АНЛАЙН І ЎЖЫВУЮ
І як паказалі размовы з кіраўнікамі, многія музычныя каледжы Беларусі, нягледзячы на неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча, звязанае з распаўсюджаннем Covid-19, усё так жа паспяхова працягваюць як навучанне дзяцей і падлеткаў па розных кірунках музычнага мастацтва, так і не спыняюць працы з замежжам, удзельнічаючы ў шматлікіх дыстанцыйных конкурсах і акцыях.
Скажам, у Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М. К. Агінскага, па словах дырэктара ўстановы Дзмітрыя Раўбы, цяпер заклапочаны правядзеннем некаторых традыцыйных конкурсаў, якія маюць адбыцца тут самым бліжэйшым часам. Так, 25-27 сакавіка павінен прайсці VI Адкрыты конкурс маладых выканаўцаў на аркестравых інструментах імя М.К.Агінскага (група струнна-смычковых інструментаў). Праўда, па словах дырэктара, адміністрацыя будзе сачыць за развіццём эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне. Таму магчымы перанос названага конкурсу і на іншы час.
Між тым, паўсядзённае жыццё каледжа ідзе сваёй няспешнай і традыцыйнай хадой. Так, нядаўна выкладчыкі ўстановы прынялі ўдзел у Рэгіянальным конкурсе метадычных прац у сферы культуры і мастацтва, арганізаваным Магілёўскім каледжам мастацтваў, і былі абвешчаны журы пераможцамі ў розных намінацыях. А 11 студзеня ў Маладзечанскім музычным каледжы адбылося ўрачыстае адкрыццё мастацкай галерэі цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. У трох залах галерэі дэманстраваліся лепшыя дыпломныя работы рознай тэматыкі выпускнікоў аддзялення ДПМ, а таксама частка вучэбных работ. У першай зале можна было ўбачыць вырабы з саломкі і эксперыментальны тэкстыль, у другой — саломапляценне і разьбу па дрэве. Трэцяя зала была прысвечана памяці народнага майстра Беларусі Вікторыі Чырвонцавай, дзякуючы якой у Беларусі сёння шырока вядома маладзечанская школа выцінанкі.
Прымаюць удзел вучні каледжа і ў разнастайных замежных музычных конкурсах, якія ладзяцца цяпер дыстанцыйна. Праўда, па словах Дзмітрыя Раўбы, у сувязі з гэтым узнікаюць і пэўныя пытанні.
— Прычым гэта не столькі пытанні арганізацыі і правядзення конкурсаў, а тое, што на іх у вучняў няма непасрэднага кантакту з гледачамі, няма таго перажывання выступлення ўжывую, якое было раней, — кажа Дзмітрый Раўба. — Так, можна запісаць выступленне з дзясятай спробы і даслаць на конкурс лепшы варыянт, але, пагадзіцеся, гэта крыху не тое. Бо калі ты выступаеш перад гледачамі і ў цябе на добрае выступленне ёсць толькі адна спроба — гэта зусім іншая справа.
КОНКУРС ЗА КОНКУРСАМ
Дарэчы, з агучанай пазіцыяй згодны многія кіраўнікі музычных каледжаў Беларусі.
— Так, у мяне таксама ўзнікаюць пытанні наконт удзелу нашых навучэнцаў у дыстанцыйных конкурсах, — кажа дырэктар Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа Алена Серакова. — І самае галоўнае пытанне — наколькі высокая якасць выканання музычных нумароў у тых, хто прымае ўдзел у конкурсе?
Разам з тым, удзел як у падобных, так і ў традыцыйных конкурсах стаўся ў Лідскім музычным каледжы ўжо завядзёнкай. І не толькі ўдзел, а і перамогі. Напрыклад, зусім нядаўна шэрагам узнагарод былі ўгаранаваны навучэнцы каледжа ў ІІ Адкрытым Рэспубліканскім конкурсе дзіцячага вакальна-харавога мастацтва “Крыштальны голас”, што ладзіўся ў Магілёве, а камерны жаночы хор установы заваяваў Дыплом лаўрэата І ступені у ІІІ Рэспубліканскім конкурсе мастацтваў “Вясёлка талентаў” (Івацэвічы). Таксама шэраг узнагарод былі прывезены і з І Міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу педагагічнага майстэрства Competenza (“Кампетэнцыя”), што прайшоў у Гродне.
Як кажа Алена Серакова, у каледжы вельмі добры педагагічны калектыў, які рэгулярна папаўняецца выдатна падрыхтаванымі выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Дарэчы, адно з пацвярджэнняў гэтых слоў — нядаўняе ўручэнне Прэміі абласнога конкурсу імя А. І. Дубко “Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” ў намінацыі “Выкладчык года” педагогу Алене Сечка.
Вяртаючыся да тэмы дыстанцыйных конкурсаў, не магу не адзначыць, што пра змяншэнне жывых стасункаў як з гледачамі, так і з прафесіяналамі-музыкантамі згадваў у размове са мной і дырэктар Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Анатоль Ліпко.
