Свята, арганізаванае Цэнтралізаванай клубнай сістэмай Мсціслаўскага раёна, праводзіцца ў мэтах адраджэння старадаўніх традыцый, стварэння ўмоў для культурнага супрацоўніцтва, наладжвання сувязей і абмену досведам у жанры рэканструкцыі сярэднявечных мастацтваў, далучэння да лепшых узораў сярэднявечнай музыкі.
Адкрыццю фэста папярэднічала ўрачыстае пахаванне астанкаў рыцара, знойдзеных у рэчцы Віхры. Таксама ў рамках свята прайшла навукова-практычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы з Беларусі, Расіі, Украіны і Балгарыі. Таксама арганізатары “Рыцарскага фэсту…” прапанавалі ахвотным прыняць удзел у экскурсіях па гістарычных мясцінах Мсціслаўшчыны, убачыць прадстаўленні батлеек і лялечных мініяцюр “Сярэднявечныя містэрыі”, набыць сувеніры ды падарункі ў “Горадзе майстроў”, наведаць выстаўкі... Але, безумоўна, галоўнай падзеяй традыцыйна застаюцца турніры, на якія сёлета прыехалі клубы гістарычнай рэканструкцыі з Мінска, Полацка, Барысава, Салігорска, Гродна, Магілёва, расійскага Смаленска.
У першы дзень фэсту конна-гістарычны клуб “Залатая шпора” прадставіў конны турнір, спаборнічалі ў трапнасці лучнікі і мечнікі, а пасля быў праведзены “турнір пяцёрак”. Адбыліся штурм замка і “бітва дзвюх армій”. Адважных рыцараў падтрымлівалі іх прыгожыя дамы, між якімі разгарнуўся негалосны чэмпіянат па сярэднявечнай модзе, што захапіў гледачоў не менш, чым даспехі ваяроў.
Гасцям і ўдзельнікам фэсту свае творчыя праграмы прадставілі калектывы “Млын Сонца”, “Фламея”, “Pawa”, “Irdorath”, “Фрам”, “Форд Вейт”, “Літы талер”. Таксама гледачоў, якія завіталі на фэст, чакалі майстар-клас па сярэднявечных танцах і фаер-шоу.
Ёсць пажаданні да арганізатараў фэсту. Так, вельмі добра свой тавар прэзентавалі рамеснікі, якія ахвотна распавядалі пра тэхналогію і прызначэнне вырабаў. Што да культурнай праграмы, то, пры ўсёй відовішчнасці, інфарматыўнасць, на жаль, аказалася недастатковай: пад час турніраў і творчых выступленняў амаль не гучала ніякіх тлумачэнняў ды гістарычных даведак, а калі яны і былі, дык вельмі сціслыя. Не хапала менавіта сярэднявечных забаў і атракцыёнаў, на якіх самі гледачы маглі б паспаборнічаць у моцы, спрытнасці і кемлівасці.
Але ўсё гэта — знакі таго, што фэсту яшчэ ёсць куды расці і чым здзіўляць гасцей.
Алёна БЕЛАНОЖКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы
Фота аўтара
У працяг тэмы
Акурат пасля фэсту ў рэдакцыі раздалося адразу некалькі тэлефанаванняў аднаго зместу. Чытачы скардзіліся, што непрыемная неспадзяванка чакала тых наведвальнікаў фэсту, якія не мелі на мэце заставацца ў Мсціславе на ноч, але прыехалі ў горад не на ўласным транспарце. Справа ў тым, што выехаць з Мсціслава ўвечары было вельмі складана. Так, апошні афіцыйны рэйс, якім можна было дабрацца да Магілёва, адышоў ад аўтастанцыі ў 17.40 — амаль у той час, калі на Замкавай гары толькі распачыналіся выступленні музычных гуртоў. Перад ім ішоў рэйс “Мсціслаў — Мінск” на 16.30. “Магчыма, каб не накладкі з транспартам, на фэсце было б значна больш гасцей”, — казалі крыху засмучаныя гледачы. “Таксама хацелася б убачыць больш арыгінальнай сувенірнай прадукцыі з лагатыпамі свята”, — дадавалі яны.
Спадзяёмся, у наступных нумарах адказы на гэтыя ды іншыя пытанні зможам пачуць ад арганізатараў свята, гутарку з якімі рэдакцыя мае ў сваіх планах.