Спектакль тэатральнага аддзялення «Дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў № 2» (былой Мінскай тэатральнай школы № 1) вылучыў педагогаў Віргінію Тарнаўскайтэ, Наталлю Падвіцкую і Аляксандру Некрыш, асталяваў форумную ліштву і дапраставаў да Гран-пры фестывалю: літаратурныя адметнасці «Алісы ў Залюстроўі» займелі абаяльны сцэнічны працяг. Выканаўцы асвойталіся і з гумарам, і з логікай абсурду Льюіса Кэрала, а шматнаселенасць прымусіла іх пераўвасабляцца па два-тры разы за спектакль.
...Белыя і чорныя займаюць месцы паабапал гульнёвай пляцоўкі. Пачынаюць... клубкі. Рознакаляровыя. Дастаткова першы перахапіць Кіці, улюбёнцы Алісы, як гуляцца рушае ўся чорная кашэчая плойма, і першая пластычная сцэна натуральна ўцягвае ў прыгоду не толькі дзяўчынку, але і зацікаўленую глядзельню. Наступны крок — чорныя з белымі перакідаюцца ў шахматы ды з палос чорнай і белай тканіны літаральна ўтвараюць дошку... каб пасля першых хадоў усё расплесці для сцэн вандроўкі па Залюстроўі. Казырацца кветкі, грубіяніць зялёны лес, стракатая кампанія паязджанаў дэманструе квіткі памерам з валізу, а леў у бойцы з аднарогам — даспехі з кухоннага начыння; кандуктар пагражае пракампаставаць кожнага, а белы шахматны конь, уразліва бясстрашны і слязлівы, абяцае Алісе карону... Направа і налева гуляюць прадметамі, множаць вобразы, заплятаюць хады й свідруюць выйсці; натуральна спяваюць і фарсава румзаюць. Відовішча, прыдуманае педагогамі, падтрымалі дзеці розных класаў і гадоў навучання, дэманструючы не толькі налаўчонасць, але перадусім — працу душэўную і разумовую.
Цікава, што ў заключным спектаклі форуму — «Дзесяць запаветаў баабаба» Юргітэ Чэкатаўскайтэ — таксама выпала павандраваць, але ўжо ў складзе школьнага паходу тэатра «Элементарус» (Вільнюс, Літва) на чале з дасціпным настаўнікам. Менавіта яго дзеці міжсобку клікалі Баабабам, а ягоныя запаветы — народныя прымаўкі — падсумавалі для іх добрыя жыццёвыя ўрокі. Пад бадзёрае тупанне паходнікаў з літоўскага тэатра і вынікнула загадкавае «шматкрочча», бо крочым жа ўсе, разам ці паасобку, бо дарогу ж ніхто не высцілае, а ў агульнай сцэнічнай хадзе так важна не збіцца з нагі, заўважыць асаблівы поступ і знайсці асабісты падыход… Рэжысёр спектакля Эгле Старпірштэне заўважыла, адшукала і патрапіла стварыць дыхтоўны ансамбль з выканаўцаў рознага ўзросту і ступені навучанасці, адзначаны дыпломам фэсту.
«Казкі пра фарбы» дзіцячага тэатра «Кніфіньш» (Тукумс, Латвія) і феерыю «What is a Youth?..» тэатра-студыі «Лятаючая карова» (Талін, Эстонія) вызначыла паэзія Іманта Зіедоніса і Уільяма Шэкспіра, запатрабаваўшы ад пастаноўшчыкаў Рудзіты Почы і Янікі Копэл пераканаўчых сцэнічных распрацовак. У «Казцы пра фарбы» рэжысёрскім прыёмам зрабілася вобразная пластычная ілюстрацыя. Чытальнік на авансцэне распавядаў пра рэчы і з’явы, афарбаваныя белым, а масоўка ператваралася ў стажкі ды заснежаныя дрэвы пры дарозе, дымы з вясковых комінаў, кветкі і птушак. Чытальнік распавядаў пра чырвоную фарбу — і зала гуляла з мілым агеньчыкам, які раздзімаўся да страшнага ляснога пажару. Чаргаванне колераў перастрэлі пякель-
ная чорная фарба і дасціпныя замалёўкі пякельнага жыцця...
