«З усіх магчымых пераўтварэнняў робяцца толькі тыя, што хутка прыносяць знешні піяр-эфект, або не выпраўляюць, а прыхоўваюць застарэлыя сістэмныя памылкі».
«Новыя бібліятэкі» — кепска прадуманыя месцы для мерапрыемстваў з дызайнам «ад «Ікеа» (за вар’яцкія грошы) і кнігамі як антуражам для гэтых мерапрыемстваў».
«У галандскім (як і ў іншым замежным досведзе) самае каштоўнае — не знешні бок і дызайн, а нябачная неспецыялісту арганізацыя ўнутраных працэсаў, прадуманая тэхналогія, пад якую і робіцца дызайн».
«Маскоўскія бібліятэкі перастаюць быць бібліятэкамі, бо пераўтвараюцца ў клубы, дзе замест асветы — забаўкі».
«Бібліятэкі не маюць магчымасці аддалена выкарыстоўваць электронныя рэсурсы, таму трапілі ў пастку заканадаўчых абмежаванняў. Падпіска на рэсурсы становіцца дамінуючай мадэллю ўзаемаадносін бібліятэк і выдавецтваў. Першыя не могуць заставацца ўласнікам рэсурсаў, пераўтвараюцца ў пасярэдніка паслуг».
«А якой будзе бібліятэка гадоў праз …цаць? Бібліятэчная справа перажывае крызіс. І ніхто не ведае, што будзе далей. У лепшым выпадку гаворка вядзецца пра мадэрнізацыю таго, што маецца».
«Усё менш становіцца бібліяфілаў, імкліва павялічваецца колькасць бібліяпатаў і — проста жах! — пачынае нараджацца племя бібліяфобаў».
«Па ацэнцы экспертаў, да 2020 года састарэюць прафесіі турагента, лектара, бібліятэкара, стэнаграфіста, білецёра, ліфцёра, паштальёна…»
«Будучыня бібліятэкара — мадэратар? А мо — архітэктар інфармацыйных сістэм і арганізатар інтэрнэт-суполак?»
«А ў ЗША работу бібліятэк ацэньваюць па колькасці мерапрыемстваў».
«Генеральны дырэктар Дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Расіі, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны работнік культуры Расіі Якаў Шрайберг перакананы, што бібліятэкі, як культурныя інстытуцыі, абавязкова захаваюцца. Гэта важны кампанент інфармацыйнага грамадства. Як без іх могуць развівацца навука, тэхніка, адукацыя, культура? Ціск лічбавага кантэнту, безумоўна, магутны. Але ў многіх карыстальнікаў складваецца няправільнае адчуванне, што можна атрымаць любую інфармацыю, мінаючы бібліятэчныя залы».
«У ЗША памер фінансавання як публічных, так і ўніверсітэцкіх бібліятэк залежыць ад таго, колькі мерапрыемстваў яны правялі за год. Якія гэта мерапрыемствы? А нічога мудрагелістага: сустрэчы з пісьменнікамі, літаратурныя чытанні, заняткі па вывучэнні розных моў».
«Мы забыліся пра сервісныя паслугі, нехарактэрныя для бібліятэчнай справы. Амерыканцы іх не цураюцца. Вельмі запатрабавана наведвальнікамі дапамога ў пошукавай рабоце: маніторынг баз дадзеных, складанне правільных рэзюмэ».
«У нашых бібліятэках нельга пашыраць да бясконцасці спіс платных паслуг. Камерцыя будзе замінаць выкананню непасрэдных бібліятэчных абавязкаў».
