Эскізы афармлення спектакляў, эскізы дэкарацый, эскізы касцюмаў — пачынаючы з 1953 года, увесь вонкавы выгляд сцэны і стварэнне вобразаў беларускіх артыстаў было галоўнай задачай Армена Грыгар’янца. За гэтыя няпоўныя 25 гадоў мастак, ураджэнец Узбекістана, паспеў зрабіць вялікі ўнёсак у гісторыю беларускага нацыянальнага тэатра. Ён прыехаў у нашу краіну ўжо маючы дастаткова вялікі досвед пасля заканчэння Ленінградскага мастацка-педагагічнага вучылішча і працы ў шматлікіх гарадах СССР. Таленавіты творца, яшчэ да пачатку рэжысёрскай работы ён мог прадбачыць, як лепей будзе выглядаць афармленне сцэны, як выявіць у касцюме галоўныя рысы персанажаў.
Менавіта яго ўменне перанесці жыццё ва ўсіх тонкасцях з друкаваных старонак на аркушы бачна ва ўсіх работах. Дэкарацыі да спектакля “Забыты ўсімі” Н.Хікмета паглынаюць сваім чорным сумам, а “Матухна Кураж і яе дзеці” Б.Брэхта на эскізах апрануліся ў такія касцюмы, якія без слоў скажуць нам усё пра кожны ўвасоблены вобраз.“Аптымістычная трагедыя” У.Вішнеўскага, аркуш да якой быў зроблены ў 1957 годзе, выглядае са сваімі “мілітарыстычнымі” сінімі фарбамі так сучасна, быццам ілюструе сённяшнія баевікі.
То па-дзіцячы простыя, то шыкоўна-арыстакратычныя, то па бядняцку-горкія — усе работы майстра вельмі экспрэсіўныя, “гаваркія”. І перад вачыма рэжысёраў нязменна паўставалі і будучыя героі, і атмасфера, у якой яны існавалі на сцэне.
Дадамо, што Армен Багратавіч з’яўляецца аўтарам мастацкага афармлення такіх спектакляў, як “Людзі на балоце” паводле І.Мележа з Б.Герлаванам, “Салавей” З.Бядулі, “Трыбунал” А.Макаёнка, а таксама фільмаў “Палеская легенда” і “Чырвонае лісце” (абодва — з У.Белавусавым).
Алена САБАЛЕЎСКАЯ