— Давайце нагадаем спачатку, што паўплывала на тое, каб бізнесовец Ігар Архіпаў стаў музыкантам Ягорам Архіпавым.
— Так абставіны склаліся. З пяцідзесяці гадоў пачаў задумвацца над стварэннем ансамбля. Што паробіш, калі спеўная душа ў беларуса. І музыку рабіць хацелася, і спяваць. Апошнім штуршком вось што стала. Пачуў некалькі канцэртаў гомельскага песеннага фальклору і вырашыў сам заняцца гэтым ушчыльную. Усё адно да аднаго ідзе: сустрэў выкладчыцу дзіцячай школы мастацтваў Наталлю Дуброву (Багданаву), якая даўно займалася аўтэнтыкай і спявала ў фальклорным гурце. Запрасіў яе. Працаваў спачатку з рознымі музыкантамі, спрабаваў апрацаваць некалькі песень. Нібыта атрымалася. Рэпетыцыямі вельмі сур’ёзна заняліся. Дзень нараджэння “Ягоравай Гары” — 11 студзеня. У красавіку — маі штосьці ўжо зладзілася: зрабілі пяць — шэсць песень.
— У якім вы сёння складзе?
— Ірына Глушэц, Кацярына Магонава і Ягор Паляшук… Хачу яшчэ чалавека ўзяць у склад гурта. Інструментаў шмат. Неабходна іх выкарыстоўваць шырэй. А дзяўчаты, між іншым, — майстрыхі традыцыйнага спеву. Такой манеры няма ў іншых фольк-гуртоў. Музыка прыстасавана пад сучаснага слухача, а манера спеву — тая ж, спрадвечная.
— Наконт інструментаў патлумачце, калі ласка.
— У маёй калекцыі — увесь набор народных беларускіх традыцыйных інструментаў. Трэба іх асвойваць, каб не былі музейнымі экспанатамі, а працавалі.
— Што зрабіла “Ягорава Гара” за гэты час?
— Набылі, па-першае, вялікі вопыт. Заўважце, мы ж музыкантамі ўвогуле не былі. Прыйшлося вучыцца аўральнымі тэмпамі. Вучыліся і вучымся. У 2016 годзе выдалі першы дыск зборных песень, якія мне тады найбольш прыйшліся даспадобы. Цяпер працуем над двума альбомамі. Не спяшаемся, бо хочацца, каб вынік быў істотным і важкім… Ну і канцэртнай дзейнасцю пастаянна займаемся.
— Як эканамічныя пытанні вырашаеце?
— Ёсць у нас, натуральна, платныя канцэрты. Шмат і запрашэнняў: на адкрыццё і закрыццё Еўрапейскіх гульняў, на свята “Александрыя збірае сяброў”, на піцерскі фэст “Славянскі кірмаш”. Безумоўна, бывае, што і свае грошы ўкладаеш. Да прыкладу, студыйнае абсталяванне набыў — некалькі песень зрабілі самастойна. Майстэрынг імкнуся рабіць сам, бо прасіць — шмат грошай укладаць. Словам, імкнёмся быць ва ўсім самастойнымі.
— Прадзюсарскім цэнтрам сталі пасля таго, як набылі студыйнае абсталяванне?
— Абсталяванне абсталяваннем. Галоўнае ў тым, што кола майго музычнага сяброўства значна павялічылася за гэтыя гады. Я адчуў магчымасць рабіць з сябрамі-музыкантамі штосьці яшчэ і па-за межамі фальклору. Эсперыменты гэтыя прыносяць мне мора задавальнення. Спрабую рабіць інструментальную музыку. Самыя розныя стылі выкарыстоўваю: эстрадны поп, псіхадэлік, індастрыял… Сам слухаю вельмі розную музыку. Канкрэтнай прывязанасці тут няма. І гэта не класічны рок, а, скажам, сучасны ф’южн… Другі складнік дзейнасці нашага прадзюсарскага цэнтра — правядзенне адкрытага міжнароднага фальклорнага фестывалю-конкурсу “Прамень”. Гэта вынік, так бы мовіць, сяброўства з цудоўным музыкантам і педагогам Іванам Кірчуком. Аднойчы ён завітаў у Гомель, і я выклаў яму думку пра фальклорны фэст, які хацеў зладзіць менавіта на роднай Гомельшчыне. Ён падтрымаў ідэю, і напрыканцы 2018 года ў Гомельскім гарадскім цэнтры культуры прайшоў першы “Прамень”. Людміла Паніна — кіраўнік ГЦК — цалкам нас падтрымала. Другі фэст, што правялі днямі, прайшоў таксама ў гарадскім цэнтры культуры.
