А.Іванова. “Мелодыя колеру”. |
Стрыжнем экспазіцыі з'яўляецца жаночы вобраз, які быццам прыйшоў са свету казачных летуценняў і мар. Гэта сучасная амазонка, упэўненая ў сабе і, у некаторай ступені, непрыступная ў сваёй дасканаласці. Выразная, поўная ўнутранай экспрэсіі і містычнай тайны, вытанчана-манерная і абавязкова - пераможца, яна, у той жа час, надзвычай адзінокая. Нездарма практычна ў кожнай карціне, як кантрапункт, абавязкова прысутнічае своеасаблівы прыцягальны матыў, суадносны з класічнымі прыёмамі спакусы - музыкай, спевамі і аголенасцю. У іх - шматзначнасць нявыказаных пачуццяў, што крыху прыадкрываюць "вялікую тайну" жанчыны, у якой, аднак, можна прасачыць вытанчанасць і крохкасць жаночага светаадчування. Толькі ў адной карціне мастачка дазволіла зняць цяжар адзіноты: у сюжэце ціхамірнага сну дваіх, азораных ззяннем месяца. Тонка суаднесеныя колеры ствараюць лірычную мелодыю, дзе Ён і Яна - у клопаце і даверлівасці - зліваюцца ў адзінае цэлае, тым самым ператвараючы карціну ў своеасаблівую сюіту, якая апявае найбольш важныя, на погляд аўтара, чалавечыя каштоўнасці. Мусіць, менавіта такім, на ўзроўні падсвядомасці, шчасце бачыцца большасці людзей. Віртуозна валодаючы фармальнымі жывапіснымі рашэннямі, арганічна спалучаючы іх з дасканалай апрацоўкай асобных элементаў і ледзь намечаных дэталей канкрэтных вобразаў, мастачка ператварае жывапіс у цудоўна аранжыраваную, экспрэсіўную, візуальнамузычную дзею, якую абрынае на пачуцці гледача, выклікаючы ў яго самыя розныя пазітыўныя эмацыянальныя водгукі.
Наталля ПАЎЛЕНКА, мастацтвазнаўца Гродна