Праз год тэатр прадставіў спектаклі «Ах, гэтыя вольныя матылі!» Леанарда Герша, «Дурніца» Марсэля Ашара, «Аркестр» Жана Ануя, арганізаваў канцэрты джазавай, бардаўскай і эксперыментальнай музыкі (Алены Казанцавай, Алены Фраловай, гуртоў «Нагуаль», «Svet Boogie Band», «Pukst Band» і іншых), асучасніў класічнае нямое кіно ў праекце «Золата маўчання» з беларускімі альтэрнатыўнымі музыкамі. У 2012-м Андрэй Саўчанка закрыў антрэпрызу, а праз год распачаў асабісты тэатральны праект.
Спектакль «Таямнiчае начное забойства сабакi» па рамане англійскага пісьменніка Марка Хэдана «The Curious Incident Of The Dog In The Night-Time» (рэжысёр і аўтар інсцэноўкі — Андрэй Саўчанка, мастак — Юрый Вінаградаў, прэм’ера адбылася ў красавіку 2016 года) пастаўлены ў супрацоўніцтве з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам у межах праекта «Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю» пры фінансавай падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID. У творы занятыя студэнты, якіх Андрэй Саўчанка навучае акцёрскаму майстэрству на тэатральным факультэце Беларускай акадэміі мастацтваў (майстэрня народнага артыста Беларусі Мікалая Кірычэнкі). Жанр вызначаны пастаноўшчыкамі як «свет падлетка з аўтызмам». Брытанскі бэстсэлер Марка Хэдана (уладальнік рэкорднай колькасці прэмій «Tony» ў 2015 годзе) на беларускую мову адмыслова для праекта пераклала Крысціна Пучынская (год таму раман упершыню набыў сцэнічнае ўвасабленне ў спектаклі «The Curious Incident» намаганнямі рэжысёркі Мар’яны Эліят і быў прадстаўлены ў London’s National Theatre і Barrymore Theatre ў Нью-Ёрку).
Галоўны герой гэтай гісторыі Крыстафер жыве з сіндромам Аспергера, ведае ўсе краіны свету, іх сталіцы і ўсе простыя лікі да 7057. Калі бацька Эд (Андрэй Корзан) ці хтосьці іншы хоча абняць Крыса, каб выказаць свае пачуцці, ён далікатна дакранаецца да хлопца падушачкамі пальцаў: юнак не трывае дотыкаў і гэтая асаблівасць — адна з ягоных шматлікіх «праблем паводзін».
Ролю Крыстафера ў выкананні Сяргея Хадзькова вылучае віртуозны, поўны жыццёвай праўды малюнак. Ансамбль персанажаў-статуй атачае юнака. У пралогу яны кружляюць наўкола — кожны са сваім аповедам, а ў вызначаныя моманты дзеяння ажываюць і дзейнічаюць. Крыс з настойлівасцю Шэрлака Холмса расследуе справу пра забітага суседскага сабаку і даведваецца пра стасункі ў сваёй сям’і, не прымае прыблізнасці і двухсэнсоўнасці, не пакідае месца для хлусні, нават калі яна «на карысць»…
Незвычайную атмасфернасць асобным эпізодам надае натуральнае гучанне акардэона (музыку для спектакля падабраў Аляксей Варсоба). У сцэне на пляжы ён аздабляе няспраўджаную мару Крысавай маці (Валерыя Млынар), дамалёўвае яе рамантычны і інфантыльны вобраз. Страціўшы цярпенне і выявіўшы духоўную слабасць, жанчына ўцякае ад цяжкага жыцця ў Лондан разам з рэспектабельным каханкам. Бацька хавае ад сына яе ўчынак і кажа, што маці памерла. У пластычным эпізодзе Крыс знаходзіць матчыны лісты, укладзеныя ў канверты сімвалічнага пунсовага колеру (яна ўвесь час пісала сыну, пакутуючы ад здрады), і... скача па іх, адначасова гуляючы, як дзіця, і метафарычна — як па чырвоных вуглях. Крыстафер вырашае самастойна адшукаць маці.
Спектакль апавядае пра жанчыну, якая ўсумнілася ў сабе ды вартасці мацярынства, і пра мужчыну, фанатычна адданаму дзіцяці. Бацька знаходзіць непрытомнага сына, вяртае Крыса да свядомасці, здымае з яго кашулю і мые, бо падлетак абмачыўся. Аголенасць Крыстафера — не распаўсюджаная сцэнічная маніпуляцыя, а свайго роду новазапаветны знак духоўнай галізны і бездапаможнасці кожнага ў глядзельнай зале. У такім адкрыцці — прызначэнне таленавітага і неабходнага сёння твора, чый канфлікт заснаваны на беспадстаўных патрабаваннях да Крыса і няслушных ацэнках ягоных паводзін. У фінале, калі ўсе персанажы з самых шчырых памкненняў хочуць дакрануцца да пальцаў Крыстафера і абступаюць хворага хлопца, ён рассоўвае кола, спакойна праходзіць па зале і знікае за дзвярыма. Шкадаванне і спачуванне засцяць людскія вочы настолькі, што па-свойму выбітнай прыроды Крыса ім не разгледзець.
