Народжаны на Вілейшчыне, ён у 1966 годзе паспяхова скончыў БДТМІ, дзе яго настаўнікамі былі А.Бембель і А.Глебаў, і з таго часу выкладае ў сваёй alma mater на кафедры скульптуры.
Галоўная творчая галіна Анатоля Яфімавіча, якой ён аддаў амаль 50 гадоў мастацкай дзейнасці, - манументальная скульптура. "Калі творчыя імкненні супадаюць з жаданнямі грамадства, - кажа скульптар, - яго лёс удаецца. Дзяржава не можа існаваць без ідэалогіі, без сваіх герояў, сваіх святых, сваёй мары. Я веру, што час і чалавецтва ніколі не памыляюцца ў выбары герояў і святых, таму любы манументальны твор я разглядаю перш за ўсё як духоўнае асяроддзе".
Менавіта так. Лепшыя творы Анатоля Арцімовіча, прысвечаныя гераічнай гісторыі Бацькаўшчыны, ратнаму і працоўнаму подзвігу народа, вызначаюцца напружаным дынамізмам пластыкі, абвостранай эмацыянальнасцю шматпланавых метафарычных вобразаў, асэнсаванай, духоўна насычанай прасторай, стрыманасцю "моцна збітай" формы. Гэтыя асноватворныя рысы сфармуляваны ў Арцімовіча ўжо ў першых буйн ы х работах, пачынаючы з праектавання Кургана Славы на 21-м кіламетры Маскоўскай шашы і мемарыяла "Брэсцкая крэпасць - герой" (з А.Бембелем), а таксама мемарыяла 28 героям-панфілаўцам у Алма-Аце. Але пазней гэтыя рысы сталі ў яго творчасці свайго роду візітоўкай. Дастаткова ўзгадаць помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі, заснавальніку горада Барысава - князю Барысу, Францыску Скарыну ў Калінінградзе, Герою Савецкага Саюза, лётчыку знішчальніку, нашаму земляку Аляксандру Гараўцу ў Віцебску (у сааўтарстве), маршалу Георгію Жукаву ў скверы па вуліцы Чыгуначнай у раёне мінскага праспекта Г.Жукава, мемарыяльны знак у месцы пераправы напалеонаўскіх войскаў праз Бярэзіну...
Можна яшчэ доўга пералічваць творы Арцімовіча, у тым ліку і станковыя, але не буду. Скажу толькі вось што. Ён - майстар сапраўды выдатны, які ўнёс у манументальны летапіс эпохі значны ўклад. Майстар, які ад сваіх настаўнікаў пераймаў самае галоўнае: пачуццё непаўторнай унутранай дынамікі вобразаў, мастацкі густ і тактоўнасць у рашэнні маштабных твораў.
А яшчэ хачу сказаць колькі слоў пра Арцімовіча як чалавека, якога ведаю даўно. Акрамя зайздроснай эрудыцыі, ён валодае рэдкай адказнасцю за справу, якой служыць. А справа гэтая ўключае ў сябе не толькі ўласна мастацтва, але і педагогіку, і грамадскую дзейнасць, і проста чалавечыя стасункі. У дыялогах з ім я разумею, што яго спасціжэнне рэчаіснасці адбываецца праз імкненне ўсвядоміць перш за ўсё самога сябе ў няпростым кантэксце "асоба і грамадства", суаднесці ўласныя духоўныя магчымасці з імкненнямі і запытамі часу, вызначаючы такім чынам сваё месца ў сучасным свеце як творцы і чалавека.
Калісьці з вуснаў цудоўнага маскоўскага скульптара Уладзіміра Цыгаля, аўтара помніка савецка-польскаму баявому сяброўству ў г. п. Леніна Магілёўскай вобласці, я пачуў такую фразу: "Кожным творам ты ствараеш сваю біяграфію, таму нічога нельга рабіць, не даводзячы работу да канца. Супакойвацца можна толькі тады, калі ты вычарпаў усе свае магчымасці". Вось я і падумаў, што Анатолю Яфімавічу яшчэ вельмі далёка да таго, каб вычарпаць свае творчыя магчымасці, бо ў яго майстэрні на вуліцы Сурганава, 42 столькі яшчэ нерэалізаваных праектаў помнікаў і мемарыялаў...