— На дыстанцыйных конкурсах не адчуваецца жывога спаборніцтва, а ўдзельнікі не адчуваюць хвалявання ад выступлення перад гледачамі і журы, — кажа Анатоль Ліпко. — Разам з тым, падобныя конкурсы таксама даюць магчымасць удасканальваць свой нумар, падрыхтаваць яго больш якасна, так што пэўная карысць ад падобных конкурсаў усё ж ёсць.
Што ж, словам прафесіянала не верыць не выпадае. Балазе на базе Пінскага каледжа мастацтваў традыцыйна ладзяцца абласныя конкурсы выканаўцаў на музычных інструментах імя І. Жыновіча і “Пінская вясна”, конкурс выяўленчага мастацтва “Арт-палітра”, рэгіянальныя конкурсы народнай творчасці “Таленты Палесся”, “Палескія музыкі” і многія іншыя. Так што Анатоль Ліпко цалкам прафесійна можа ацаніць узровень многіх выканаўцаў.
Дарэчы, цяпер у Пінску рыхтуюцца да 30-годдзя Заслужанага аматарскага калектыву народнага ансамбля танца “Пінская шляхта”. Сакрэты падрыхтоўкі да свята Анатоль Ліпко не раскрыў, але паабяцаў запрасіць “К” на само святкаванне, якое, натуральна, павінна прайсці з вялікім размахам.
МУЗЫКАНТ — СЦЭНІЧНАЯ ПРАФЕСІЯ?
Дырэктар Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Наталля Молісава ў размове са мной таксама пагадзілася, што ўдзел у дыстанцыйных конкурсах значна адрозніваецца ад удзелу ў традыцыйных імпрэзах.
— Так, на такі конкурс можна даслаць і дзясяты ці лепшы варыянт, але музыкант — гэта сцэнічная прафесія, ён павінен быць на сцэне, — кажа кіраўнік установы. — Таму жывыя выступленні таксама вельмі важныя. І хоць летась мы паўдзельнічалі ў 98 конкурсах, большасць з якіх прайшла ў дыстанцыйным фармаце, пра выступленні на сцэне таксама не забываем.
Па словах Наталлі Молісавай, удзел у дыстанцыйных конкурсах прынёс і яшчэ адну карысць — значна пашырылася геаграфія гэтых спаборніцтваў. Напрыклад, некаторыя навучэнцы змаглі паўдзельнічаць у міжнародных конкурсах у Чэхіі, Бельгіі, Швецыі.
— Сапраўды, падобныя конкурсы пашырылі нашы кантакты, павялічылі колькасць краін, з якімі мы супрацоўнічаем, — кажа суразмоўца, — але узровень анлайн-конкурсаў, конкурсаў, што ладзяцца ў дыстанцыйным фармаце, думаецца, заніжаны, не заўсёды там можна ўбачыць і паслухаць выступленні на высокім музычным узроўні.
Ёсць, праўда, і адрозныя меркаванні. Так, дырэктар Мазырскага дзяржаўнага музычнага каледжа Алена Бакланава-Назарчук лічыць, што дыстанцыйная форма ўдзелу ў конкурсах дае навучэнцам новыя магчымасці.
— На мой погляд, што б ні адбывалася, усё гэта пашырае нашы перспектывы, — кажа кіраўнік каледжа. — Таму і на гэтых дыстанцыйных конкурсах многія людзі выглядаюць лепей, бо яны адточваюць сваё майстэрства. Так што ўсюды можна знайсці плюсы.
Дарэчы, ёсць і пэўнае пацвярджэнне слоў дырэктара. Так, не так даўно менавіта на такім конкурсе — III Міжнародным фестывалі-конкурсе “Навагодні марафон талентаў”, які ладзіўся ва Удмурцкай Рэспубліцы, у Расіі, — выкладчык каледжа Вольга Пешка заваявала Гран-пры названага конкурсу! А яшчэ, акрамя ўдзелу ў дыстанцыйных конкурсах, выкладчыкі і навучэнцы былі задзейнічаны ў нядаўніх “Снежаньскіх вечарах аркестравай музыкі”, што ладзіліся Мазырскім музычным каледжам.
Летась у маі, па словах Алены Бакланавай-Назарчук, у Мазырскім музычным каледжы адбыўся канцэрт памяці, прысвечаны Міхаілу Дрынеўскаму. Ганаровым госцем установы быў у гэтыя дні Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча, хор, якім, як вядома, 45 гадоў кіраваў менавіта Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі...
Як бачна, неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча не паўплывала ні на навучальны працэс у музычных каледжах Беларусі, ні на ўдзел іх навучэнцаў і педагогаў у шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх ці рэгіянальных конкурсах. Дыстанцыйны фармат конкурсаў, хоць і выклікае пэўныя спрэчкі, безумоўна, з’яўляецца на сёння як пэўным выйсцем з наяўнай сітуацыі з закрыццём межаў, так і добрай магчымасцю пашырыць кантакты ды завязаць новыя сувязі з усім музычным светам. І, мабыць, гэты вялікі музычны і сяброўскі плюс з лёгкасцю пераважыць усе магчымыя і, можа, у пэўнай ступені нават уяўныя мінусы.