Ідэя спектакля «Сад» па матывах бязрадаснай камедыі Антона Чэхава «Вішнёвы сад» (прэм’ера — чэрвень 2014 года, пры садзейнічанні Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Art Corporation» і Цэнтра беларускай драматургіі) з’явілася ў Андрэя Саўчанкі падчас майстар-класа прафесара Юрыя Альшыца для тэатральных педагогаў і рэжысёраў у Берлінскім даследчым цэнтры «Akt-Zent». Форму Саўчанка вызначыў як монаперформанс, аддаляючыся ад мастацтва тэатральнага і набліжаючыся да мастацтва выяўленчага.
Рэжысёр-аўтар прапануе гледачу «Вішнёвы сад» праз Лапахіна — «героя нашага часу», пакінутага сам-насам са сваёй самотай, набытым садам і не здабытым раем. Сцэнічнае дзеянне, вырашанае ў новым для класічнага твора стылі, набывае рваны, абрывісты эмацыйны рытм і рэлігійную рытуальнасць, а таксама спавядальны беларускі пралог, дзе выканаўца згадвае бабуліны забабоны пра валасы, што захоўваюць чалавечую памяць. Тэкст Чэхава гучыць па-руску, тэкст Саўчанкі — па-беларуску, але ў гэтым няма наўмыснага лінгвістычнага антаганізму: так маглі б суседзіцца гамераўская старажытнагрэчаская альбо шэкспіраўская старажытнаанглійская з сучаснымі моўнымі варыянтамі.
Каларыстычна спектакль выкананы ў характэрнай для рэжысёра сімволіцы чырвонага, чорнага, белага і сепіі. Выцвілае сямейнае фота векавой даўніны і засохлая краска з поля робяцца знакамі фамільнага саду, які страціла Ранеўская. Асобныя сцэны, як напаўзабытыя ўспаміны, размяжоўваюцца і акцэнтуюцца ў перформансе музычнымі тэмамі ад Нікаласа Джара.
Лапікавае сцэнічнае дзеянне пазбаўлена відавочнага сюжэту і кантэксту. Адзін з асноўных прыёмаў — гульня з глядзельняй, зварот да яе. У метафарычнай гульні з чатырма цёмна-чырвонымі, як вянозная кроў, вішнямі костачка першай закопваецца ў чарназём (у гэтым — і зачацце, і пахаванне), другая ягада разразаецца абцугамі, якімі ў далейшым герой вырве запаветны «волас памяці», і ўдзельнічае ў сцэне з Варай (заўсёды адважная і непрадказальная імправізацыя з глядачкай у зале), трэцяя вішня агрэсіўна знішчаецца «каменем пралетарыяту» і толькі чацвёртая застаецца ляжаць некранутай на беласнежным абрусе. Рэзкімі перападамі настрою характарызуецца брутальная кульмінацыйная сцэна, дзе Лапахін запрагаецца ў плуг. Для яе ўвасаблення прыцягваюцца статысты і выкарыстоўваецца белы, гладкі ствол дрэва, бо менавіта так успрымае Лапахін вішнёвы сад Ранеўскай. Свой маналог герой прамаўляе, перакрыкваючы цыганскі раманс «Песня кахання» («Снился мне сад в подвенечном уборе…») Барыса Барысава на вершы Лізаветы Дзітэрыхс у іранічным выкананні Аляксандра Вярцінскага.
Лапахін прапануе выпіць шампанскага — і з фінальнай сцэны развітання насельнікаў радавога гнязда (гэтыя ролі таксама прызначаюцца гледачам) вынікае асацыятыўны эпілог са смерцю класіка. Артыст прамаўляе апошнія чэхаўскія словы: «На пустое сэрца не трэба лёду… Я паміраю. Даўнютка я не піў шампанскага». І гасіць газавую лямпу. У прамоўленым — і вынік перформансу, і стаўленне рэжысёра да свайго Лапахіна.
Тэатральны праект Андрэя Саўчанкі — адзін з лепшых узораў беларускага праектнага тэатра. Ягоную важнасць і адметнасць можна параўнаць з мастацкім унёскам лепшых айчынных тэатраў-студый канца 1980 — пачатку 1990-х. Ён абнадзейвае і крэатыўным пошукам, і мастацкай альтэрнатывай дзяржаўнаму рэпертуарнаму тэатру, і засваеннем сусветнага тэатральнага досведу.
Дзмітрый ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНСКІ