Мілаваную задуму на сцэне ён так і не пабачыў. Бяда ўзрушыла тэатральны калектыў настолькі, што надзвычай светлую прыпавесць пра сутнасць чалавечага існавання давялі да прэм’еры. І, верагодна, пасунуліся да ажыццяўлення запаветнай мары: вырасці да нацыянальнага дзіцячага тэатра, стаць сапраўдным цэнтрам, дзе мастацкія прапановы падтрымліваюць сацыяльныя і сямейныя патрэбы.
«Паліяна» знікла з афішы на час вымушанага шасцігадовага выгнання тюгаўцаў са стацыянарнай пляцоўкі (вымога рамонту і рэканструкцыі), але дасведчаная публіка не страціла да яе цікавасці, тым больш падгадаваліся і новыя гледачы. На пачатку сёлетняга лістапада гераіня Элінар Портар ізноў пачала гуляць «у радасць» на роднай сцэне. Вось толькі адноўлены спектакль выглядае цьмяным ценем колішняга...
Пастаноўка не згубіла жыццяздольнасці дзякуючы моцнаму падмурку, які драматург Артур Вольскі заклаў інсцэніроўкай і перакладам. Аднак па-ранейшаму смакаваць развіццё падзей і стасункаў не выпадае. Імкненне зрабіць спектакль больш кампактным (у 2003 годзе «Паліяна» доўжылася тры гадзіны, цяпер гадзіна скарацілася), парушыла лагічныя сувязі эпізодаў, адмысловыя пераходы ад падзеі да падзеі, так што месцамі сцэнічнае дзеянне нагадвала немудрагелісты кінамантаж.
Абвешчаную тэму гульні падтрымліваюць дэкарацыі Веніяміна Маршака. Яны быццам малюнкі юных мастакоў, што яшчэ не зацвердзіліся ў межах правілаў ды выяўленчых законаў, калі прадметы могуць змяняць сваё прызначэнне і сэнс у залежнасці ад гісторыі, якая прыдумваецца для іх тут і цяпер. Адметна папрацавала і мастачка па касцюмах Таццяна Лісавенка, у шматлікіх адценнях распавядаючы, як часта з бездакорна светлых дзіцячых думак ды памкненняў гадуюцца шэрыя дарослыя са сваімі шкілетамі ў шафах. Незадаволеныя, яны жаляцца і нудзяцца, вымагаючы ажыўляльнай ін’екцыі колерам ды святлом.
Моцны бок адноўленай пастаноўкі падтрымлівае шэраг удалых работ прафесійных артыстаў. Яны (што адбываецца зрэдчас, калі на сцэне працуюць дзеці) перацягнулі ўвагу на сябе. Прыкладам, Нэнсі ў выкананні Вольгі Сініцы часам больш эмацыйная і натуральная за галоўную гераіню. Ці капрызлівая місіс Сноў у інвалідным вазку, сыграная непараўнальнай Верай Кавалеравай, якая выглядае жывей за некаторых непаўналетніх анёлаў з масавых сцэн. Дарэчы, вельмі сімвалічна ў святле сафітаў з’явілася першая выканаўца ролі Паліяны Марыя Возба (між іншым, пасля прэм’еры ў 2003 годзе некаторыя перыядычныя выданні смела аддавалі ёй лаўры лепшай актрысы сезона). Яе сённяшняя Мілі Сноў — трапнае ўвасабленне закутай у кайданы абавязку бурлівай індывідуальнасці, што рвецца і вырываецца вонкі.
Пастановачная група прынцыпова задзейнічала ў спектаклі малечу, а галоўную ролю аддала дзяўчынцы. Аднак проста вывесці на сцэну дзяцей недастаткова, з імі трэба метадычна, спанатрана працаваць. У свой час Андрэй Андросік, прапануючы рэжысёрскую канцэпцыю, усё ж такі ішоў ад дзіцяці: часам нават рэпетыцыйныя недарэчнасці станавіліся рысамі характараў і замацоўваліся ў ролях, а маленькія акцёры — сапраўдныя зорачкі! — лёгка і натуральна існавалі на сцэне. Пакуль дзіцячыя вобразы выклікаюць засмучэнне: зазубраныя малюнкі роляў сведчылі, што дзятва сумленна адпрацоўвала «ўрок» — тое, чаму навучылі на рэпетыцыях. Непасрэднасць, шчырасць існавання ў прапанаваных абставінах зніклі, а шматлікія дзіцячыя сцэны неяк павыпадалі з агульнага дзеяння. На пераемнасці традыцый працы з дзецьмі так адмоўна адбілася рэканструкцыя...
Вельмі хочацца ўслед за Паліянай, якая нават у самых безвыходных выпадках шукала нагоду для радасці, спадзявацца: магчыма, першыя паказы падштурхнуць пастановачную каманду абгабляваць відавочныя шурпатасці, надаць дзеянню лагічнасці і руху, разняволіць маленькіх акцёраў. Каб воклічы «Мы такія радыя!» чуліся па абодва бакі рампы.
Настасся ПАНКРАТАВА