Дай, Джим, на счастье лапу мне,
Такую лапу не видал я сроду.
Давай с тобой полаем при луне
На тихую, бесшумную погоду.
Дай, Джим, на счастье лапу мне.
Кожны савецкі, а сёння і беларускі школьнік — рускую літаратуру ў нашай школе выкладаюць грунтоўна — ведае гэтыя радкі. І недарма.
Бо верш «Сабаку Качалава» прысвечаны шчанюку-даберману, выхаванцу вялікага беларускага артыста расійскай сцэны Васіля Шверубовіча (псеўданім — Качалаў), сына святара Мікольскай царквы ў Вільні Яна Шверубовіча, нашчадка старога беларускага шляхецкага роду.
Нобелеўскі лаўрэат Іван Бунін у «Чыстым панядзелку» з цыклу «Цёмныя прысады», выпраўляючы герояў аповеду на «капуснік» у МХТ і сутыкаючы іх з зоркаю — Качалавым, — малюе артыста наступным чынам: «К нам подошёл с бокалом в руке, бледный от хмеля, с крупным потом на лбу, на который свисал клок его белорусских волос, Качалов, поднял бокал и, с деланной мрачной жадностью глядя на нее, сказал своим низким актерским голосом:
— Царь-девица, Шамаханская царица, твоё здоровье!»
Паверым Буніну наконт «беларускіх валасоў»?
Біяграфія пункцірам
Калі пацікавіцца лёсам Васіля Шверубовіча (1875—1948), то, як адзначаюць крыніцы, ажно да пераезду ў Піцер ён размаўляў па-руску з выразным беларускім акцэнтам, бо жыў у іншай культурнай прасторы. Беларуская мова дома, польская, лаціна, замежныя мовы і сярод іх — руская як мова выкладання ў 1-й Віленскай гімназіі, дзе Васіль навучаўся разам з Канстанцінам Галкоўскім (пазней летувіскім кампазітарам) і Феліксам Дзяржынскім (ягоная змрочная біяграфія добра вядомая).
Любоў да дэкламацый і ўдзелу ў студэнцкіх пастаноўках ужо з паступлення Шверубовіча на юрфак Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта (1894) сутыкнула Васіля на вакацыях у Вільні са знакамітай Верай Камісаржэўскай. На пачатку кар’еры актрыса два гады прапрацавала ў адной з антрэпрыз старой беларуска-літоўскай сталіцы, сыграўшы шэсцьдзясят роляў, і з будучым Качалавым сустрэлася на падмостках праз «Бой матылёў» Германа Зудэрмана ў 1896 годзе. Тады ж кар’ера Шверубовіча рашуча павярнула да прафесійнага тэатра: ён паступіў акцёрам у Тэатр літаратурна-драматычнага таварыства Аляксея Суворына, рэдактара і выдаўца газеты «Новое время». Суворын і прапанаваў Шверубовічу змяніць «немілагучнае» (відаць, для рускага вуха) прозвішча на псеўданім «Качалов». У 1900-м артыст пераходзіць у Маскоўскі мастацкі тэатр (МХТ, МХАТ Канстанціна Станіслаўскага і Уладзіміра Неміровіча-Данчанкі) — трупу, дзе спраўдзіўся ягоны акцёрскі лёс, — і хутка робіцца знакамітасцю. Па 1938 годзе ў гэтым тэатры — і ў Маскве, і за мяжой, падчас ваганняў, ці вяртацца ў «новую Расію» (вяртанне прыпала на 1922-гі), — ім створана пяцьдзясят пяць роляў! П’есы Астроўскага, Ібсэна, Горкага, Аляксея Талстога, Льва Талстога, Чэхава, Шэкспіра, Метэрлінка, Меражкоўскага, Грыбаедава, Гамсуна, Дастаеўскага, Андрэева, Усевалада Іванава — усіх не пералічыць. Апошняя роля — Чацкі ў «Горы ад розуму» А перад 1917 годам Качалава захапіла яшчэ і насычанае багемнае жыццё ў Маскве «срэбнага веку», частка якога — сяброўства з паэтам-імажыністам, тэарэтыкам мастацтва, драматургам Анатолем Марыенгофам (1897—1962). Далей нітачка сувязяў працягнулася да іншай знакамітасці, Сяргея Ясеніна. Сімпатыя выяўлялася ўзаемнай: яшчэ да асабістага знаёмства Качалаў вазіў з сабою зборнік вершаў паэта, а Ясенін імкнуўся зблізіцца з вядомым артыстам, старэйшым за яго на дваццаць гадоў. На пачатку вясны 1925-га яму дапамог агульны сябра, пісьменнік Барыс Пільняк, дамовіўшыся разам з Ясеніным наведаць гасцінны дом акцёра. Рэабілітуючы Ясеніна, які пасля разыходжання з Айседорай Дункан (1923) небеспадстаўна займеў рэпутацыю сапраўднага гулякі, Пільняк заўважыў, што з раніцы «паэт п’е выключна малако».
