Рыгор БЫСЮК, дырэктар Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой”:
— Мяркую, што Брэсцкая крэпасць як мемарыяльны комплекс, як музей пад адкрытым небам годна будзе прымаць у сябе акцыю. Сваіх наведвальнікаў мы плануем прыцягнуць шматлікімі праектамі. Сярод апошніх — і перасоўныя выстаўкі “Брэсцкая крэпасць. Дарогамі памяці”, “Памяць, абпаленая вайной”, “Кіналетапіс Брэсцкай крэпасці”. Гэткім чынам мы прадставім мемарыял навучэнцам адукацыйных устаноў горада і вобласці. Будзе прадоўжана супрацоўніцтва з Калініградскім, Разанскім і Бяла-Падляшскім музеямі. Задзейнічаем і новую музейную прастору ў адрамантаванай паўночна-ўсходняй казарме. Там пройдзе выстаўка, прысвечаная падзеям Першай сусветнай вайны. Акрамя гэтага, плануем адзначыць 70-годдзе Перамогі праектам “Мая вясна — мая Перамога”.
Не забудзем і пра важных для нас юбіляраў. Сёлета споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка Сяргея Смірнова. Нельга не згадаць і пра векавыя ўгодкі Канстанціна Сіманава, а яшчэ — 135-годдзе генерал-лейтэнанта Карбышава.
Акрамя вышейзгаданага, Брэсцкая крэпасць будзе ініцыятарам больш чым ста мерапрыемстваў, звязаных, у тым ліку, і з пасвячэннем у навучэнцы на брэсцкай зямлі, з прыняццем прысягі войнамі брэсцкага гарнізона, памежнікамі. Я ўжо не кажу пра Вахту Памяці, якая пройдзе ў ноч на 22 чэрвеня — у гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны…
Вялікую ўвагу надаём маркетынгу і прасоўванню. З апошняга — абнаўленне сайта, праз які зараз можна здзейсніць віртуальную экскурсію. У працэсе завяршэння — рэкламныя банеры, што дапамагаюць рабіць нам нашы спонсары. Такім чынам, рэклама мемарыяла размесціцца па горадзе. Кожнаму ж наведвальніку мы дорым буклеты і памятныя білеты, якія спецыяльна былі падрыхтаваны…
Святлана СЯМАШКА, дырэктар Брэсцкай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы:
— Так, сапраўды, праект “Брэст — Культурная сталіца Беларусі-2015” ужо пачаў рэалізоўвацца. Актыўны ўдзел у гэтым прымаюць усе ўстановы культуры горада. Як дырэктар бібліятэчнай сістэмы, канешне ж, распавяду пра тое, што плануецца сёлета ў нашых бібліятэках.
Па-першае, мы ўзялі на сябе інфармацыйнае забеспячэнне праекта “Культурная сталіца Беларусі”. Ва ўсіх папулярных у нашай краіне сацыяльных сетках створаны суполкі, якія так і называюцца: “Брэст — Культурная сталіца Беларусі-2015”. Задача гэтых прастор — папулярызацыя культуры нашага горада ў інтэрнэт-прасторы. Зараз вядзецца таксама актыўная работа над афіцыйным сайтам з аднайменнай назвай. Акрамя навін, сайт змяшчае фотаздымкі Брэста, відэаматэрыялы, кінафрагменты. Культура горада — вельмі багатая, таму на сайце будзе дастаткова сталых рубрык: тэатры, кіно, канцэрты, бібліятэкі. Вялікі раздзел маем прысвяціць жыхарам горада, чые лёсы знітаваны з культурай. Увогуле, мне падабаецца думка, што культура — гэта перш за ўсё людзі, а не аб’екты: культура — гэта мастакі, музыканты, акцёры… Задумак па сайце шмат, ён стане вельмі насычаным і маляўнічым. Займее і свае “фішкі”: напрыклад, відэашэрагі “Вядомыя жыхары Брэста”, гэткія маналогі-разважанні на тэму культуры, чытання, бібліятэк. З’явіцца і калонка нашага мэра “Размова з Аляксандрам Рагачуком”, дзе ён будзе даваць каментарыі да значных гарадскіх мерапрыемстваў.
