ПРАПУСЦІЦЬ РЭПЕТЫЦЫЮ? ДЫ ШТО ВЫ!
— У нас не бывае выпадковых работнікаў, — кажа Галіна Іванаўна. — Яны проста не затрымліваюцца. Работнік культуры павінен любіць і працу і людзей, бо без стасункаў з імі ў прафесіі не абысціся. Патрэбна верыць у тое, што культура ўплывае на грамадства, робіць яго лепшым. І без вялікага творчага патэнцыялу не абысціся…
У Балінскай ніколі не ўзнікала жаданне змяніць прафесію. У культуру прыйшла адразу пасля школы. Год працавала загадчыкам сельскага клуба ў вёсцы Солы, што на Смаргоншчыне. Праз год паступіла ў Гродзенскае культасветвучылішча на аддзяленне харавога дырыжыравання. Атрымала чырвоны дыплом, для працы выбрала Ашмяны: у раённы дом культуры быў патрэбны метадыст, дый малая радзіма месцілася непадалёк. І заглыбілася Галіна Іванаўна ў справу з галавой. Тады папулярнымі былі хары, якіх у раёне налічвалася некалькі дзясяткаў. Малады спецыяліст узяла пад кантроль рэпетыцыі, канцэрты, заахвочванне ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці.
— Тады спісы гэтых удзельнікаў, якія не прыйшлі на рэпетыцыю, клаліся на стол старшыні райвыканкама, — згадвае Галіна Балінская. — І зусім не для таго, каб пакараць харыстаў за недысцыплінаванасць, а каб паставіць на месца кіраўніка арганізацыі ці прадпрыемства, які не адпусціў на рэпетыцыю падначаленага або не паклапаціўся пра стымуляванне творчасці.
ВОЧЫ БАЯЦЦА, РУКІ РОБЯЦЬ
У 1976 годзе Галіна Іванаўна паступае ў Інстытут культуры. У сорак гадоў яна ўзначальвае раённы аддзел культуры. Адказнасці не баялася ніколі. Хапала смеласці на прыняцце цяжкіх і складаных рашэнняў. “Вочы баяцца, а рукі робяць”, — пераконвала яна сябе і сваіх калег. А з калегамі пашанцавала. Калі таленавітасць спалучаецца з адказнасцю, поспех справы гарантаваны.
Пра творчых людзей не скажаш “маса” ці “ўсе як адзін”. Кожны — індывідуальнасць. У рабоце гэта і плюс, і мінус адначасова, бо з такімі заўжды няпроста. Але Галіну Іванаўну адразу пачалі паважаць за прынцыповасць і справядлівасць. За сваіх яна заўжды стаяла гарой.
Галіна Іванаўна ніколі не саромелася вучыцца. Яна ўдзячная лёсу за тых, з кім давялося сустрэцца на прафесійным шляху. Таму і зроблена было шмат. Сапраўднымі настаўнікамі для яе сталі тагачасны кіраўнік раёна Юрый Адамчык і намеснік старшыні райвыканкама па “сацыялцы” Валянціна Лузіна, якія ведалі пра мясцовую культуру ўсё і ўсяляк спрыялі ажыццяўленню самых смелых планаў Балінскай.
РЭАЛІЗАВАНЫЯ ІДЭІ
Мерапрыемства “Прысвячэнне ў паўналецце” было адзначана на ўзроўні Міністэрства культуры Беларусі. Праект падхапілі ў іншых раёнах. Доўгажыхаром стала ідэя адзначаць у Ашмянах “Калядныя сустрэчы”.
Значна папоўнілася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў культуры дзякуючы ажыццяўленню праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва і стасункам з фондам Льва Сапегі. У выніку значна пашырылася кола аднадумцаў, і замежных, і сваіх. Значную дапамогу аказалі Галіне Іванаўне Марына Белавус, Сяргей Жылік. Брэндам стаў фэст сярэднявечнай культуры ля муроў Гальшанскага замка. Акцыя паклала пачатак рэстаўрацыі і кансервацыі гэтай “каменнай кветкі” гальшанскай зямлі.
Вось ужо пяць гадоў як Галіна Іванаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але яна не сядзіць склаўшы рукі. Усю сваю творчую энергію актыўная жанчына перанесла на лецішча: даглядае дом і сад. Даглядае так, каб наўкола была прыгажосць. Хіба ж дзіва, што і вакол самой Галіны Іванаўны пастаянна збіраюцца прыгожыя людзі. Шматлікіх гасцей яна частуе ўласнымі пірагамі. Кажуць, смаката неймаверная.
Аліна САНЮК, Ашмяны
Фота з архіва Галіны Балінскай