Удзельнікі праекта "Канструктар" пад час сустрэчы з рэктарам. / Фота Юрыя ІВАНОВА
Ко-івэнт
Як тлумачыць Насця Батура, гэта самая event-арганізаваная каманда праекта “Канструктар”. Тут твораць мары, трансфармуюць іх у думкі, ажыўляюць праекты.
— Мы ствараем канцэпцыю падзеі, — кажа кіраўнік ITV START, — пераўтвараем студэнцкія “Хачу” і “Трэба” ў творчы праект. Ніякіх стэрэатыпаў — толькі інавацыі! Варта пасябраваць з рызыкай ды ўважліва прапрацаваць каштарыс неабходных рэсурсаў. Ніводная творчая ініцыятыва студэнтаў не павінна застацца па-за ўвагай…
“Канструктар” мае намер паказаць прыцягальнасць “думацельнай” атмасферы, што вядзе рэй у аўдыторыях і майстэрнях БДУКіМ, змяніць да лепшага ўяўленне аб установе. Як тут не згадаць Самэрсэта Моэма: “Геній — вось што такое звычайны чалавек. Усё астатняе — выключэнне з правіла”...
Што ж за падзея рыхтуецца? Свята студэнцтва напрыканцы навучальнага года. Як абяцае ITV START, гэта будзе творчая справаздача з мноствам “фішак”, якія проста не пакінуць шанцаў стэрэатыпам. Пабачым-пабачым…
Ко-відэа
Без свайго тэлебачання такой установе, як БДУКіМ, абысціся сапраўды немагчыма. Тут студэнцкія “Хачу” і “Трэба” зліваюцца ў маналітнае жаданне стварыць партал інтэрнэт-тэлебачання з выхадам на Youtube, на старонкі сацыяльных сетак ды ўніверсітэцкі сайт. Мэта: інфармаванне студэнтаў і супрацоўнікаў аб акцыях ды праектах, стварэнне ўласнага кантэнту якасных і запатрабаваных перадач, што маюць трансляваць ва ўніверсітэце і выкласці ў Сеціве. А што, справа — іміджаўтваральная.
Ко-брэндынг
Дык вось, пра імідж. З брэндавасцю ён — заўжды поруч. Каманда ко-брэндынг стварае ўніверсітэцкі брэнд. Моцны і непахісны. Справа — не з лёгкіх. Але хто з маладых ды мэтанакіраваных баіцца цяжкасцей? Тым больш, што ў планах гэтых маладых — наладжванне ў сацыяльных сетках он-лайн-продажу сувенірнай прадукцыі з універсітэцкімі сімваламі.
Ко-папера
Гаворка — пра ўніверсітэцкую газету “Alma Papera”. Новая каманда катэгарычна вырашыла: тут многае трэба змяняць. Пашырыць штат, папрацаваць над фірмовым стылем, “заактуаліць” рубрыкі… У добры шлях, калегі! Спадзяёмся, што неўзабаве “папяровыя” матэрыялы з’явяцца і на старонках “К”.
Ко-прадзюсары
Яны плануюць ушчыльную заняцца “раскруткай” універсітэцкага фальклорнага калектыву “Талака”. Гаворка — пра брэнд, рэкламу, піяр, арганізацыю гастролей. Таксама слушная ідэя. Кіраўнік “Талакі” — загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ Вячаслаў Калацэй — знішчае стэрэатып пра тое, што фальклор любяць толькі асобы ва ўзросце. І сённяшнім маладым крэатыўшчыкам без яго проста не абысціся. Так што “раскрутка” калектыву — справа самая што ні ёсць прагрэсіўная. Хоць і ведаюць пра “Талаку” ў Францыі, Літве, Эстоніі, Расіі, піяр у Беларусі гурту ніяк не пашкодзіць.