— Фестываль становіцца для вобласці брэндавым. Мяне, напрыклад, вельмі ўразіла тое, што Гран-пры на другім “Прамяні” атрымаў інклюзіўны гурт “Вясёлка” з Мазыра.
— Праграма другога фэсту была больш цікавай. Справа зразумелая: “Прамень” развіваецца. Былі і танцы, і вакал, і змешаныя віды мастацтва, і інструментальная музыка. Думаю, што фальклорная традыцыя і аўтарскія перастварэнні фальклорнай стылістыкі былі прадстаўлены вельмі яскрава… Крыўдна, што два калектывы не выпусцілі з Украіны па прычыне эпідэміі.
— “К” у інтэрв’ю з Алегам Скрыпкам, Святаславам Вакарчуком гаварылі пра магчымасць правядзення сумеснага, беларуска-ўкраінскага фальклорнага фэсту пад назвай, скажам, “Сівы конь” (песню гэтую і па-ўкраінску спяваюць, і па-беларуску). У вас думкі наконт такой узаемакарыснай калабарацыі ўзнікалі?
— Прыглядаюся да Украіны вельмі ўважліва, бо тамтэйшае музычнае жыццё на дзіва стракатае і цікавае. Планую і на Польшчу выйсці. Тут трэба зацікаўленую асобу знайсці. Як, да прыкладу, Іван Кірчук у дачыненні да нашага фэсту “Прамень”.
— А са сталічнымі фальклорнымі гуртамі супрацоўнічаеце?
— Усё ж найперш хацелася б ахапіць сваім уплывам менавіта родную Гомельшчыну, якая надзвычай багатая на песенна-мастацкія традыцыі.
— Як ураджэнец Веткі я абедзвюма рукамі за!
— Нашы вельмі блізкія сябры — “Стаўбунскія вячоркі” з Веткаўшчыны.
— Ведаю, што яны цудоўна выступілі на другім “Прамяні”. Кіраўнік гурта Святлана Парашчанка падчас аднаго з інтэрв’ю прасіла мяне прыдумаць для “…вячорак” які-небудзь сумесны праект, бо былі яны з канцэртамі паўсюль, і ў Беларусі, і ў Расіі, а хочацца развівацца. З такой неўтаймоўнасцю “Стаўбунскім вячоркам” яшчэ зрываць ды зрываць апладысменты…
— Паспрабуем з імі выканаць разам некалькі песень… Трэба ўсё рабіць, каб наш фальклор быў запатрабаваным.
— Ягор, наступнае пытанне ў мяне правакацыйнае. Хочаце, можаце не адказваць… Я штосьці не знайшоў пісьмовых крытычных водгукаў на вашу дзейнасць. Кепска шукаў?
— Не, чую па размовах, што крытыкуюць. За тое, найперш, што часам, маўляў, здраджваю акапэльным аўтэнтычным спевам і раблю зусім іншую музыку. Я ў першую чаргу арыентуюся на маладзёжную публіку. Але, цікава, у розныя сезоны, узрост публікі мяняецца. Як паказвае стытыстыка сацыяльных сетак, асноўны наш “зімовы” слухач — ад 35 да 50 гадоў. Летам “памаладзеем”.
— На адкрытых пляцоўках моладзь успрымае вашы эксперыменты “на ўра”.
— А як толькі пачыналі, дык крытыкаваць спрабавалі менавіта за аўтэнтыку. Гэта цяпер мы прыдбалі папулярнасць… У мяне адносна нядаўна была размова з адным з музычных крытыкаў, які настойліва сумняваўся ў творчых дасягненнях. Я параіў яму зайсці на міжнародны партал “Этнаклауд”, дзе ў TOP-40 мы займалі восенню першае і другое месца. Крытык пасля кліку нават твар згубіў ад сораму.
— Аргумент!
— Мне нядаўна лісты прыйшлі з Англіі, Канады, Амерыкі з просьбай выслаць наш музычны матэрыял. Пачатак — абнадзейваючы.
— Будзем спадзявацца, што і фінал будзе адпаведным.