Для майстроў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці многія традыцыйныя рамёствы сталі справай жыцця. Майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Жанна Сыраежка на працягу 10 гадоў займаецца ручным ткацтвам паясоў. Стужка пояса нараджаецца на немудрагелістых прыстасаваннях для ручнога ткацтва. Так Жанна Сыраежка, практыкуючы пляценне на ніту, карыстаецца драўлянымі станочкамі прамавугольнай формы з выцягнутай адтулінай унутры (каб была прастора для руху рук).
Такіх станочкаў у майстрыхі некалькі, і адрозніваюцца яны толькі памерамі. На метровым можна атрымаць двухметровы выраб, на паўтараметровым — выплесці трохметровы пояс. Сваімі навыкамі і ўменнямі жанчына з вялікім задавальненнем дзеліцца на майстар-класах, якія праводзіць для ўсіх ахвотных.
У выніку маляўнічыя паясы, выкананыя ў традыцыйных тэхніках пляцення і ткацтва, сталі на сёння адным з самых папулярных сувеніраў.
Аксана ВАСІЛЬКО, загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці