- Вядома, перамогі! На конкурс кожны едзе па перамогу. І калі вам кажуць іншае, нават калі артыст, паслухаўшы астатніх, рэальна ацэньвае свае шанцы і разумее, што пакуль "не дацягвае" да лідэраў, усё роўна ў глыбіні душы ён спадзяецца на ўдачу, цуд - і на сваю перамогу. Я не бачу ў гэтым нічога дрэннага! Добрыя амбіцыі, калі яны не пераходзяць этычныя рамкі, для артыста папросту неабходныя. Тым больш - на "Славянскім базары ў Віцебску". Бо гэты конкурс надзвычай - прэстыжны, ён значыць вельмі многа ў лёсе кожнага ўдзельніка і, безумоўна, дае штуршок далейшаму развіццю творчай асобы. Не менш важным становіцца пасляконкурсны перыяд - тыя творчыя прапановы, якія артыст атрымлівае ў выніку ўдалага выступлення. Таму трэба ўмець рыхтавацца не толькі да конкурсу, але і да далейшага ажыццяўлення творчых планаў.
- Дзяніс, раней ты быў "вольным мастаком", не абмінаў конкурсы (праўда, больш сціплыя па рангу), на якіх выходзіў пераможцам. Вось ужо два гады як твая поўная самастойнасць змянілася далучанасцю да прадзюсерскага цэнтра Гомельскай абласной філармоніі. Ці дапамагае гэта творчай рэалізацыі? Або, наадварот, пераключае тваю ўвагу на тое, што, можа, табе не зусім блізкае?
- Дапамагае. Бо цяпер я маю добрую матэрыяльную базу, прафесійную студыю гуказапісу, арганізацыйную дапамогу, пастаянна ўдзельнічаю ў канцэртах, што дае магчымасць напрацоўваць сцэнічны вопыт. Дый тое, што я цяпер не проста "сам па сабе", а яшчэ і "твар філармоніі", не дазваляе расслабляцца.
Ведаючы Дзяніса як выканаўцу ўжо не першы год, магу засведчыць: "расслабляцца" ў творчым плане ён папросту не ўмее. Бо стаўленне да эстрады ў яго - сапраўды вельмі сур'ёзнае. Гэта бачна нават па адметнасці рэпертуару. Я, да прыкладу, не магу ўявіць у вяршэнкаўскім выкананні ні "песню для ног", ні саладжавую лірыку на тэму: "я - прыйшоў, а ты - пайшла", ні многа чаго іншага. Затое ўсе песні - надзвычай, так бы мовіць, інтэлігентныя, інтэлектуальныя, часам - засяроджана-філасофскія. Хтосьці можа сказаць, што гэтым ён сябе абмяжоўвае, бо на конкурсе абавязкова патрэбны кантраст, артыстычнае пераўвасабленне. Для мяне ж гэта - паказальнік таго, што Дзяніс ужо знайшоў сябе як артыст, вызначыў сваю ўласную "культурную нішу". Дарэчы, яшчэ адным сведчаннем на карысць такога сцвярджэння стала, мабыць, тое, што ў выніку доўгага выбару конкурснай песні ён усё ж вярнуўся да той, з якой, уласна кажучы, і пачынаў: "Птушкі" Дзмітрыя Даўгалёва на вершы Валянціны Паліканінай ён спяваў на адборачным туры.
- У параўнанні з іншымі артыстамі, у цябе, наколькі мне вядома, не было "дзяцінства вундэркінда" з песенькамі на табурэце. Няўжо не марыў стаць "зоркай"?
- Мяне цягнула да іншых зорак - у космас. Хаця - хто ў дзяцінстве не марыў стаць касманаўтам? Займаўся спортам: баскетбол, валейбол, у складзе школьнай каманды ездзіў на спаборніцтвы. Дый сярод сваякоў музыкантаў не было. У сям'і - звычайныя працаўнікі: бацька - на малаказаводзе, маці - у сферы гандлю, цяпер на пенсіі. Але яны заўсёды падтрымлівалі мяне ва ўсіх пачынаннях, і я ім за гэта вельмі ўдзячны. А на другім курсе тэхнікума сустрэў Віталя Драніцу, які стаў маім сябрам і прадзюсерам. Менавіта ён адкрыў мне музыку з іншага боку: як неацэнную крыніцу эмоцый і думак. У кожнай песні мы з ім аналізуем драматургію, сэнсавыя адценні, тое, што сказана не толькі ў нотах і вершаваных радках, але і па-за імі. Таму я і не спяваю папсу. Я - эстрадны выканаўца, а з эстрады можна сказаць многае. Так, у маім рэпертуары няма тэмпавых песень. Але не таму, што яны мне не падабаюцца, або я лічу, што ўсе яны - дрэнныя. У душы я - рамантык і лірык, таму і песні шукаю - разумныя. Працэнтаў восемдзесят працы робіць прадзюсер, мне ж застаецца хіба, як кажуць, прапусціць песню праз сябе. Я не імкнуся паўтараць чужое выкананне, заўсёды шукаю сваё.
- Асабіста мне назваць цябе рамантыкам цяжкавата. Філосафам - так. Ты, здаецца, сам сабе супярэчыш: кажаш пра песні разумныя, а рамантызм, усклаўшы на шалі розум і сэрца, даказваў, што пераважваць павінна сэрца.
- Эмоцыі без розуму? Гэта, пэўна, толькі падабенства эмоцый, іх знешняя абалонка. Унутраная ж сутнасць - у працы розуму. Такі "рамантызм" будзе актуальны заўсёды, бо модныя субкультуры прыходзяць і сыходзяць, а чалавек - застаецца. І застаецца мастацтва, сэнс якога выяўляецца менавіта праз эмоцыі. Цяпер маім педагогам па вакале з'яўляецца Алег Сямёнаў - суперпрафесіянал, не толькі "тэарэтык" спеваў, але і запатрабаваны практык. І, да таго ж, чалавек з адметным выкладчыцкім талентам. Менавіта ён сфармуляваў для мяне галоўны закон эстрады.
- І ў чым жа той закон?
- Паспрабую растлумачыць. Многія думаюць, што песню спяваць - гэта ж не цагліны цягаць. Сапраўды, фізічных сіл артыст, пэўна, траціць меней (хаця - гледзячы які), але аднаўляюцца яны куды хутчэй, чым эмацыйны, энергетычны баланс. Артыст дасылае ў залу свае эмоцыі, растрачвае іх, і калі публіка не будзе "аддаваць" яму свае, ён будзе папросту спустошаны. Таму песні павінны быць такімі, каб мелі "водгук" з залы. Усё вельмі проста!
Тут трэба дадаць: толькі дасягнуць гэтага - складана. Ну чым не закон "колазвароту" эмоцый? Або - захавання энергетычнай "матэрыі". Можа, у такім тлумачэнні закону эстрады праглядае першая адукацыя Дзяніса Вяршэнкі? Энергазабеспячэнне прамысловых прадпрыемстваў - гучыць моцна, але штосьці не надта песенна. І ўжо дакладна - зусім не рамантычна. Дарэчы, дзве іншыя спецыяльнасці, па якіх ён вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, таксама далёка не самыя рамантычныя: адна - рэжысура народных абрадаў і святаў, другая - рэкламная інфармацыя і камунікацыі. Не, пра гэта абавязкова трэба даведацца!
- Калі ў цябе ўсё так проста тлумачыцца, дык чаму ты абіраеш не самыя прамыя шляхі? Няўжо - наўмысна: каб жыццё мёдам не здавалася? Працуеш - салістам. Вучышся - на каго заўгодна, акрамя ўжо абранай прафесіі.
