяляюцца» ўсімі гледачамі і акцёрамі, якія пачынаюць гуляць у дзіцячы садок літаральна. Думаю, не будзе памылкай сказаць, што многія ў глядзельні прыгадалі-пазналі сюжэт з нясмачнымі рыбнымі катлетамі ды крыклівую выхавацельку, гратэскава ўвасобленую Валянцінай Гарцуевай, адгукнуліся смехам на знаёмыя фразы кшталу «Пакуль не з’ясі — з-за стала не пойдзеш» ды пагрозы намазаць вочы клеем тым, хто не спіць. Нарэшце, менавіта «дзетсадаўскія» сцэны становяцца самымі яскравымі ў пастаноўцы: напрыклад, планаванне ўцёкаў з садка, калі чырвоныя фартушкі раптоўна ператвараюцца ў сцягі рэвалюцыі малалетніх бунтаўнікоў. Сваёй вынаходлівасцю і гумарам яны нават засланяюць найбольш шчымлівыя фрагменты спектакля. Спалучэнне вельмі асабістых гісторый з успамінамі, якія рэпрэзентуюць, так бы мовіць, калектыўны досвед, можна назваць досыць спрэчным, бо парушаецца аднароднасць, вытрыманасць пастаноўкі, аднак менавіта ў ім — своеасаблівасць і нават пэўная каштоўнасць «Першага».
Спектакль Рамана Падалякі, як падаецца, стаўся работай, дзе праз асабісты досвед усведамляецца цэлы свет, а ў мікрагісторыях адкрываецца макракосм грамадства. «Першы», безумоўна, пра дзяцінства: ён агортвае гледача ягонай атмасферай, якая перадусім ствараецца сцэнаграфіяй Тані Дзіваковай, яркімі лакальнымі колерамі аб’ектаў, што фармуюць аскетычны прадметны свет пляцоўкі, заўжды элегантнымі касцюмамі, чые фасоны, калі б змяніць «дарослы» чорны колер на светлыя тоны, пасавалі б і дзеткам, дзесьці пранізлівымі, дзесьці смешнымі згадкамі, якія не транслюцца, а, хутчэй, пражываюцца артыстамі. Нягледзячы на тое, што асобныя кавалкі насамрэч драматычныя (бацькі аддаюць дзяцей у інтэрнат, маці збівае дзяўчынку), у Рамана Падалякі атрымліваецца вельмі цёплы, лёгкі, мажорны па гучанні спектакль з пэўным тэрапеўтычным эфектам, пасля якога хочацца абняць сваіх дзяцей, бацькоў альбо ўлюбёную дзіцячую цацку, асабліва калі яна падобная да тых, што адмыслова стварыла для спектакля Таня Дзівакова. Аднак гэтая лёгкасць мае падвойнае дно — да яго сягае красамоўная сцэна «сядзення на гаршках», падобная да сеанса групавой тэрапіі, падчас якой дарослыя людзі месцяцца на маленькія пасудзінкі і ўзгадваюць, як бацькі, бессаромна парушаючы інтымнасць, не проста назіралі за фізіялагічным актам, а нават фатаграфавалі дзіця ў гэты час. Камічны эфект сцэны ўражвае, аднак, па сутнасці, адлюстраваныя падзеі сведчаць, што парушэнне асабістых межаў чалавека адбываецца з самага дзяцінства і лічыцца ў грамадстве нормай.
Многія аповеды, выкарыстаныя ў спектаклі Рамана Падалякі, так ці іначай гуртуюцца, збіраюцца ў нейкі калектыўны ўспамін дысцыплінавання, гвалту і табу, з якім даводзіцца сутыкацца з маленства, бо ўжо ў садку дзяцей прымушаюць есці-спаць-гуляць па раскладзе, дамагаючыся паслухмянасці праз запалохванне. Такая мадэль узнаўляецца і сацыяльнымі інстытуцыямі, і бацькамі, што не ведаюць іншых патэрнаў паводзін, бо перажылі рыхтык тое самае. Вельмі выразна гэтая тэма гучыць у гісторыі хлопчыка (Іван Кушнярук), якога бацькі прымушаюць выкінуць на сметнік усе цацкі, «бо ён ужо дарослы», а таксама дзяўчынкі (Крысціна Дробыш), што ўзнімае тэму сэксу: вядома, для дзяцей яна табуяваная, і артыстку... проста замыкаюць у куфры.
Цягам дзеяння на праекцыйным экране з’яўляюцца фотаздымкі дзяцей, потым выканаўцаў — усе мы некалі былі малымі, усе малыя некалі стануць дарослымі... У фінале дэманструюць пустыя кадры, быццам рыхтуючы месца для фота найноўшых пакаленняў, якім, магчыма, таксама наканавана падоўжыць бясконцы ланцуг ахвяр гвалту і абмежаванняў. А вось калі пасля прагляду «Першага» хоць бы для свайго дзіцяці нехта паспрабуе гэты славуты ланцуг парваць-пасекчы, зрабіць так, каб згадкі дзяцінства ззялі радасцю адкрыццяў і спазнаванняў, гэта, напэўна, будзе самай вялікай удачай стваральнікаў спектакля.
Кацярына Яроміна