Самае цікавае на сёння, што людзі, якія аддалі ў свой час перавагу букрыдарам, вяртаюцца да папяровай кнігі і зноў завітваюць у бібліятэкі. Шмат людзей прызнаецца: дома чытаць спадручней традыцыйную кнігу, а электронка — рэч, так бы мовіць, дарожная.
ПРОЙДЗЕНЫ ЭТАП
Толькі, здаецца мне, што букрыдары — гэта ўжо амаль пройдзены этап. Заўважце, з развіццём электронікі папяровым кнігам прадказвалі хуткае знікненне. У сапраўднасці яны, ужо можна сказаць, перажылі электронныя кнігі, бо іх актыўна выцясняюць смартфоны. Адна маленечкая прылада, якая змяшчае ўжо з сотню функцый, у тым ліку і электроннай чыталкі, і дзясяткі гігабайтаў інфармацыі.
Смартфон заўсёды ў кішэні ці сумачцы. Каб не марнаваць час дарма ў чаканні чагосьці/кагосьці, дастаём смартфон і... Тут ужо кожны выбірае сам: стужка навін сацыяльных сетак, інфармацыйныя парталы, стралялкі-брадзілкі, інтэлектуальныя гульні, чытанне, вучоба.
Напрыклад, у мяне на смартфоне заўсёды закінуты электронныя версіі навукова-папулярных або мастацкіх часопісаў. Калі не выкарыстоўваць смартфон у якасці кнігі ўвесь час, то, апынуўшыся ў стане неспадзяванага чакання, артыкулы часопіса, на мой погляд, чытаць зручней. Кнігу ў сеціве спачатку трэба знайсці, потым адшукаць месца, дзе прыпыніліся мінулым разам, потым знайсці патрэбную старонку ў папяровай версіі, калі зноў да яе вернецеся. Часопісныя артыкулы значна карацейшыя: прыпыніўшыся ў сярэдзіне артыкула, можна ў бліжэйшы вольны час дачытаць, а астатняе пакінуць на другое неспадзяванае чаканне. З кнігай так не атрымаецца, вядома, калі гэта цікавая кніга. Да таго ж артыкул у часопісе не зацягне чытача ў сваё нутро і не пазбавіць яго магчымасці сачыць за навакольным становішчам.
Дабавім сюды тэхнічны бок: хуткасць вай-фаю, якасць сігналу, ліміт на мабільны інтэрнэт і, вядома, дадатковы расход батарэі прылады пры ўключаных мабільных сетках — атрымаем яўны плюс ад ужо загружаных электронных версій. Самі ж яны, як правіла, маюць невялікі памер і шмат месца ў памяці смартфона не займаюць.
АЎДЫЯВІЗУАЛЬНЫ КАНТЭНТ
Дарэчы, вялікая колькасць беларускіх часопісаў і газет маюць PDF-версію, і каштуе яна ў некалькі разоў танней, чым папяровая, а некаторыя выданні ўвогуле можна чытаць бясплатна, праўда, пры падключэнні да інтэрнэту. Перыядычныя выданні хутка страчваюць сваю актуальнасць, і захоўваць іх дома ў папяровым варыянце няма ніякага сэнсу. А яшчэ пераход на электронныя версіі часопісаў і газет значна зменшыць уплыў на прыроду.
Яшчэ адзін неаспрэчны плюс смартфонаў — выхад у інтэрнэт і магчымасць аўдыявізуальнага прайгравання інфармацыі. Менавіта гэта ні ў якім разе не звязана з забаўкамі. Рэдакцыі нашых часопісаў ствараюць не толькі электронныя версіі сваіх выданняў, а і платформы з дадатковым аўдыявізуальным кантэнтам. У Беларусі першапраходцамі ў гэтай справе сталі часопісы для дзяцей серыі “Рюкзачок”. Раней трэба было пампаваць спецыяльны дадатак, цяпер, дзякуючы QP-кодам, трэба ўсяго толькі навесці камеру смартфона на “чароўны” квадрацік. Далей маленькі чытач адпраўляецца ў неверагоднае віртуальнае падарожжа. Неаспрэчны плюс — толькі правераная інфармацыя згодна з узроставай катэгорыяй карыстальнікаў.