Акрамя інфармацыйнай функцыі, якую мы на сябе ўзялі, плануем і шэраг імпрэз. Прыкладамі могуць быць сустрэчы з пісьменнікамі ды паэтамі, прычым не толькі з брэсцкімі і беларускімі, але і з аўтарамі з Расіі, Украіны, Польшчы, Францыі, Швецыі. Вялікіх міжнародных сустрэч, дарэчы, мяркуем правесці з дзясятак. Спрабуем дамовіцца нават з самымі вядомымі пісьменнікамі. З ганаровым консулам Францыі ў Брэсце вядзём перамовы, каб нас наведалі Гіён Мюсо і Марк Леві. Магчыма, прыедзе і нехта іншы, але — не менш значная літаратурная персона Францыі. А французскія аўтары зараз у трэндзе. Ну а першая сустрэча адбудзецца ў лютым — з маладым украінскім паэтам Дзмітрыем Алейнікам, добра вядомым у Сеціве.
Сёлета ў Брэсце пройдзе акцыя “Паэтычны тралейбус”, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі. Па горадзе будзе курсіраваць тралейбус, дзе пасажыры змогуць пачуць вершы ў выкананні вядомых асоб: дырэктараў заводаў, чыноўнікаў, спартсменаў і, вядома ж, дзеячаў культуры.
Летам традыцыйна адбудзецца свята кнігі “Бульвар, які чытае”: вулічнае мерапрыемства, што ўключае і паэтычны марафон, і тэатралізаванае прадстаўленне, і шматлікія выстаўкі.
Прэзентуем і бібліятэчны маладзёжны праект “Кніжны пераплёт”, прымеркаваны акурат да Года моладзі. Сутнасць яго ў тым, што вядомыя фатографы горада будуць здымаць маладых людзей у вобразах іх улюбёных літаратурных герояў. Падтрымае гэты праект крама брэндавага адзення, а мадэлі павінны быць чытачамі якой-нібудзь брэсцкай бібліятэкі. Адзначу таксама Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі, які распачнецца ўжо ў сакавіку, а цягам лета мае працаваць Праграма дзіцячага чытання “Па кніжным моры — пад ветразем лета”.
Як дырэктар бібліятэчнай сістэмы хачу сказаць, што бібліятэка — гэта перш за ўсё ўстанова культуры. Тое, што Брэст стаў Культурнай сталіцай рэспублікі, адкрывае для нас новыя шляхі, новыя вырашэнні бібліятэчных ды культурных пытанняў, і мы вельмі шчаслівыя, што наш горад перамог у спаборніцтве за права займець высокі статус!..
Таццяна КАЛТЫНАЕВА, дырэктар Брэсцкай абласной філармоніі:
— Канешне ж, мы актыўна ўключымся ва ўсе культурныя гарадскія мерапрыемствы. Філармонія ўжо распрацавала для сябе святочныя эмблемы, а таксама падрыхтавала некаторыя імпрэзы. Адна з нашых прапаноў — гэта прыцягненне аматараў і прафесійных артыстаў на нашу пешаходную вуліцу з правядзеннем там шматлікіх дзей, не заўсёды нават звязаных непасрэдна з музыкай. А канцэртнае жыццё філармоніі — заўсёды вельмі насычанае! Ад гэтага правіла мы не станем адыходзіць і ў 2015-м!
Больш канкрэтная інфармацыя з’явіцца трошкі пазней, бо зараз праекты і прапановы разглядаюцца на ўзроўні гарвыканкама. Ну а мы вельмі стараемся узняць культурны ўзровень нашага горада ды нашай установы на яшчэ больш высокія пазіцыі, каб пацвердзіць, у тым ліку, і статус Культурнай сталіцы. Важна тут, сярод іншага, здзівіць ды “раскатурхаць” людзей, прывабіць іх сваімі мерапрыемствамі, каб гэты год ім запомніўся сапраўды як асаблівы…
***
Як бачна, план у Культурнай сталіцы-2015 ёсць, засталося толькі “перачакаць” гэтую эйфарыю атрымання статуса і прыступіць да рэалізацыі пунктаў немалой праграмы дзеянняў. Дарэчы, кожны з суразмоўцаў запрашаў наведаць Брэст усіх чытачоў “К”, гарантуючы яскравыя ўражанні ад візіту. Таму, бачачы ўпэўненасць гаспадароў у сваіх сілах, сапраўды чакаеш ад 2015-га толькі самага культурнага і цікавага!..