Адкрыў фэст спектакль «Сымон-музыка» Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа ў пастаноўцы Міхаіла Краснабаева. Твор, любімы кожным беларусам, вабіць вядомым паэтычным тэкстам, дзейнымі асобамі ды апавядае пра вялікі сэнс чалавечага існавання. Няпросты шлях выпадае Сымону-музыку — Дзмітрыю Каваленку. Вобраз, створаны акцёрам, мае непасрэднае дачыненне да тэатра сімвалісцкага. Ён існуе ў амаль бясконцай, ірэальнай прасторы, зробленай мастачкай Святланай Макаранка, і з’яўляецца ўвасабленнем яркай асобы, таленту, якога не прызнае пасрэднае атачэнне. Шматфарбная прастора мяняецца цягам усяго сцэнічнага дзеяння дзякуючы праекцыйнай і светлавой дэкарацыям. У асобных мізансцэнах святло вырашае і свядома падкрэслівае ўнутраны эмацыйны стан персанажа. Выразныя вобразы-сімвалы Старога, Курылы, Жабрака і Дзеда Данілы стварае Тадэвуш Кокштыс. Амаль увесь час артыст працуе на першым плане і на авансцэне, імгненна пераўвасабляючыся ў канкрэтнага персанажа, што мае сваю выключную значнасць. Няпростым жанрам паэтычнага тэатра Коласаўскі выпрабаваў усю сваю таленавітую трупу.
У намінацыях «Лепшы спектакль» і «Лепшая п’еса беларускага драматурга» адзначаныя пастаноўка «Тата, ты мяне любіў?» Кіеўскага акадэмічнага тэатра «Залатыя вароты» і яе драматург — Дзмітрый Багаслаўскі. Рэжысёр, аўтар прасторы і светлавой канцэпцыі — Стас Жыркоў. У гэтым адзінстве закладзеныя канцэптуальнасць і выключнасць пастаноўкі. Паводле сваёй каларыстычнай гамы спектакль нешматфарбны, пераважнымі робяцца белы і чорны колеры. Але па насычанасці пачуццяў ён надзвычай яркі і ўзрушальны. Мізансцэны паточыста перацякаюць адна ў адну, дзе-нідзе прачытваюцца ледзь не чэхаўскія матывы разам з фантазіямі і галюцынацыямі персанажаў. Выканаўцы — Антон Салавей, Віталіна Бібліў, Ірына Ткачэнка і Лілія Цвелікава — дэманструюць выдатную ўкраінскую школу акцёрскага майстэрства. Сцэнічная прастора, у якой існуюць персанажы, уяўляе з сябе тэрыторыю ўспамінаў, сноў, перажыванняў галоўнага героя Аляксандра, шчырага і эмацыйнага ў выкананні акцёра Рамана Ясіноўскага. Разам з героем Аляксандра Ярэмы, Бацькам («Лепшая мужчынская роля другога плану»), яны сапраўды родныя па светаадчуванні і невыпадкова даносяць да гледача звычайную ісціну пра тое, як моцна мы, жывыя людзі, вымагаем цеплыні і любові.