Часопісы падаюць не толькі дадатковыя мультымедыйныя файлы, але і ствараюць 3D-мадэлі часткі фотаздымкаў, размешчаных на старонках. Праўда, тут ужо патрэбна пампаваць спецыяльны дадатак. Пасля няхітрых маніпуляцый у прыладзе на экране з’яўляюцца, нібы жывыя, розныя жывёлы або трохмерныя выявы помнікаў архітэктуры.
У Расіі ўжо пачалі з’яўляцца кнігі з дадатковым кантэнтам у інтэрнэце. У нас жа пакуль існуюць толькі спасылкі на нейкія рэкламныя матэрыялы пэўнай кнігі, якія робіць сам аўтар, што таксама цудоўна.
РЭКЛАМА І МОВЫ, І КНІГІ, І ЧЫТАННЯ
Яшчэ адно дасягненне нашых аўтараў, прасунутых карыстальнікаў сацсетак і месэнджараў, стварэнне стыкерпакаў для гэтых самых месэнджараў з выявамі герояў сваіх кніг. Гэта велізарны крок у асваенні інтэрнэт-прасторы з боку пісьменнікаў.
Нават у самых папулярных у Беларусі дадатках для зносін выбар міленькіх малюначкаў з рэплікай на роднай мове мізэрны. А тут сімпатычны герой у адзін клік выкажа вашу думку па-беларуску. І зусім няважна, што да гэтага ўся перапіска вялася па-руску. Асабліва прыемна, што гэта героі менавіта дзіцячых кніг, але зроблены яны нейтральна, каб карыстацца гэтымі стыкерамі маглі як дзеці, так і дарослыя. Вось вам адначасова рэклама і мовы, і кнігі, і чытання.
Бясспрэчна, усімі пералічанымі дасягненнямі можна карыстацца толькі пры дапамозе смартфона, цяпер у нейкіх сітуацыях нават камп’ютары і ноўтбукі ім прайграюць. Букрыдары ж застаюцца проста прыладай для чытання, між іншым са сваімі вялікімі мінусамі. У будучым гаджэты будуць змяняць адзін аднаго, выцясняць, дапаўняць, аб’ядноўвацца ў нейкія ўніверсальныя прылады, а папяровая кніга будзе існаваць паралельна з імі як неаспрэчны прадмет інтэлектуальнасці пэўнага чалавека.
ЗЛІЦЦЁ?
Пакуль жа беларусы робяць першыя спробы алічбаваць і вывесці сваіх літаратурных герояў у віртуальны свет, амерыканцы замахнуліся на даволі амбіцыйны праект. Яны працуюць над стварэннем кнігі з мноствам датчыкаў, уманціраванымі мікрачыпамі, мініяцюрным праектарам, дынамікам (праўда, кнігай з дынамікам ужо нікога не здзівіць). Такім чынам атрымаецца зліццё папяровай кнігі і электроннай у адну. Але наколькі гэта будзе запатрабавана і наколькі такія кнігі неабходны?
Калі гаворка ідзе аб навуковых ці навукова-папулярных кнігах асабліва для дзяцей, гэта цудоўны спосаб спазнаць навакольны, ды і не толькі, свет. Будзе вельмі добра чытаць пазнавальнае выданне і тут жа пачуць спеў салаўя ці адправіцца ў віртуальнае падарожжа на Марс, паглядзець відэапрыклад хімічнага даследавання ці апынуцца на дне Нарачы, паслухаць жалейку ці прайсціся па залах Гальшанскага замка да яго разбурэння.
