Я з дзяцінства займалася ва ўзорным фальклорным гурце “Некрашынка” Валосавіцкага сельскага дома народнай творчасці Акцябрскага раёна. Удзельнічала ў пяці фестывалях “Берагіня”, там пазнаёмілася з Таццянай Пладуновай і Вячаславам Калацэем. Яны мяне запрасілі на адкрыты іспыт сваіх студэнтаў. Тады я вырашыла паступаць на кафедру этналогіі і фальклору ўніверсітэта. Па размеркаванні трапіла ў Акцябрскі, амаль да сябе на радзіму.
— Ваша сястра, Ганна Бялько, таксама займаецца фальклорам…
— Так, яна вучылася на той жа кафедры, што і я, размеркавалася ў Гомельскі абласны метадычны цэнтр, цяпер працуе на пасадзе загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры. Часамі вядзе заняткі па спевах для моладзі.
— Ці не цяжка было пасля пяці гадоў у сталіцы вярнуцца ў Акцябрскі?
— Канечне, цягне ў Мінск, але тут жывуць мае блізкія, родныя. Калі людзі знаёмыя, ўсё прасцей, чым у вялікім горадзе.
— З якімі складанасцямі давялося сутыкнуцца ў працы?
— Я лічыла, што будзе шмат цяжкасцей. Але побач са мной працуе цудоўны калектыў, які ў любы момант дапаможа. У мяне праца больш папяровая, чым практычная. Хаця сёлета ўпершыню ўдзельнічала ў Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” як арганізатар. Аддзелам робім усё магчымае, каб нашым гасцям было ў Акцябрскім утульна, будзем і далей працаваць у гэтым кірунку. Але творчасць не пакідаю, удзельнічаю ў народным вакальна-харэаграфічным ансамблі “Рудабельская пацеха”, і яшчэ ў народным калектыве “Івушка”. Таму спеў для мяне — гэта адпачынак.
— Ці працуеце нейкім чынам з аўтэнтыкай?
— На жаль, у Акцябрскім — не. Але пакуль езджу займацца з роднай “Некрашынкай” у Валосавічы, два разы на тыдзень — там дзеці з васьмі да шаснаццаці гадоў. Песні акапэльна, танцы, гульні… Мая маці там музычны і вакальны кіраўнік, а я — танцавальны. І маці — цудоўная спявачка, як і бабуля. Такая атрымалася “перадача” па спадчыне.
— У якім стане ў Акцябрскім раёне аўтэнтычнае выканальніцтва?
— Чым далей, тым больш складана. Менш і менш застаецца носьбітаў традыцый. У вёсцы Забалаць жыве цудоўная спявачка Настасся Паўлаўна Самусёва; у раёне дзейнічаюць два аўтэнтычныя гурты: “Купалінка” ў вёсцы Пратасы і “Перазвоны” ў вёсцы Гаць. Ёсць і пераемнікі традыцый: узорныя фальклорныя ансамблі “Рудабельскія зорачкі” і “Праменьчыкі” ў Акцябрскім, “Цярэшкавы Шчодрыкі” ў аграгарадку Рассвет, тая ж “Некрашынка” ў Валосавічах.