Калісьці на Рэспубліканскім мастацкім конкурсе, дзе Лізавета Гапоненка стала адной з пераможцаў, яна, тады дванаццацігадовая дзяўчынка, за якіх пару гадзін стварыла кампазіцыю-роспач, кампазіцыю-боль: у вечаровым восеньскім парку, у святле ліхтара, мужчына працягвае рукі, і дзяўчынка, што бяжыць і ніяк не можа дабегчы да свайго незнаёмага бацькі. I вось цяпер, асвоіўшы безліч самых розных мастацкіх тэхнік, Лізавета Гапоненка і ў батыку ("Калядны настрой"), і ў алеі ("Веска"), і ў акрыле ("Зорык"), і ў ляўкасе ("Подых мінулага"), і ў малюнках застаецца гэткай жа смелай, вострай і бязмежна шчырай. Шчырасць і казачнасць заварожваюць у алейных палотнах Міланы Собаль. Яна шукае саму сябе ("Я"), суадносіць свой лёс з лёсам мастачак, што сталі легендай ("Фрыда"), лёгка ператварае ў незабыўныя паэтычныя вобразы сваё штодзённае жыццё ("Малако", "Апошні званок", "Травеньскі сад").
А Яўген Чысты летась прынёс Беларусі Залаты медаль на Міжнародных Дэльфійскіх гульнях краін СНД. Ён убачыў вобраз Свята пісьменства і друку ў лёгкіх і лаканічных у сваёй шматзначнасці птушыных пёрках. Дзякуючы таму, што пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх конкурсаў могуць быць прыняты ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў без экзаменаў, Яўген Чысты - студэнт першага курса кафедры манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. А ўсіх, хто цікавіцца сучасным мастацтвам, запрашаю паглядзець ягоную дыпломную работу, выкананую ў тэхніцы зграфіта, што надта далікатна, густоўна аздабляе сцяну фае Гімназіі-каледжа імя І.В. Ахрэмчыка. "Свет кіно" Яўген Чысты ўбачыў праз кадры кінастужкі, рэйкі цягніка (першы кінафільм братоў Люм'ераў), у якія ператварыў... звычайную жалезную лесвіцу на паддашша, што ёсць у кожнай школе. На выстаўцы можна ўбачыць ягоныя ляўкасы ("Паўліны"), жывапісныя кампазіцыі. Для мяне ж ён раскрыўся як філосаф ("Вера і рэлігія", "Космас", "Астраномія").
Вера Мухіна калісьці надта трапна заўважыла, што "скульптура вучыць думаць у глыбіню". Эрнэст Дар'ін, смела супастаўляючы розныя матэрыялы, сапраўды вымушае нас спыніцца і задумацца. Пра што могуць размаўляць метал і камень ("Размова")? Як утаймаваць неўтаймоўнае ("Думкі")? А можа, "Адзінота" і "Самота" не такія ўжо страшныя? Магчыма, менавіта ў іх - шлях да спазнання чагосьці вельмі важнага для кожнага, хто прыходзіць на гэтую зямлю.
Барысаўская выстаўка - свята не толькі для жыхароў горада і юных мастакоў, але і для іхніх настаўнікаў - маладых, дзёрзкіх і ўжо добра вядомых на Беларусі і за яе межамі: манументаліста Дзяніса Чубукова, жывапісца Уладзіміра Клімушкі і скульптара Паўла Ляонава.
У планах маладых мастакоў - паказаць сваю "Прадмову" ў Miнску.
На здымках: Э.Дар'ін. "Размова". Я.Чысты. "Паўліны".