Але ці варта нешта падобнае рабіць з мастацкай літаратурай? Бо, як вядома, пры чытанні кнігі няма абмежаванняў на спецэфекты. Гледзячы фільм, у тым ліку і зняты па кнізе, мы ўспрымаем герояў такімі, якімі іх бачыў рэжысёр; наваколле бачым такім, якім яго бачыў рэжысёр альбо дазваляў бюджэт; інтанацыі, рухі, жэсты — усё, як уяўляў сабе рэжысёр. Атрымліваецца, што фільм, а таксама кнігу, калі не чыталі раней, мы бачым вачыма рэжысёра, а не сваімі ўласнымі.
Не буду пералічваць даўно вядомую карысць ад чытання, толькі хочацца згадаць знакамітае выслоўе: “Той, хто чытае кнігі, заўсёды будзе кіраваць тым, хто глядзіць тэлевізар”.
СЛУХАЧ НЕ ЧЫТАЧ
Практычна такое ж становішча і з агучваннем кніг. Адна расійская інтэрнэт-крама з дапамогай штучнага інтэлекту пачала агучваць кнігі і раздаваць атрыманы вынік усім, хто набудзе электронны варыянт. Якім чынам спажываць атрыманы тавар — рашэнне за пакупніком. На мой погляд, гэта нядрэнны піяр-ход дзеля будучага вялікага прыбытку. На чытанне ў сучаснага чалавека часу не заўжды хапае, а вось слухаць... Аўдыякніга заканчваецца значна хутчэй, чым друкаваная. Слухач для набыцця чарговага аўдыязапісу будзе наведвацца ў краму часцей за чытача. Мінусы і плюсы праслухоўвання-чытання, мяркую, кожны ведае сам.
У пісьменнікаў-фантастаў ужо даўно сустракаюцца чароўныя пігулкі, праглынуўшы якія чалавек атрымае пэўную колькасць ведаў. Аб такіх пігулках мараць школьнікі, студэнты і нават дарослыя. Так, было б нядрэнна, раз — і чалавек ведае склоны назоўнікаў і іх канчаткі, закон Архімеда ці табліцу Мендзялеева.
ПІГУЛКА НЕ ПАНАЦЭЯ
Калі чалавецтва і дадумаецца да такіх тэхналогій, то трэба ўсведамляць, што тыя, хто спасцігае навуку, самі будуць кіраваць тымі, хто будзе чакаць чарговай пігулкі. Спажыўцы пігулак будуць не толькі простымі выканаўцамі розных задач, а будуць падпарадкоўвацца волі і залежаць ад стваральнікаў тых самых пігулак, бо будуць цалкам пазбаўлены магчымасці думаць, аналізаваць і супастаўляць. Адна пігулка — і залежны чалавек, па сутнасці, раб, упэўнены, што так яно і павінна быць.
Сярод спрэчак за тэхнічны прагрэс і захаванне традыцыйных рэчаў, сярод мар аб чароўных пігулках і пашыраных чалавечых магчымасцях грамадства забываецца на такую простую рэч, як чытанне для баўлення вольнага часу. Па выніках даследавання інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі амаль што палова апытаных рэспандэнтаў не чытае мастацкую літаратуру. Мастацкая кніга на сённяшні дзень, з аднаго боку, мае вялікую колькасць канкурэнтаў, з другога — гаворка пра адсутнасць моды на чытанне. І праблема тут значна глыбейшая, чым проста нежаданне чытаць.
Але ж палова беларусаў, знаходзячы час і магчымасць, усё ж такі чытае мастацкую літаратуру. Чытачу не патрэбны ў кнізе дынамікі, праектары, мікрачыпы. Яму патрэбны цікавы сюжэт і прыгожая мова.
Бібліятэкарам жа застаецца балансаваць на мяжы папулярызацыі чытання і тэхнічнага прагрэсу. Але ж, на мой погляд, без першага немагчыма другое.
Марына ПЕТРАШКЕВІЧ,
сталічны бібліятэкар