Усё наша жыццё звязана з гісторыяй нашай краіны. А які ўклад у яе развіццё ўнеслі мае землякі? Юныя чытачы Елкаўскай сельскай бібліятэкі разам з бібліятэкарам прынялі ўдзел у гістарычнай мазаіцы “Сваё імя ўпісалі ў гісторыю раёна”. На старадаўніх фотаздымках, у тэкстах успамінаў усе разам шукалі і знаходзілі знаёмыя твары і імёны: Мікалай Малочка (партыйны і дзяржаўны дзеяч), Уладзімір Мазго (паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна), Юрка Голуб (паэт), Валянціна Ададурава (паэтка), Міхаіл Макей (ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна), Святлана Літвінчык (мясцовая паэтка). Менавіта пра іх лёс, жыццё, дзейнасць і вялася гаворка падчас мерапрыемства.
Бародзіцкая сельская бібліятэка прапанавала сваім чытачам адправіцца ў незвычайнае віртуальнае падарожжа па родным краі “Мілыя сэрцу куткі Беларусі”. Дзеці адкрывалі для сябе нашы старажытныя гарады і замкі, рэкі і азёры, знаёміліся з этнічным складам насельніцтва... А потым кожны ўдзельнік вандроўкі пазнаёміў усіх прысутных са сваім любімым куточкам малой радзімы.
Галынкаўская сельская бібліятэка для вучняў 4-5 класаў у музеі сельскага побыту аграгарадка Галынка правяла ўрок гісторыі “Усе фарбы роднага краю”. Падчас правядзення мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з прадметамі быту нашых продкаў, даведаліся пра гісторыю стварэння музея.
У сектары па абслугоўванні дзіцячага чытача раённай бібліятэкі са школьнікамі СШ №3 быў праведзены літаратурны дыліжанс “Легенды роднай зямлі”. Падчас яго дзеці пазнаёміліся з гісторыяй Зэльвеншчыны, даведаліся аб прыгожых мясцінах нашага краю і архітэктурных помніках роднай старонкі, з мясцовымі легендамі і паданнямі. Напрыканцы мерапрыемства хлопцы і дзяўчаты разам з бібліятэкарамі зрабілі невялічкую экскурсію і наведалі Касцельную гару, гістарычнае месца пасёлка, з вышыні якога адкрываюцца прыгожыя краявіды нашай Зэльвы і яе вакоіц.
Вольга КАМЯКЕВІЧ, намеснік дырэктара Зэльвенскай раённай бібліятэкі