Выйшаў у сціснутым, пасечаным выглядзе, перадусім сцэнаграфічна. Чужая пляцоўка (крэслы ў зале, заслона з падугамі і драпіроўкі — зялёнага колеру з ухілам у балота) уяўляе з сябе штучнае асяроддзе для прыхільнікаў, мовім так, асэнсаванага сезоннага адпачынку (зважце — не сцвярджаю, што інтэлектуальнага). Падпарадкуючыся модзе і магчымасці гуртавацца-грамадаваць, яны бяруць чынны ўдзел у аматарскай пастаноўцы. З цягання бутафорскага бярвення пачынаецца дзеянне (чытайце — арганізацыя сцэнічнай прасторы) — збіраюць дэкарацыю пад надглядам пастаноўшчыка Мікалая Пятровіча Замыслава. З дачнымі адпачыванцамі ён грунтоўна, сур’ёзна ўвасабляе п’есу «Дзівакі». (І гэта не ход, не сюжэт у сюжэце, хутчэй свайго роду пасхалка, прыемнасць для заўзятых тэатралаў — у 2003 годзе гэтая не вельмі папулярная п’еса Максіма Горкага пастаўлена рэжысёркаю Валянцінай Ераньковай з Сяргеем Чэкерэсам у ролі Канстанціна Мастакова; у «Дачніках» ён выконвае ролю Сяргея Васільевіча Басава.) Трактаванне Ераньковай і выкананне Аляксея Качана вылучаюць уменне Замыслава, чалавека мастацтва, прыстасоўвацца і карыстацца выпадкам, спакваля ўзбуйняюць ягоную махлярскую сутнасць да жорсткай і па-свойму мярзотнай. Замыслаў — шчаслівы гулец (у карты). Гэтаксама ў лёсу ён «выігрывае» свой дачны статус творцы (пра ягоную прафесію гаворка не ідзе) і Юлію Піліпаўну, жонку пры мужы, але «да асобы чалавека ставіцца без аніякай павагі», і гэтае стаўленне рэжысёрка закладае ў падмурак яе суіцыднага настрою.
Аднак публіка прагне забаў ды рыбалкі. Таму на рэпетыцыі збіраецца лянотна, роляў не вучыць, аддае перавагу гулікам і бясконца, аддана, са смакам і веданнем справы фліртуе або высвятляе дачыненні (чым спрыяе добра ўсвядоміць стасункі ды статусы). Гаротны раяль (ён не жартам выносіцца з кустоў)! На ім сервіруюць гарбату ды закускі, чытаюць вершы і нават пажадліва распранаюць адно аднаго. Вядуць рэй разняволенасць і лайдацтва, хіба з пакаёўкі Сашы (Таццяна Кухто) штораз вымагаюць чарговы самавар ды мясцовы вартаўнік-прыбіральшчык (Аляксандр Стасевіч) моўчкі збірае панскае смецце. Пад фінал, калі цярпенне скончыцца, хлопец прамовіць свой класавы прысуд, дужа актуальны па змесце, маўляў, гэтыя дачнікі «...з’явяцца, насмецяць на зямлі — і няма іх»...
Лецішчы — збудаванні прыватныя, часцяком шчыльна абгароджаныя, на замках і засаўках. Іх агульная асаблівая прыкмета — паркан альбо плот, які Ала Сарокіна зрабіла іранічнай умовай адасаблення і адначасова зручнага назірання ўсіх за ўсімі, вольнага або мусовага, гэткай умоўна асабістай прасторай, дзе сакрэты і таямніцы як на далоні. Колькі тых разоў мільгануць на сцэне дзірава-шчалястыя адметнасці паркану, але настолькі трапна адаб’юцца ў эмацыйнай памяці глядзельні, што вызначаць сцежкі, паўстануць на варце мілых суседскіх сустрэч, а лаўцы, раялю і авансцэне паспрыяюць ператварыцца ў сапраўдныя назіральныя пункты: накрэсляць існы вобраз спектакля, які мусіць канчаткова спраўдзіцца на стацыянарнай сцэне. Моцным кантрастам дачнаму асяродку пастаноўшчыкі робяць сцэну ва ўлонні прыроды, дзе на пікніку супольнікі крыху адцягваюцца ад плётак ды пераследаў, нават ненадоўга задзіночваюцца ў справе (трэба веславаць) — мужчыны падымаюць макет лодкі і прыгожа, паточыста выносяць яе за кулісы. Тамсама ці не кожны персанаж уражвае раптоўнай шчырасцю на самыя розныя густы і самых розных гатункаў, высвятляюцца матывы ўчынкаў, рысы характараў, тыпы інтрыг (гэткі дынамічны выбух разнастайнасці грамады).
Валянціна Еранькова грунтоўна пераніцавала (месцамі скараціла) тэкст савецкага класіка, перакампанавала парадак сцэн і эпізодаў, знайшла актуальныя сэнсы ў рэпліках узору 1904 года і здолела не жартам зацікавіць глядзельню персанажамі першай рускай рэвалюцыі на адпачынку. Час-почас відовішча наведваюць прывіды гратэску, праявы сарказму і бляск іроніі, нават жанр вызначаны як «драма, у якой ніхто не памёр».