- Раней музыка была для мяне хобі. Але я і цяпер не адношу яе да сваёй працы. Бо яна прыносіць столькі задавальнення, што забываешся на ўсе "працаванні". Скажаце, я зноў сабе супярэчу?..
Ці знойдзецца пасля гэтага хтосьці, хто не пагодзіцца, што Дзяніс - прыроджаны філосаф? Бо "тут і зараз" ён выклаў закон дыялектычнага сумяшчэння... не, лепей так: колазвароту працы і хобі. Цікава, як у гэтага "няправільнага рамантыка" - з рамантыкай кахання? Няўжо зноў - нейкі колазварот?
- Год таму ты ажаніўся, але неяк незаўважна: ні змен у іміджы, ні "паправак на каханне" ў рэпертуары. Ну, пра тое, каб абвясціць пра гэта ўсім сродкам масавай інфармацыі і пабудаваць піар-кампанію, я ўвогуле маўчу: не твой стыль. Можа, хаця б на "Славянскі базар у Віцебску" жонку возьмеш?
- Не вазьму, хаця Іна - харэограф. Ужо год па размеркаванні працуе на Міншчыне з вясковымі дзеткамі, ставіць з імі танцы, я часам дапамагаю ёй з музыкай. Яна - цудоўная! Пастаянна розная, не перастае мяне здзіўляць, гэткая дзяўчына-сюрпрыз.
- Мабыць, дае табе парады?
- Яна ўвогуле любіць апекаваць, штосьці раіць, падказваць.
- Усё зразумела.
- Няпраўда! Я проста не люблю, калі ў зале сваякі. І яна мяне разумее.
- Можа, хаця б рамантычную гісторыю знаёмства раскажаш?
- Ну, калі знаёмства ў інтэрнаце - гэта і ёсць рамантыка... Яна жыла ў тым жа пакоі, дзе і стараста паверха. Я ішоў да старасты па нейкім пытанні, а ўбачыў яе. І ўсё: каханне з першага погляду!
- А куміры "з першага погляду" ў цябе былі?
- Ніколі. Ні з першага, ні з якога. Я ніколі ні за кім не "ганяўся". А вучыўся - ад усіх. Бо кожны творчы чалавек - асоба, у якой ёсць чаму павучыцца. І калі ад кожнага штосьці браць і потым назапашваць, прымерваючы на сябе, дык атрымаецца, што ты "абвешваеш" сябе, бы навагоднюю ёлку. Толькі не гламурам, а - нейкімі добрымі якасцямі, уменнямі. У жыцці спатрэбіцца ўсё, чаму навучыўся! Бо веды і ўменні, нават не табой знойдзеныя, а перанятыя, "пазычаныя", усё роўна становяцца тваімі. Бо сам працэс творчага пераймання (не трэба яго блытаць з простым капіраваннем) патрабуе асэнсавання, адаптавання, тых уласных высілкаў, якія і даюць дадатковы штуршок творчым памкненням. Я з дзяцінства прызвычаіўся развівацца ў розныя бакі. Можа, таму і адукацыя мая здаецца надта "разнавектарнай", рознаскіраванай? Але гэта - толькі звонку. Мне падабаецца займацца гукарэжысурай. І я мару адкрыць у Светлагорску студыю гуказапісу. Я добра ведаю, як складана бывае моладзі, асабліва - у рэгіёнах, рэалізаваць сябе ў творчасці. І зрабіць гэта хачу - прафесійна, з добрым густам. Без дапамогі гэта бывае не тое што цяжка, а практычна немагчыма. Вось я і стану дапамагаць пачаткоўцам! Цяпер заняты чарцяжамі, падлікамі.
- Што, усё будзеш рабіць самастойна?
- Ці ж гэта дрэнна? А па-мойму, зусім няблага давяраць сабе самому, не перакладаючы адказнасць на іншых.
Фота Юрыя ІВАНОВА