Асабліва калі выстава персанальная, як была ў Ансельма Кіфера або Крысціяна Балтанскага. У рамках форуму «Манументы» яны атрымалі ў сваё распараджэнне ўсе 13,5 тысяч квадратных метраў «Гран Пале». Можна і самому арандаваць палац. Гэта абыдзецца ў паўмільёна еўра на тыдзень. Акрамя выстаў тут праходзяць найбуйнейшыя ў свеце кірмашы і салоны, прадаецца сучаснае мастацтва, антыкварыят, мэбля, прадметы дызайну і ўпрыгожанні...
Напрыканцы лістапада ў «Гран Пале» ўпершыню можна было ўбачыць працы беларускіх мастакоў на выставе «Art Capital», у якой прымалі ўдзел каля дзвюх тысяч творцаў.
Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка прапанаваў прафесару і лаўрэату дзяржаўнай прэміі Віктару Альшэўскаму выбраць дзесяць аўтараў, якія найлепшым чынам прадставяць краіну. «Прыёрбанк» спансараваў удзел нашай дэлегацыі. Беларуская амбасада і асабіста Павел Латушка былі арганізатарамі праекта, якому таксама садзейнічалі Нацыянальны мастацкі музей, Культурны цэнтр Беларусі ў Францыі.
На жаль, да адкрыцця ніхто ў Беларусі не чуў пра падрыхтоўку «Art Capital». Як мяркуе Артур Клінаў, у гэтым праявіўся партызанскі характар нашых творцаў: калі знайшоў грант або магчымасць зрабіць выставу, лепш пра гэта маўчаць! На правах куратара Віктар Альшэўскі мог выбраць мастакоў на свой густ, але, напэўна, варта падумаць пра адкрыты адбор аўтараў.
Удзельнічаць у «Art Capital» не абавязкова «дэлегацыяй». Можна і індывідуальна. Для гэтага неабходна заплаціць каля трохсот еўра і даслаць арганізатарам партфоліа. Па выніках адбору журы высылае запрашэнне. З 2006 года выстава «Art Capital» аб’ядноўвае чатыры салоны: «Салон французскіх мастакоў», «Салон малюнка і вадзяных фарбаў», «Салон параўнанняў» і «Салон незалежных мастакоў», у апошнім журы традыцыйна адсутнічае. Беларусы ўдзельнічалі ў «Салоне малюнка і вадзяных фарбаў».
Варта патлумачыць два моманты, звязаныя з выставай, якія складана зразумець з паведамленняў беларускай прэсы. Па-першае, «Art Capital» — гэта камерцыйная падзея, арганізаваная сябрамі трох незалежных арганізацый, якія паўсталі ў Францыі ў канцы ХІХ стагоддзя і працягваюць удзельнічаць у арганізацыі салонных экспазіцый ужо больш за сто гадоў. Салоны і салоннае мастацтва не зніклі са з’яўленнем імпрэсіяністаў. Па-другое, творы, прадстаўленыя на «Art Capital», не класіфікуюцца як сучаснае мастацтва. Лепш іх назваць «модэрн арт», маючы на ўвазе не сувязь аўтараў з кананічным мадэрнізмам, а выкарыстанне традыцыйных матэрыялаў. У гэтых творах цэніцца майстэрства і арыгінальнасць выканання працы, а не ідэя. У адрозненне ад «модэрн арт», сучаснае мастацтва, паводле сацыёлага Наталі Эйніш, вядзе «патройную гульню», пастаянна руйнуючы і ствараючы межы.
Яшчэ з часоў Людовіка XIV падчас Салона лепшыя мастакі ўзнагароджваліся медалямі. Салон, у якім удзельнічалі беларусы, афіцыйнай прэміі не мае. Тым не менш Валянціна Шоба і Сяргей Парцянкоў сталі лаўрэатамі прэміі фонду Тэйлара. На выставе «Art Capital» фонд уручыў усяго 8 прэмій на суму ад 2 да 10 тысяч еўра. Што ж зацікавіла прадстаўнікоў фонду Тэйлара ў работах беларускіх творцаў? Праца Валянціны Шобы «Улада цемры» прысвечана тэме вайны, якая, верагодна, знайшла водгук сярод французаў, у чыіх сэрцах усё яшчэ свежая памяць аб парыжскіх тэрактах 13 лістапада. «Ураборас» Сяргея Парцянкова прымушае задумацца аб экалогіі знявечанай да непазнавальнасці планеты, і тым самым трапляе ў топ сусветных навін. Сярод іншых работ беларускай дэлегацыі варта адзначыць скульптуру Максіма Пятруля, хутчэй больш блізкую да сучаснага мастацтва, чым да «модэрн арт». Яго праца называецца «Прысвячэнне Луча Фантана» і ўяўляе з сябе надрэзанае яйка чырвонага колеру. Само яйка вельмі нагадвае аб’екты з «Праекта стагоддзя.12 з ХХ» Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі. Такім чынам, скульптура Пятруля — гэта адначасова павага да класікаў і выклік сучаснікам. Застаецца спадзявацца, што гэты выклік будзе прыняты і беларускія мастакі працягнуць радаваць нас арыгінальнымі творамі і ўдзелам у міжнародных выставах.
P.S. Мастакі, што жадаюць прыняць удзел у «Салоне малюнка і водных фарбаў» ў 2016 годзе, павінны адправіць сваё дасье да 31 сакавіка па наступным адрасе: Jean-Maxime Relange 7, rue Ricaut 75013, Paris. У дасье ўваходзяць: 5-6 фотаздымкаў твораў (дыскі і флэшкі не прымаюцца), кароткае CV і канверт з маркамі для звароту дакументаў. Больш інфармацыі на сайце peinturealeau.com.
Віталь ШУЦКІ