«Праблема аўтарскіх правоў тармозіць алічбоўку бібліятэчных фондаў і вядзе да абмежаванняў вольнага доступу да сканіравання друкаваных выданняў. Выйсце, напэўна, ва ўкараненні прынятай на Захадзе дактрыны добрасумленнага карыстання. Інакш кажучы, кліент папярэджваецца аб адказнасці ў выпадку парушэння закона. Ён павінен памятаць, што электронная копія не распаўсюджваецца і знішчаецца пасля пэўнага тэрміну…»
Мая любімая ўстанова
Суб’ектыўныя нататкі замест абагульнення
Пагаджуся амаль з кожным выказваннем. Не буду іх паўтараць. Пастараюся абагульніць ідэі ды прапановы і спраекаваць іх на беларускія бібліятэчныя рэаліі. Але агаваруся, мае развагі будуць мець суб’ектыўны характар, бо зараз пачну «будаваць» бібліятэку, якая спадабаецца менавіта мне. Вельмі спадзяюся, што публікацыя (не прыхоўваю — у нейкай ступені правакацыйная) займее працяг. Вельмі цікава, якую ідэальную для сябе бібліятэку «пабудуюць» нашы чытачы?
«Мая» бібліятэка павінна мець паўнацэнны кніжны фонд не толькі айчынных, але і расійскіх больш-менш свежых выданняў. Бібліятэкар не павінен перашкаджаць мне корпацца ў кнігах. Але буду вельмі рады, калі ён здолее ўцягнуць мяне ў літаратурную дыскусію і годна прарэкламуе навінкі, бо ў літаратурным працэсе з-за занятасці на працы арыентуюся не вельмі.
Выбар кніг займае ў мяне не больш за паўгадзіны. Мяне гэта не задавальняе. Таму ідэя трансфармацыі бібліятэк ў гарадскія гасцёўні — падабаецца. Я гатовы, да прыкладу, рэгулярна ўносіць на бібліятэчны рахунак пэўныя грошы, каб папіць кавы ў чытальнай зале і ўрэшце пазнаёміцца з той чытачкай, якая любіць амаль тыя ж кнігі, што і я… Урэшце, слова «гасцёўня» мае тыя ж карані, што і «гасціннасць». Мне яе ў нашых бібліятэках не стае. Так, для мяне важна, каб бібліятэка набыла пэўныя рысы клуба. І я ніколі не пагаджуся, што радасць чалавечых зносін — не асвета, а забаўка. Яшчэ ў дзяцінстве чуў ад дарослага сябра-чытача, што не толькі чытанне, а нават пасіўная блізкасць да кніг прыносіць карысць. Так што папіць кавы сярод кніг — тэрапія нават для бібліяфоба. У кожным доме павінна быць бібліятэка: не чытаюць дзеці — возьмуцца ўнукі…
Мяне не цікавяць «нябачная неспецыялісту арганізацыя ўнутраных бібліятэчных працэсаў», аўтарскія правы на рэсурсы — пра тое нам распавядуць, спадзяюся, спецыялісты. Больш даспадобы асоба бібліятэкара, прафесія якога, на мой погляд, не знікне ніколі. У сталічным філіяле ля кальцавой дарогі, дзя я пастаянна «пасуся», найпершы «факультатыўны» абавязак бібліятэкараў — чытанне кніг. Спаборнічаць з імі ў гэтым — немагчыма. І калі мне цяжка арыентавацца ў кніжным «хіт-парадзе», яны становяцца мадэратарамі майго чытання. Такога прафесіяналізму хранічна не стае на сяле — мяркую, зноў-такі, па камандзіроўках. І мяркуючы па напоўненасці згаданага філіяла па суботах, экспансія бібліафобаў мінскім спальным ускрайкам не пагражае… Я вельмі хачу, каб эфектыўнасць бібліятэк ацэньвалася па колькасці мерапрыемстваў. Толькі вось сустрэчы з графаманамі і сустрэчы з пісьменнікамі — не адно і тое ж.
Немагчыма глядзець кіно і чытаць кнігі з дапамогай манітора. Я — за першароднасць «чайнай цырымоніі». І праз вякі, хачу верыць, з бібліятэк не выветрыцца непаўторны пах папяровых старонак. Хтосьці называе яго кніжным пылам. Але ў сапраўднай бібліятэцы чытач не дазволіць яму доўга залежвацца.