Наследуючы драматургу, рэжысёрка пільнуе, каб не запанавала аднастайнасць, паўтараюцца толькі кепікі з марных намаганняў аб’яднацца хоць бы праз аматарскі спектакль. Стырнуе культура: чытае вершы Калерыя, іграе на раялі Замыслаў, падкрэслена старанна сядзіць з кніжкамі Варвара Міхайлаўна, не грэбуе літаратурай-драматургіяй-паэзіяй Юлія Піліпаўна. Мар’я Львоўна энергічным намаганнем выканаўцы Насты Шпакоўскай апавядае пра новыя каштоўнасці, матывы, стымулы... Усё гэта збіраецца так відавочна, так падкрэслена, што можна цытаваць меркаванні Бадрыяра пра пост-
мадэрн альбо своечасова згадаць, як першым рускім постмадэрністам Дзмітрый Быкаў (пісьменнік і літаратурны крытык) назваў менавіта Максіма Горкага. Валянціна Еранькова старанна ўнікае памінання пра гэты ўсюдыісны панятак, але балбатлівыя горкаўскія персанажы апавядаюць пра «цяжкое, гнятлівае пачуццё адказнасці перад дзецьмі», пра жыццё, якое «дадзена чалавеку для штодзённага вырашэння сацыяльных, маральных і іншых задач», пакуль Замыслаў даводзіць, што жыццё — гэта мастацтва «знаходзіць ва ўсім прыгажосць і радасць, нават мастацтва есці ды піць». Асабліва есці ды піць. Яшчэ трошкі (а гэта «На дне», «Васа Жалязнова», «Ворагі», «Дзеці сонца») — і можна будзе дачуць пра абнаўленне чалавецтва, абмежаванне ягонага жывёльнага эгаізму і шмат падобнага, што паўтараецца сёння і гучыць ужо як цытаты з Ніцшэ. Але ў «Дачніках» спадарства адпачывае. П’еса выглядае расцягнутай, перанасычанай другараднымі лініямі ды размовамі. Іншая рэч — спектакль. Шматфігурная сцэнічная кампазіцыя то збіраецца, то раскідаецца, так што за прыгожым кружляннем па наваколлі з адпаведнымі мэтамі робіцца зразумелым: гісторыя паўтараецца. Спадарам папросту няма калі і няма як... жыць. Па-за рэпетыцыямі ніхто нікуды не спяшаецца, і штораз толькі з’яўленне Замыслава ненадоўга паскарае грамадскую думку і шпацыр: каб падрыхтавацца да жыцця, трэба рэпеціраваць... Замест таго каб рапараваць дзіравы плот, яны гуляюць у тэатр з паперкамі роляў у руках — бо ролі на памяць... цяжка.
А жыццё (рэчаіснасць) нагадвае пра сябе зборамі грошай на дзіцячую калонію (і толькі доктару Дудакову, якога Аляксандр Палазкоў робіць смешным, знерваваным і вельмі стомленым, сорамна, што ён за справамі не наведвае дзяцей), руплівым прыбіраннем смецця, нездаволенасцю маладога Уласа (брата Варвары Міхайлаўны), які мусіць разбіраць скаргі. За асабістым абаяннем Сяргея Чэкерэса хаваецца дыхтоўнае, вытанчанае, артыстычнае махлярства ягонага персанажа Сяргея Басава — веданне гэтага даецца ўскосна, з меркаванняў дачнікаў, нават род ягоных заняткаў (і, адпаведна, нейкага круцельства з Замыславым, пасля якога «ўжо ніхто не назаве іх прыстойнымі людзьмі») не паведамляецца. Драматург Горкі вельмі сімпатызуе ягонай учэпістасці, спрыту, добраму гумору: Басаў ловіць рыбу літаральна й фігуральна ды ва ўсялякай вадзе пачуваецца ўпэўнена, мацае пакаёўку і шчыра-мэтанакіравана просіць сябра Якава Шалімава трошкі пазаляцацца да ягонай, басаўскай жонкі — быццам бы выключна дзеля дасягнення ёю душэўнай раўнавагі. Бо «галоўнае ў жыцці спакойнае, уважлівае стаўленне да ўсяго». А Шалімаў — вядомы пісьменнік, якім так захапляецца Варвара Міхайлаўна, шукаючы адказаў на балючыя жыццёвыя пытанні. Ды ў Якава Пятровіча, відавочнага махляра ад літаратуры, усвядомленая прафесійная драма — ягоныя старыя думкі не цікавыя новаму чытачу. Таму «разгарнуцца паўлінам» перад Варварай Міхайлаўнай дужа клапатліва і не надта маніцца. Зважым на тое, што Валянціна Еранькова прызначыла на ролі вельмі харызматычных артыстаў — Вольгу Здзярскую, Сяргея Чэкерэса, Сяргея Юрэвіча; іх