Так фармаваўся мастацкі густ і ўменне выступаць на сцэне. Акрамя таго, Зіна вучылася ў класе з паглыбленым вывучэннем музыкі ў СШ № 11. Паступова свет музыкі раскрываўся для дзяўчыны ва ўсёй яго прыгажосці і шматграннасці. Сяброўка прапанавала Зінаідзе разам паступаць у Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Дзяўчына згадзілася і паступіла на аддзяленне народнай творчасці (харавая музыка). І вось тут, займаючыся музыкай на прафесійнай аснове, Зінаіда проста закахалася ў сваю прафесію і зразумела, што правільна выбрала справу жыцця.
“ЧЫРКАЎЧАНКА”
Свой працоўны шлях выпускніца каледжа Зінаіда Нілаўна пачала ў Чыркавіцкім цэнтры вольнага часу на пасадзе кіраўніка ансамбля. Вакальны гурт «Чыркаўчанка» быў створаны ў 1979 годзе. 12 лістапада 2003 года пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка А. Глазко ансамбль атрымаў найменне “народны”. Склад калектыву змяняўся, але з першых дзён і па сённяшні момант у ім спяваюць два ўдзельнікі: Галіна Ржэуцкая і Уладзімір Даронін. Ансамбль актыўна ўдзельнічае ў канцэртнай дзейнасці, ён — часты госць у санаторыі “Сярэбраныя ключы”, з поспехам выступае на канцэртных пляцоўках горада, раёна і вобласці.
Цяжка атрымаць найменне народнага ансамбля, але яшчэ складаней яго пацвярджаць. Гэта ўдаецца толькі за кошт карпатлівай працы. Пры падборы рэпертуару для абароны звання, ды і ў цэлым для канцэртнай дзейнасці, Зінаіда стараецца стылізаваць народныя песні, надае ім новае гучанне. Народны ансамбль выступае на абласных і раённых аглядах-конкурсах. Мае мноства дыпломаў, грамат, падзяк і памятных сувеніраў. Калектыў вядзе актыўную творчую дзейнасць: выязджае з канцэртамі па маланаселеных пунктах Чыркавіцкага сельскага савета, на культурна-масавыя мерапрыемствы ў Светлагорск, на святы вёсак і гарадскіх пасёлкаў Светлагорскага, Жлобінскага, Рэчыцкага, Гомельскага раёна. Выступаў ансамбль і ў Польшчы.
“ЖАВАРОНАЧКІ”
У 2019 годзе Зінаіду Нілаўну запрасілі ў ПКЭ кіраваць узорным ансамблем народнай песні “Жавароначкі”, які быў створаны ў 1993 годзе. У 2000-м калектыў стаў узорным. Цяпер ён ператвораны ў студыю. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам рэгіянальнага фестывалю народнай творчасці “Калядныя вечары”, лаўрэат двух міжнародных фестываляў “Піраміда зорак” і “START”, лаўрэат рэспубліканскага фэсту “Просты матыў”… Юныя спевакі студыі з пастаянным поспехам бяруць удзел у шматлікіх гарадскіх мерапрыемствах. Акрамя таго, студыя ўдзельнічае ў навагодніх мюзіклах-казках для дзяцей і ў дзіцячых гульнявых праграмах.
Кіраўнік студыі ўдзельнічае ў напісанні сцэнарыяў і падрыхтоўцы мюзіклаў, а таксама выконвае ролі казачных герояў. У ліпені гэтага года з поспехам прайшла прэм’ера мюзікла для дарослых “Купальская ноч”. Цяпер ідуць рэпетыцыі новага мюзікла-казкі да новага 2022 года.
«DZIVA»
Па меры паспяховага авалодання прафесіяй, удзелу ў творчых праектах і назапашванні вопыту ў Зінаіды Браткоўскай саспела жаданне стварыць свой музычны калектыў. У пачатку гэтага года яна арганізавала вакальную групу “DZIVA” . У склад яе ўвайшлі Надзея Сілівончык, Вікторыя Тарасенка, Вольга Бабруйка і Любоў Друзік. Прэм’ера калектыву “DZIVA” з поспехам прайшла 14 сакавіка. Затым былі выступленні на канцэртных пляцоўках на свяце Дня Перамогі, Дня горада, на ААТ “СветлагорскХімвалакно”, на свяце “Купалле” ў Парычах. Калектыў з натхненнем працуе над пашырэннем рэпертуару.
Такім чынам, з цягам часу раскрываюцца ўсё новыя грані таленту Зінаіды Браткоўскай — кіраўніцы творчых калектываў для дарослых і дзяцей, актрысы мюзіклаў, спявачкі, стваральніцы і кіраўніцы групы «DZIVA». Спадзяюся, ёй скорацца яшчэ многія вяршыні творчасці.
Галіна КАПЕЦКАЯ, Светлагорск
Фотаздымкі з асабістага архіва Зінаіды Браткоўскай