Першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч адзначыла на вернісажы, што мастацтва карыкатуры сёння часцей з'яўляецца ў беларускіх СМІ, займае сваё паўнапраўнае месца на старонках грамадска-палітычных выданняў. Хацелася б, каб яно было больш распаўсюджана ў медыйнай прасторы, каб яе выкарыстоўвалі і электронныя СМІ, і інтэрнэт-рэсурсы, дадала яна. Творца не дэманструе адмоўнае стаўленне да тых праблем, чалавечых заган, якія ён выяўляе. Ён паказвае рысы характару свайго персанажа, вартыя асуджэння, праз удалы жарт, пры дапамозе "пазітыўнай" асобы, што знаходзіцца побач з "негатыўнай".
Творца лічыць: добрая карыкатура не падуладная часу - яна вечная, актуальная як 20 гадоў таму, так і сёння. А шаржы на вядомых эстрадных выканаўцаў, літаратараў, дзеячаў мастацтва ўжо сталі "візітоўкай"
Каршакевіча і часопіса "Вожык". Каршакевіч стаў другім па ліку мастаком-карыкатурыстам, выстаўка якога адкрылася ў Міністэрстве інфармацыі 1 красавіка. Традыцыя адзначаць Дзень смеху распачалася год таму выстаўкай Алега Папова. А сёлета вернісаж сабраў вельмі шмат актыўных творцаў у гэтым кірунку. Усе яны пагадзіліся з тым, што маляваць карыкатуры можа далёка не кожны графік: творца павінен быць у душы і мастаком, і журналістам.
На здымках: мастак і яго работы.
Фота Юрыя ІВАНОВА