трыа дакладнае настолькі, што мужчынскія хітрыкі з засмучэннем, разгубленасцю, раптоўнай відушчасцю вабяць россыпам акцёрскіх ацэнак, вытанчанасцю і разуменнем: услед за драматургам Горкім ягоныя персанажы ненавідзяць сумленную (рабскую?) працу і ўсё, што звязана з вартымі, але няпростымі жыццёвымі справамі-праявамі. Іх асноўныя заняткі — балбатаць, балабоніць, мянцець, а яшчэ адчуваць, перажываць і на край апісваць гэта (пра свае сапраўдныя захапленні Басаў ніколі не згадвае). Міжсобку яны гамоняць пра інтэлігенцыю, быццам апярэджваючы выступ Замыслава, які пафасна, але неяк няшчыра абвяшчае, што «...складанасць нашай псіхікі і робіць нас лепшымі людзьмі краіны — то-бок інтэлігенцыяй». Такім чынам інтэлігенцыяй у п’есе Горкага «Дачнікі» пераканана лічаць сябе эгаістычныя, забабонныя сэксісты (каб падначаліць кабету сваёй волі, ім патрэбны прыгожы дэспатызм), якія хочуць «паесці і адпачыць у сталым узросце — вось наша псіхалогія»... То-бок заесці ды запіць галоднае дзяцінства ды юнацтва, поўнае прыніжэнняў. Яны часам вельмі прыцягальныя, гожыя, здольныя, гэтыя артысты і асабліва артысткі аматарскіх тэатраў: сястра Басава Калерыя намагаецца спраўдзіцца як паэтэса і марыць па вартае каханне, але Іна Савянкова надае свайму персанажу ўлоўную шараговасць; Юлія Піліпаўна ў выкананні Кацярыны Шатровай грувасціць перажыванні на пакуты, крыўды на роспач, але да часу так існаваць зручна; Варвара Міхайлаўна ўвасабленнем Вольгі Здзярскай — беззаганная рыцарка чытва і сумленнасці, хавае драму бяздзетнасці, а сяброўка Вольга Аляксееўна праз адметнасці выканання Аляксандры Камісаравай ненавідзіць сваю плоднасць і вымушаную адданасць плойме дзяцей. Што трымае жанчын пры заганным ладзе жыцця? Інерцыя залежнасці ад мужа (так прынята), грэблівасць (рукі пэцкаюцца), прызвычаенасць і адказнасць (а куды падзенешся)... Перафразуючы знакамітае «нам няма куды ісці, нам няма што сказаць» — яны маюць што сказаць, яны кажуць, ды ім няма куды ісці, хіба на лецішча. Рэжысёрка вельмі трапна пацэліла ў гэтую жаночую бяду і... пазбавіла яе прыкметы полу, наследуючы драматургу Горкаму ў галоўным жанры жыцця — няспраўджанай казцы (цытата з Дзмітрыя Быкава), «якой трызняць рабы, баязліўцы, слабакі, пакуль насалоджваюцца ўласным бяссіллем». Гэта — пра Пятра Іванавіча Суслава (мужа Юліі, дарэчы), якога Аляксандр Ждановіч прадстаўляе знерваваным, злосным абывацелем, ён не ў стане прыструніць жонку (зрабіць цяжарнаю); пра Паўла Сяргеевіча Руміна, закаханага ў Варвару Міхайлаўну да дрыжыкаў, да ўцёкаў на мора, да замаху на самагубства — Павел Еўтушэнка вылучае ягоную сціплую бессэнсоўную настойлівасць; пра Шалімава, які сутыкнуўся з прыстойнасцю і не насмеліўся яе выпрабоўваць...
Прыз глядацкіх сімпатый, здаецца, трапіць да дуэту Мар’і Львоўны, сталай незалежнай кабеты (у Насты Шпакоўская яна вельмі непадобная да славутай «эмансіпэ») і маладзенькага службоўцы Уласа, брата Варвары Міхайлаўны, не жартам у яе закаханага (Аляксандр Душачкін стварае наздвычай трапны вобраз маладога максімаліста, не гультая і не цыніка). Выканаўцы не правакуюць — ніякаватасці, сораму, рогату глядзельня не адчуе, а парадыйны верш, якім Улас сапсуе апошнюю рэпетыцыю, прыпадобніцца да споведзі абуджанага сумлення.
...У эпілогу ўсе згуртуюцца — відаць, спраўдзяць тое, чаго дамагаўся Замыслаў. Ніхто нават не памрэ, нягледзячы на радыкальнае горкаўскае «чалавека трэба адмяніць»: матэрыял надта дарагі, каб так узяць і адмяніць, каштоўны матэрыял! — настойвае Еранькова, спалучыўшы выканаўцаў у адметны ансамбль. А што мітусіцца і шукае зручных месцаў — дык адпачывае. Пакуль што. Ці ўсё яшчэ.