Пакуль жа прыслухаемся да слоў беларускага кампазітара Алега Елісеенкава, які таксама - у складзе журы:
- Лічу, што дзіцячы конкурс на "Славянскім базары ў Віцебску" апошнія гады не менш яркі за дарослы. І ўзровень яго - больш высокі, і вынікі звычайна не выклікаюць вялікага разыходжання паміж меркаваннямі журы і незалежных назіральнікаў, сярод якіх шмат спецыялістаў, музычных крытыкаў. Дзіцячы конкурс - гэта агромністы патэнцыял усяго фестывалю. Да таго ж, ён увесь час знаходзіцца ў руху: шукаюцца ўсё новыя рэжысёрскія хады, якія не перашкаджаюць, а, наадварот, дапамагаюць дзецям выявіць сябе, удасканальваюцца ўмовы. Нагадаю: калісьці дзіцячы "Базарчык" пачынаўся з конкурсу шоу-праграм, цяпер гэта - сольныя выканаўцы. Дзіцячае спаборніцтва надае фестывалю яшчэ больш маладосці і навізны. Няхай дзецям спадарожнічае творчы поспех і, вядома, удача! Не толькі на "Славянскім базары ў Віцебску", але і ўвогуле ў жыцці.