Джым
У вечар сустрэчы Васіль Качалаў вяртаўся дадому позна, бліжэй да дванаццатай, пасля спектакля. Ён прыгадваў: «Я зайшоў, убачыў Ясеніна і Джыма — яны пазнаёміліся і сядзелі на канапе ўшчыльную. Ясенін адной рукой абняў Джыма за шыю, другой трымаў ягоную лапу і хрыплым баском прыгаворваў: “Што за лапа, ад нараджэння такой не бачыў”». Сімпатыя паэта і чорнага дабермана ўзнікла нязмушана і неяк адразу.
Гутарылі, Ясенін чытаў свае творы, Джым — разам з публікай — уважліва прыслухоўваўся. Сыходзячы, Сяргей Ясенін паабяцаў: «Я яму сёння ж напішу верш. Вярнуся дадому — і напішу».
Трохі пазней паэт спрабаваў урачыста, у прысутнасці гаспадара перадаць прысвячэнне сабаку. Не атрымалася — ні ў Маскве, ні на летніх гастролях МХАТа ў Баку, дзе таксама апынуўся Ясенін. Урэшце, верш з загадкавымі радкамі:
«Мой милый Джим, среди твоих гостей
Так много всяких и невсяких было.
Но та, что всех безмолвней и грустней,
Сюда случайно вдруг не заходила?
Она придёт, даю тебе поруку.
И без меня, в её уставясь взгляд,
Ты за меня лизни ей нежно руку
За всё, в чём был и не был виноват»,
— быў перададзены Качалаву.
У ракавы час, з 27 на 28 снежня 1925 года, акцёр з сябрамі, у тым ліку з Марыенгофам, позна ўвечары ў маскоўскай рэстарацыі «Кружка» прыгадалі паэта, які пяць дзён таму ад’ехаў у Піцер. Гадзіны ў дзве ночы, спытаўшыся ў Марыенгофа пра Ясеніна, Качалаў узняў тост за здароўе паэта. Ці быў паэт на той момант яшчэ жывы? Праз колькі гадзін, шэрай раніцай, выгульваючы Джыма, Васіль Качалаў, звяртаючыся да сабакі, зноў, немаведама чаму, прыгадаў Ясеніна: «Чуеш, абалдуй, хто табе кланяецца?» Але Джым быў заняты — ці то косткай, ці то ільдзінкай. «Так і не пачуў Джым, відаць, — піша ва ўспамінах акцёр, — прышэсця той госці, якая “всех безмолвней и грустней” і якую так настойліва і пакутна чакаў Ясенін: “Она придёт, даю тебе поруку”».
Новыя пакаленні
Беларускі след біяграфіі Качалава неяк выпаў з падручнікаў — і масавай свядомасці. Між тым да дыяспары ў Расіі далучыліся таксама яго сын і ўнук — асобы значныя ў гісторыі культуры. Шлюб з актрысай Нінай Літоўцавай (напачатку яна не спадабалася бацьку Качалава: сямейнае паданне кажа, што ў час зашлюбін, павагаўшыся колькі хвілін, свёкар цяжка выдыхнуў: «Нічога, ён таксама непрыгожы!») прынёс ім праз год адзінага сына — Вадзіма Шверубовіча (1901—1981). Хлопец марыў пра вайсковую кар’еру, нават служыў у Добраахвотніцкім войску, але жахі грамадзянскай вайны, а потым захворванне на амаль безнадзейны зваротны тыф астудзілі ягоны запал да 1920 года. Вадзім пайшоў на службу загадчыкам пастаноўчай часткі МХАТа да Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, пакінуў каштоўныя ўспаміны, а ў
1956-м стаяў ля вытокаў тэатра «Современник». Яго дачка Марыя стала актрысай (у тым самым «Современнике»), а сын — буйнейшым савецкім, пазней расійскім тэатразнаўцам і шэкспіразнаўцам. Работы Аляксея Вадзімавіча Барташэвіча (Шверубовіча), у тым ліку па пытаннях сучаснага сусветнага тэатра, дагэтуль маюць значны навукова-культуралагічны рэзананс.
Качалаў у мастацтве
Колькі словаў варта сказаць у абарону «багемнага жыцця» акцёра Шверубовіча-Качалава. Без яго чалавечай кантактнасці і адкрытасці наўрад ці натхнёны вобраз караля сцэны зацікавіў бы такіх мастакоў, як Казімір Малевіч («Васіль Качалаў у п’есе Леаніда Андрэева “Анатэма”», 1908), Барыс Грыгор’еў («Партрэт Васіля Качалава», 1923), Валянцін Сяроў («Партрэт Васіля Качалава», 1908).
Памёр акцёр 30 верасня 1948 года, перажыўшы Сяргея Ясеніна амаль на 23 гады, і пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
Аляксей ХАДЫКА