Узнікла, так бы мовіць, на таемную замову грамады, бо пэўная мама яе не прасіла, не жадала, не давала моцы для жыцця. Затое мяккія языкатыя Жабы з’явіліся, як толькі ўскудлачаная планшэтная драбнеча пакінула сваю кветку. А ўслед за Жабамі і цвёрдыя крылатыя (кійковыя) Жукі паў-
тарылі: «Мая, мая!» Кожны хацеў, жадаў, прагнуў прысабечыць натурыстую істоту як ляльку-забаўку, а яна, відаць, і з’явілася ў казку/свет/на зямлю, каб спраўдзіць самую сябе. Пошук давёў да Мышы, Мыш давяла да Крата... Мяккія і аб’ёмныя, яны нагадалі бескаркасныя фатэлі, а Мышы неяк і зусім забракавала выразнасці — настолькі ўпарта яна маскіравалася пад сцэнічную цемру. Затое чалавечае суправаджэнне Крата ў кароткай сцэне ўцёкаў выдала заўважную партытуру — ад здзіўлення да рамантычнага спачування. Ластаўка, узнёсшыся пад самыя каласнікі як чырванагруды самалёцік, увасобіла ясную ідэю здаровага розуму — маленькая дзяўчынка за хвіліну да яе ўмяшання збіралася скарыцца лёсу (застацца з Кратом).
Тэксту персанажы мелі зусім мала (і не самай вялікай моцы альбо глыбіні), сцэны мяняліся мантажна, прастакутнікі гарадской забудовы мастачкі Марыны Заўялавай дакладна пераабсталёўваліся то ў прыступкі, то ў пастаменты пад іранічныя помнікі чарговаму прысабечніку (інфантыльнаму з балота, забабоннаму з лесу), то ў падрабязнасці надземнай уласнасці ўладароў падзямелля. Колеры — ад брудна-белага да шэрага і карычневага; блакітная сукенка гераіні, відаць, азначала блакітную мару самастойнасці (або і самадастатковасці). Уражвалі настраёвасцю і відэапраекцыі Ягора Лаўрова, а іх пэўная тэхнічная асаблівасць час-почас стварала эфект светлавой заслоны.
Замест галінастага казачнага сюжэту, які вымагае ўзірацца, засяроджвацца, а сям-там нават прыпыняцца, рэжысёрка і аўтарка сцэнічнага варыянту казкі Андэрсена Кацярына Ложкіна-Бялевіч прапанавала гледачам фабулу, выкладзеную хутка, але вынаходліва. Цалкам зніклі магутныя тэмы спраўджанага чакання мацярынства, ахвярнасці й любові — вартыя, ды ладна зашмальцаваныя побытам і выхаваннем. Сучасна і дарэчна не прагучалі згадкі пра вартага жаніха і дзявочае шчасце, недасяжнае без наяўнасці першага. Патрэбная для тэхнічных перасоўванняў цемра не спрыяла разгледзець дэталі і нават лялек, а імя Дзюймовачкі-Цалёвачкі са сцэны так і не прамовілі. Здагадлівы эльфійскі Прынц, перапытаўшы, назваў паненачку «Мая» (з націскам на другі склад), а выканаўцы расшпілілі свае апранахі і зрабіліся падобныя да ластавак, што цэлую глядзельню вынеслі да святла і разумення! ...Чым міжволі падштурхнулі вызначыцца з жанрам: гэта казка выпрабаванняў, дзе звыклае, прынятае, традыцыйнае паварочваецца не самым вабным бокам, а прыхадзень, гэткае пяшчотнае дабро, мусіць мець магчымасць унікаць зла, інакш сам рызыкуе ў яго ператварыцца.