Спектакль «Сірожа» Юліі Чарняўскай Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева адзначаны ў намінацыі «За лепшую рэжысуру». Магчыма, ён мог бы займець і прыз глядацкіх сімпатый, таму што, як ніякі іншы на фестывалі, атрымаў магутную хвалю прызнання глядзельні пад дваццаціхвілінныя апладысменты. Жанр вызначаны як «жыццё ў дзвюх дзеях» — маладосці і сталасці цэлага пакалення. На 70-я гады мінулага стагоддзя прыпала юнацтва персанажаў. У канкрэтным прадметным свеце і з незласлівай іроніяй мастак Юрый Саламонаў прадставіў тымчасовы студэнцкі інтэрнат з жалезнымі ложкамі, вялікім сталом, рукамыйнікам, прыладжаным да абшарпанай сцяны. Менавіта гэтае няўтульнае памяшканне пракаўтнула лепшую (хоць сабе й цяжкую, нават трагічную) часіну жыцця тых, каго выпісала Юлія Чарняўская. Час ад часу месца дзеяння дапаўняе візуальны шэраг (эмацыйна і гучна) у праекцыі над агульнай дэкарацыяй — на ім зафіксаваныя значныя грамадскія падзеі XX стагоддзя. Абазначаныя сэнсавыя лініі далікатна і дакладна знітаваны рэжысёрам, няма адчування іх зацягнутасці альбо непатрэбнасці. Такім чынам, прастора спектакля выходзіць далёка за межы звычайнага пакоя. Ствараецца маштабнае палатно, непарыўным цэлым уяўляюцца і той няпросты час, і лёсы герояў. Бясспрэчна, названая эпоха надзвычай дарагая для рэжысёра і драматургіні, не толькі пражытая абодвума, але і таленавіта ўвасобленая Аляксандрам Гарцуевым. Пабудова мізансцэн вызначаецца дакладнасцю, нават строгасцю, адметна працуе акцёрскі ансамбль, цікавы і яркі. Вакол наіўнага і кранальнага (на першы погляд) Сірожы Бабіча, чыю ролю выразна выконвае Максім Брагінец, віруе дзеянне. Герой атрымлівае жорсткія ўрокі жыцця ад сваіх раўналеткаў і робіць цвёрдыя высновы на будучае. Па волі абставін з ім звяжа свой лёс смелая і прыгожая Дзіна — Ганна Семяняка, чыё выкананне поўніцца не толькі мяккім лірычным, але і праўдзіва драматычным гучаннем. Актрысе ўласцівыя амаль імгненныя пераўтварэнні вонкавага малюнка ролі і адначасова далікатная душэўная перабудова персанажа, за што яе адзначылі ў намінацыі «Лепшая жаночая роля».
«Гэтамы» па кнізе Андруся Горвата «Радзіва "Прудок"» у рэжысуры Стаса Жыркова стаў адным з фестывальных адкрыццяў. Дыпломам журы адзначаны яркі акцёрскі ансамбль, а таксама прадзюсарка Незалежнага тэатральнага праекта Марына Дашук — «за таленавітае прадзюсаванне». Не застаўся без увагі і спектакль «Ляцелі арэлі» Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра. Іранічна-сумная п’еса Канстанціна Сцешыка знаходзіць дакладнае візуальнае адлюстраванне ў строга выбудаванай сцэнаграфіі Юрыя Саламонава. Свет герояў пастаноўкі Дзяніса Паршына — гэта свет ілюзій, жудасных сноў, у якіх паўстае невыноснае звычайнае жыццё. Кожны з персанажаў разгадвае і імкнецца прыняць і нават палюбіць рэальнасць такой, якая яна ёсць. Асаблівая нагрузка ў гэтых намаганнях ускладзеная на Стаса ў выкананні Дзмітрыя Попчанкі, адзначанага ў намінацыі «Лепшая мужчынская роля». Ліза Астрахава, што ўвасабляе ў спектаклі Яну, Маму, Ксенію і Медсястру, мае намінацыю «Лепшая жаночая роля другога плану».
У творчай лабараторыі найбольшую прыкметнасць набыла работа Грузінскага драматычнага тэатра «Ты знойдзеш Алісу пад старым снегам» паводле п’есы Алены Іванюшанка. Незвычайная форма спектакля зрабілася ягоным зместам. Няўтульнасць пляцоўкі, хісткасць і няўстойлівасць прадметаў сімвалізавалі крохкасць чалавечага жыцця і чалавечых узаемаадносін, а праз выкарыстанне сучасных тэхналогій у пабудове сцэнічнай прасторы тэатр давёў паралельнае існаванне рэальнага і ілюзорнага.
Вераніка Ярмалінская