Арганізатары — спецыялістка Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Наталля Ляванава, заснавальніцы першага беларускага бэбі-тэатра «Бусы» Ганна Шапашнікава і Злата Глотава разам з памочнікамі спраўдзілі неверагоднае па сваім змесце, атмасферы і афармленні свята (не выпусціўшы з-пад увагі камерцыйны складнік) і вызначылі сапраўдны мастацкі рух, які здавальняе патрэбу ў непрацяглых і невялікіх пастаноўках для самых маленькіх. Паводле прыкметных і сутнасных асаблівасцяў творы фестывалю можна падзяліць на тры групы. Да першай належалі традыцыйныя, але зменшаныя да памераў камернай залы: напрыклад, спектакль «А вы любіце гісторыі пра гарбату?» тэатра «БуСемаПа». На звыклай адлегласці гледачы назіралі за прыгодамі пакуначка гарбаты, увасобленымі ў стылістыцы аб’ектнага тэатра. Другая, самая вялікая, аб’яднала пастаноўкі, набліжаныя да эстэтыкі бэбі-тэатра — падкрэслена новай формы для зусім малечы.
У Беларусі бэбі-тэатр запрацаваў з 2013 года дзякуючы праекту «Бусы», прысвечанаму найменшым і дамашнім тэатральным формам, але хутка ператварыўся ў незалежны тэатр з аднайменнай назвай, чые стваральнікі навучаліся ў «Бэбі-лаб» Цэнтра імя Усевалада Меерхольда (Масква) і лідзіруюць у сваёй сферы да сёння.
У спектаклі «Дарожныя прыгоды Віты» праекта «Казачкі бай!» праз гісторыю дзяўчынкі — тая, пакуль ніхто не бачыць, малюе раздзяляльныя палосы на асфальце — распавядалі дзеткам пра зямныя кантыненты і жывёлаў, якія іх насяляюць, пра тое, з чаго складаецца дарожны рух і космас. Запамінальным складнікам зрабіўся вынаходлівы маўленчы інтэрактыў з глядзельняй. Гэткім самым інтэрактывам вылучылася і пастаноўка «Зорачка» віцебскага тэатра «Растар*)мошка». Па сутнасці, монаспектакль пра тое, як дасягнуць сваёй мары, на прыкладзе хлопчыка Юры, які разам са сваёй сяброўкай вырашыў вярнуць на неба зорку, што ўпала ў героевым горадзе. З дапамогай дворніка, пажарнага і касманаўта (адпаведна, глядач знаёміцца з персанажамі і з іхнімі прафесіямі), Юра спраўджвае свой намер.
Творы трэцяй групы спалучылі складнікі ды прыёмы бэбі-тэатра з традыцыйнымі. Тамсама апынулася і рэшта пастановачных прапаноў, што класіфікацыі не паддаліся. Так, «Не хачу быць ПрынцэсАЙ!» тэатральнай майстэрні «Горад сяброў» Паўла і Ганны Харланчукоў-Южаковых уяўляла з сябе «кананічны» дзіцячы спектакль у мініяцюры з элементамі інтэрактыву і апавядала пра Прынцэсу, якая дужа замаркоцілася праз уласны лад жыцця — адны і тыя балі, пачастункі, строі. Каб нешта змяніць, яна папрасіла дапамогі ў прыдворнага Блазна, а той у Кухара, Стыліста і Танцавальшчыка — самых модных. Яны, вядома, усё змянілі так, што напалохаўся нават прынц-жаніх... Але феерычныя, яркія, абаяльныя выканаўцы не зусім трапна разлічылі дапамогу публікі: штораз, апынаючыся на сцэне, дзеці занадта ўзбуджаліся, кантраляваць паўзы не выпадала, рытм паказу ламаўся, тым часам як разуменне твора вымагала спакою. Затое ў фінале Прынцэса з Блазнам арганізавалі цудоўны масавы танец, які лагічна завяршыў прагляд.
Феерверк адметнасцяў прапанаваў тэатральны аўтамат Святланы Бень — вялікая інтэрактыўная будка, дзе глядач самастойна будаваў сюжэт гісторыі і ўплываў на яе хаду, атрымліваючы падарункі за кожнае вырашэнне. Вылучыўся і спектакль «ХтоёсцьКот» сямейнага тэатра «Веліструхен» вядомых мастакоў Ганны Сілівончык і Васіля Пешкуна з іранічнымі гісторыямі пра свойскага ўлюбёнца.
«Казачны джэм» чарговы раз падкрэсліў магчымасці праекта як сучаснай формы арганізацыі тэатральнай справы, дзе казка, як ніякі іншы жанр, спрыяе і здавальненню творчых амбіцый, і фінансавай устойлівасці праектаў, а камерны фармат кожнаму выканаўцу асабіста дазваляе адчуць радасць і шчырае захапленне маленькага гледача. Хіба ж гэта не шчасце?
Уладзімір ГАЛАК