На жаль, спектакль скарацілі, бо ён не ўкладаўся ў час, вызначаны для паказу: каб не парушаць ягоную эстэтыку фанаграмным перакладам, руплівыя педагогі даручылі чытальніку яшчэ й перакладаць... Затое глядзельня ўразліва адгукалася на кожнае сцэнічнае дзеянне — так што «Кніфіньш» атрымаў дыплом за інтэрактыўнасць і адметную работу з залай, а чытальнік Чэслаў Волкаў — дыплом за выкананне лепшай мужчынскай ролі.
Тэксты Шэкспіра ў спектаклі «What is a Youth?..» гучалі па-англійску і па-руску, а санеты і кавалкі п’ес нітаваліся напраўду феерычна. Лепшыя эпізоды відовішча вызначыў гумар напераменкі з рамантычнасцю, а таксама гульня з маскамі і прадметамі. Спартовыя абручы ўтваралі чароўныя люстэркі, сажалкі альбо рамы для жывых партрэтаў, чорны полаг-прасцірадла — бурлівае хваляванне мора з папяровым караблікам альбо гаўбец, дзе сустракаліся веронскія закаханыя. Густоўныя касцюмы і маскі, самастойна зробленыя студыйцамі, здабылі прыз за лепшае мастацкае афармленне, а да шэрагу дыпламаваных выканаўцаў дадаліся Дзяніс Гаўрушын (Рамэа), Ева Ракава (Алівія) і Ганна-Вікторыя Цімеева (Віёла).
Зазнала поспех і музычная камедыя «Аршын мал алан» Узеіра Гаджыбекава дзіцячага тэатра-студыі «Гюнай» (Баку, Азейрбайджан): наіўны, нібы двухмерны тэатр пад фанаграмныя спевы, пабытова-падрабязна аздоблены і касцюмаваны... Але варта было Эльдару Таіраву праспяваць за кулісамі, як адмыслоўцы зразумелі, што пастаноўшчык спектакля дарэмна страхаваўся: галасы «Гюная» выдатна гучаць без дапамогі сучаснай тэхнікі. Выкананне бакінцаў вылучылася абсалютнай наіўнай верай у прапанаваныя абставіны, імправізацыяй і агульнай творчай самаадданасцю. Апошнюю справядліва адзначылі дыпломам форуму разам з характарным дуэтам каларытных слуг Эльдара Ліцвера і Лэйлы Юсубавай, а таксама Лалай Рзаевай у амплуа травесці.
Журы пачувалася зацесна ў межах вызначаных прызоў і дыпломаў, бо тыя мусілі адпавядаць рэчаіснасці, дзе аніяк не знаходзілася лепшай сцэна-
графіі альбо лепшага музычнага афармлення. Затое ўражвалі эпізадычныя ролі: трох Мухамораў са спектакля «Тук. Тук! Хто там?» Міхаіла Барценева тэатральнай студыі «ЭсТэР» (Масква), Мышкі (Анастасія Дубко) у калажы «Гуляем у тэатр» дзіцячага музычнага тэатра «Сюрпрыз» (Мінск).
Вобразная мова, пастановачныя прыёмы і драматургія фестывальных спектакляў заўважна ўскладніліся. Здаецца, рэжысёраў не засмучаў ні ўзрост, ні выгляд, ні падрыхтоўка выканаўцаў, а дзеці-артысты набывалі досвед і кшталціліся пад вымогі драматургіі — альбо драматургія рупліва стваралася пад дзіцячыя індывідуальнасці. Кожны шлях пракладаўся не наў-
прост, бо нават сумленна вывучыўшы тэкст ролі, не патрапіш стварыць вобраз і дзейнічаць у ансамблі. Лепшыя спектаклі форуму належалі да дыхтоўных тэатральных школ, а педагогі для падтрымкі і сілкавання разлічвалі на прафесійныя знаёмствы, зносіны, абмены. Разлічвалі на гэта і крытыкі ды сябры журы. На вялікі жаль, сёлетнія «Крокі» да іх не дайшлі. Кіраўнікі калектываў і рэжысёры не выступалі перад калегамі, не ладзілі варштатаў і абмеркаванняў, не расстаўлялі кропак над шматлікімі навучальнымі «і». Кожны форумны дзень пакідаў сваю недагаворанасць, сваё шматкроп’е, якое так прасілася ператварыцца ў шматкрочча...