У стылі полістылю...
Аляксандра НЯХАЙ, якая другі год займаецца ў эстрадна-вакальнай студыі пры артгрупе "Беларусы" музычнага прадзюсарскага цэнтра "Залатыя галасы", - дзяўчынка надзвычай дапытлівая.
- Ёй мала сказаць, як трэба рабіць, - расказвае кіраўнік "Беларусаў" Валерый Шмат,- неабходна яшчэ абавязкова растлумачыць, чаму менавіта так, а не іначай. Хвалююся, што мяне не будзе побач з Сашай пад час конкурсных праслухоўванняў: у нас даўно запланаваны гастролі, якія нельга адмяніць, і мы паспяваем толькі да фінальнага канцэрта. Так што, хаця Сашу будуць апекаваць маці і іншая настаўніца, ёй і папраўдзе давядзецца рэалізоўваць ідэі самастойнасці на практыцы, спяваючы "Саўку ды Грышку" і маю полістылёвую, сатканую з вядомых мелодый кампазіцыю "Баю-бай"...
- Зараз паклічу,- адказала на маё тэлефанаванне Сашына маці. - Яна тут на двары сабак "дрэсіруе".
- Ды нічога я іх не дрэсірую! - паправіла, узяўшы трубку, Аляксандра. - Бэта, Віня, Туся самі гуляюць. І коцік Юнік - з імі. А яшчэ два папугаі. Усе мы жывём у Бараўлянах. А дзядулі ўжо з намі няма... Але сваё выступленне на "Славянскім базары..." я прысвячаю яму - ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, мастаку Уладзіміру Андрэевічу Дзяменцьеву. І вельмі ганаруся, што мяне запрасілі выступіць на Паклоннай гары ў Маскве - на Дзень горада. І прынялі ў музычную школу імя Юрыя Саульскага, таксама ў Маскве. Але я туды пераеду не назаўсёды - буду проста прыязджаць і займацца.
...і ў стылі, які пасуе
Знаёмцеся: Ганна АТРОШЧАНКА - салістка вакальнай студыі "Мікс" пры СШ №161 г. Мінска.
- Ганначка займаецца ў мяне ўжо чатыры гады, - распавядае яе выкладчык, вядомая выканаўца народных песень Ірына Раманоўская. - Я выбрала з іх класа чатырох чалавек, склала ансамбль, але хутка зразумела, што гэтая дзяўчынка здольная і на сольныя выступленні. Цяпер усе дзеці хочуць спяваць эстраду, яна ж папрасіла- народныя песні. Пакуль у ейным рэпертуары - толькі рускі фальклор у разнастайных апрацоўках, але хутка будзем спяваць і беларускі. На конкурсе ж гэта будзе ўраўнаважана беларускамоўнай "Зязюленькай", якую я напісала разам з Аляксандрам Сарымцакавым. Мне часам кажуць, што песня "Выйду на вуліцу", маўляў, не падыходзіць дзяўчынцы па ўзросце. А вы паслухайце ўважліва тэкст! Там няма нічога, што выдавала б сталасць выканаўцы. Але твор вельмі складаны па інтанацыйнасці, не ўсякі студэнт Універсітэта культуры справіцца. Таму і спяваюць яе дарослыя! А ў нас яна зроблена ў эстраднай апрацоўцы, сцэнічны строй- не традыцыйны сарафан, а сучасныя фантазіі маладзёжнага дызайнера Жанны Калтыковай.
- Народныя песні, - тлумачыць свой выбар юная канкурсантка, - вельмі прыгожыя. Як жа іх не спяваць!