Нарадзілася таленавітая дзяўчына ў горадзе Прыпяць, што ва Украіне. Магчыма, там і склалася б жыццё Вольгі Іванаўны, але збег абставін унёс свае карэктывы. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС дзяўчына разам з сям’ёй пераехала ў Беларусь. Даўняе захапленне мастацтвам прывяло Вольгу ў Бабруйскі дзяржаўны прафесійна-мастацкі каледж, які яна скончыла ў 2002 годзе. Так нарадзіўся мастак роспісу па дрэве. Маладая, энергічная, яна поўнасцю аддавала сілы і час любімаму занятку. Разам з выхаванцамі Рудзенскага цэнтра пазакласнай работы стварала сапраўдныя шэдэўры. Вольга Іванаўна з замілаваннем прыгадвае той час і сваіх першых вучняў.
У 2010 годзе жанчына захапілася размалёўкай шкла і ўвесь вольны час прысвяціла ўлюбёнай справе. Воляй лёсу таленавіты майстар трапляе на Астравеччыну і ўжо амаль цэлы год працуе ў Астравецкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
Старанная, творчая, таленавітая — так характарызуюць Вольгу Іванаўну калегі. Можна бясконца назіраць за яе працай. На вачах адбываецца сапраўдны цуд. Звычайны шкляны выраб набывае адмысловую душу, пачынае граць новымі фарбамі.
Мастацтва — гэта цуд. У гэтым упэўнена і сама майстрыха. А гэтыя цуды Вольга Іванаўна штодзённа стварае ў сваёй творчай майстэрні.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі