Фатаграфія паўсюль. «KaunasPhoto» сустрэў нас эксцэнтрычнай экспазіцыяй «Запавет» Джэніфер Торэнсан з ЗША ў галерэі Саюза фотамастакоў Літвы, што ў самым цэнтры Каўнаса, на вуліцы Віленскай, на Ратушнай плошчы, дзе праходзяць усе гарадскія ўрачыстасці, але і без урачыстасцяў шпацыруюць гараджане ды турысты. Галерэя пашырылася, зрабіла рамонт, правяла фестываль і будзённа прадае кнігі па фатаграфіі.
Пераможца конкурсу Торэнсан паказала свой праект, зняты ў арандаванай кватэры: страшныя адносіны партнёраў візуалізаваны з дапамогай мудрагелістых аб’ёмаў (лён, поўсць). Муж і жонка ці сябры з дзецьмі і жывёламі — не заўсёды зразумела, хто гэта. Пэўную мяжу ўспрымання такая фатаграфія пазначае, не больш за тое; думаю, сама рэалізацыя задумы павінна здзівіць гледача, яна сапраўды дзіўная... І халодная, у адрозненне ад наступных нашых адкрыццяў.
У 300-тысячным Каўнасе 33 музеі, частка іх належыць да «must see». Калі разглядаеш праграму фестывалю «KaunasPhoto», не адразу разумееш, дзе праходзяць падзеі: плошча, парк, вуліца, кавярня, тэатр, універсітэцкі корпус, царква, фунікулёр, дызайнерская крама, дзелавы цэнтр. Прызнацца, да такой амплітуды куратарскага выбару я не была гатовая. Але ў выніку пераканалася: пляцоўкі абраныя ўдала і працуюць арганічна. Напрыклад, вельмі душэўна выглядаюць прынты Міндаўгаса Каваляўскаса (Літва), Натана Двіра (Ізраіль), Даміяна Хробака (Польшча—Вялікабрытанія), Марка Дафі (Ірландыя), выстаўленыя на агароджах уздоўж вуліц.
Душэўна, мабыць, таму, што яны ідэальна ўпісаныя ў гарадскія ландшафт, рытм жыцця, атмасферу. Такія ж дарэчныя і фатаграфіі «Каўнас, які мы страцілі» ў парку рэзідэнцыі ўрада Літвы міжваеннага перыяду, хоць я не ўпэўненая, што яны стасаваліся праграмы «KaunasPhoto».
У фунікулёры, маршрут якога доўжыцца пару хвілін, былі выстаўленыя рэтра-партрэты «Куды едзем» Джозэфа Вуда (Літва—Вялікабрытанія); у іх дзівіць штучна створаная сітуацыі сустрэчы са спадарожнікамі. Нечакана ў вас узнікае эмпатыя, але ў фатаграфаванні яе, хутчэй за ўсё, не было. Потым я прачытала, што ў гэты час аўтара турбаваў не рух у прамым сэнсе, а пераход Літвы ад літаў да еўра.
І нават амерыканскі праект Хілебранда «Mandalos», арыентаваны на ўсходнія медытатыўныя практыкі, аказаўся сугучным цішыні парку. Ускосным доказам гэтай сувымернасці, збалансаванасці з гарадскім асяроддзем сталі для мяне персанажы розных субкультур, якія тут і там паказваліся побач з фотаздымкамі: байкеры, бамжы, нейкія багемныя персоны. І ўсё было пры гэтым ураўнаважана: і студэнты, і рака, і фатаграфія, і піва, і графіці.
Чаму з’яўляецца такое сугучча? Думаю, сучасная фатаграфія, нават калі не жыве ў канкрэтнай гістарычнай эпосе, усё ж мае пэўны праўдзівы пасыл, як бы пафасна гэта ні гучала. Праўдзівы па духу, па асацыяцыях і суперажываннях. Ці ў сучасніка выпрацоўваецца нейкі патэрн актуальнасці, ці гэта, як сказалі б раней, вобразы і формы. Ва ўсякім выпадку, калі ёсць рэзананс з рэаліямі, з жывымі працэсамі ў гарадскім асяроддзі, з успрыманнем людзей розных пакаленняў — экспазіцыя знаходзіцца на сваім месцы і не выглядае чужароднай.
Фестываль найноўшага мастацтва адкрыўся для нас выставай а 21-й гадзіне ў мастацкай галерэі Міколаса Жылінскаса. Папярэдне публіка з паўгадзіны прастаяла, закінуўшы галовы, таму што відэа паказвалі на столі. Можна было сесці на прыступкі, але людзей прыйшло занадта шмат, яны не толькі сядзелі, але і звісалі з парэнчаў, стаялі ў лесвічных маршах.
Гэтым днём мы ўбачылі тут цалкам класічную экспазіцыю «Асобы мінулага», прысвечаную 250-гадоваму юбілею беларускага культурнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага і яго сувязям з літоўскай зямлёй. Жывапіс, графіка, скульптура — усе як трэба. А ўжо ўвечары атмасфера ў галерэі была зусім іншая: адзін з аб’ектаў уяўляў з сябе набор арганных труб, другі — шкло з пяском і асыпанай тынкоўкай. Адзін перформанс быў танцам пачуццёвым і эстэтычным ды прадукаваў гукі музыкі; другі — інтуітыўным танцам мастачкі, які фармаваў карцінку на сцяне і таксама нечаканыя гукі: трэба разумець, што іх стварэнне павінна падахвочваць гледача да пастаяннай творчасці і да адмовы ад ранейшых адчуванняў.
Апынуўшыся ў Каўнасе, менш за ўсё я была заклапочаная дакладнай інфармацыяй, кшталту што-дзе-калі тут адбываецца і як гэта ўсё называецца. Таму адзначу толькі адзін аб’ектыўны факт: у лік фіналістаў «KaunasPhoto» ўвайшла наша Аляксандра Салдатава з праектам «Зялёны канал». Яшчэ тут радуюць атмасфера, гісторыя, мастацтва і абяцанні ўсё новых падзей культурнага жыцця на фестывалях кіно і танца: афішы вісяць па ўсім Каўнасе. Вось так жыве маленькі горад па-за турыстычным сезонам, калі кастрычнік ужо прымусіў нас зашпіліцца на ўсе гузікі і адно ўдзень можна выпіць кавы на вуліцы, ловячы некалькі сонечных блікаў.
Любоў ГАЎРЫЛЮК