Работы членаў Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў займаюць сёння ўсё свабоднае ад кніг месца ў філіяле Прэзідэнцкай бібліятэкі. 19 лістапада майстры прадстаўлялі свае работы для запрошаных гасцей. Таццяна Лычагіна адазвалася пра іх як пра людзей незвычайнай дабрыні і выдатных педагогаў. Бо ў гэты дзень гасцям можна было паспрабаваць сябе ў вытворчасці вырабаў.
Малюнкі на тканіне і дыванах прадстаўлены Вольгай Івановіч, ураджэнкай вёскі са старажытнымі звычаямі Люсіна. З дзяцінства яна любіла маляваць, прытым традыцыйныя для іх мясцовасці матывы, таму і звязала жыццё са спецыяльнасцю мастака. Цяпер у доме рамёстваў яна адкрыла напрамак традыцыйнага роспісу, распрацавала і ўкараніла праграму па рабоце з дзецьмі.
Разнастайныя вырабы з саломкі прадставіла Валянціна Занько, у якой за плячыма дваццацігадовы досвед працы ў гэтым рамястве. Яна можа сплятаць разнастайныя вырабы амаль не гледзячы, што і прадэманстравала на майстар-класе. Яна таксама раскрыла сакрэты часу збору сцёблаў хлебных злакаў, з якіх вырабляюць саломку, каб яна была цёплай і падатлівай.
Макатку, характэрнае для Брэсцкай вобласці гаспадарчае прыстасаванне, вырабляе Марыя Муха. Гэтае прыстасаванне прызначана для завешвання адтуліны печы. З 1988 года Марыя Муха працуе ў Ганцавіцкіх установах культуры, першая ў раёне пачала збіраць узоры ткацтва. А яшчэ Марыя Іванаўна прывезла калекцыю хустак.
Кераміку на выставу прывёз Віталь Шапялевіч, ганчар па адукацыі. Доўгі час ён набіраўся досведу ў майстэрні Алеся Косткі. Цяпер на роднай Ганцаўшчыне ў яго свая студыя, а напружаная праца дазволіла стаць народным майстрам Беларусі.
Мусіць, кожны ў хаце сваіх дзядуль і бабуль мог бачыць дываны з ірванай матэрыі. Давяла да дасканаласці майстэрства іх вырабу Алена Цялушка. Яна сапраўды майстар на ўсе рукі і зараз займаецца ткацтвам разнастайнымі тэхнікамі.
А вось вышыўкай ручнікоў у ганцавіцкім доме рамёстваў займаецца Ульяна Віннік, народны майстар Беларусі. Яна расказвала, што ў маладосці і ў поле брала з сабой вышыўку, каб падчас адпачынку займацца любімай справай. З дзяцінства любоў да вышыўкі і ткацтва пранесла Ніна Казак, таксама народны майстар Беларусі. У яе родзе ўсё займаюцца рукадзеллем, ад бабулі Ніны Мікалаеўны да яе ўнучак. На майстар-клас у філіяле Прэзідэнцкай бібліятэкі яна прывезла з сабой сапраўдныя кросны і паказала, як няпроста, але цікава працаваць на іх.
«Ганцавіцкі дом рамёстваў існуе з 1997 года, — дала каментарый па тэлефоне яго дырэктарка Ала Занько. — Мы дэманструем сваю працу на розных мерапрыемствах, пастаянныя госці «Славянскага базару». Вырабы нашых майстроў вядомыя па ўсёй рэспубліцы і купляюцца з вялікай ахвотай. Акрамя таго пераймаць старадаўняе майстэрства ў дом рамёстваў прыходзяць дзеці. У філіял Прэзідэнцкай бібліятэкі ў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мы патрапілі па запрашэнні Таццяны Трушынай, кіраўніка аб’яднання “Папараць-кветка” пры Саюзе майстроў Беларусі, спецыяліста па народных ляльках. А пасля гэтай выставы некаторыя работы нашых майстроў будуць экспанавацца ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна».
Дарэчы, на многіх творах майстроў з Ганцаўшчыны прадстаўлены буслы. Гэтая птушка — сімвал нашай краіны, які ёсць і на гербе гэтага горада. Так што можна казаць, што творчасць Ганцавіцкіх майстроў — гэта мастацтва з самага сэрца Беларусі.