Згадаем «Ноч Гельвера» па пʼесе Ільмара Вількіста альбо «Брата майго, Сімана» па пʼесе Аляксея Казанцава «Браты і Ліза» на Малой сцэне Купалаўскага тэатра. Спектаклі гэтыя, мабыць, моцныя, калі так адбіліся ў памяці. Але пераглядаць, перажываць іх нанова? Не цягнула і тады, калі яны яшчэ заставаліся ў рэпертуары, бо неяк занадта яны вымагалі з гледача — адданай уцягнутасці, падпарадкаванасці, саўдзелу. Зашмат экспрэсіі было і ў «Раскіданым гняздзе» паводле Янкі Купалы. Даволі-такі своеасаблівым атрымаўся і «Партрэт» паводле Мікалая Гогаля: ці то гратэск, ці то дрэнны густ. Пытанняў процьма да ўсіх ягоных складнікаў, перадусім да працы мастака, затое галоўны выканаўца Андрэй Новік абвясціў пра сябе адважна, нават прэтэнцыёзна. У пастаноўцы «Любоў людзей» Дзмітрыя Багаслаўскага Гарцуеў нечакана змякчыў усе паталагічныя моманты — не тое што малады расійскі рэжысёр Мікіта Кобелеў; падрабязную, дэталёвую версію п'есы ён увасобіў у тэатры імя Уладзіміра Маякоўскага (Масква).
І вось у шэрагу, так бы мовіць, памежных прац Аляксандра Гарцуева прыбыло — пад заслону сезона Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прапанаваў прэмʼеру «Пелікан» паводле позняй пʼесы класіка шведскай і сусветнай драматургіі Аўгуста Стрындберга — пабытовай, з зямным і цалкам вытлумачальным канфліктам. Двое нездаровых дзяцей. Маці з сурʼёзнымі надзеямі на спадчыну двух памерлых — мужа і маладога моцнага зяця.
П'еса скупая на выразныя сродкі, але пакідае адчуванне нуды і пачуццё безвыходнасці. Няўжо настолькі гідкі чалавек? Няўжо няма ніякага іншага спосабу даць рады ягоным заганам, як проста падпаліць бацькаву хату, сямейнае гняздо, жытло, у якім гадаваўся з маленства?
...Некаторыя крытыкі паспяшаліся ацаніць ролю маці ў выкананні Людмілы Сідаркевіч як адну з лепшых у яе акцёрскай карʼеры. Не ведаю, не ўпэўнены. Гледзячы з чым параўноўваць. Па «Пелікане» рэжысёр Гарцуеў рушыў вельмі экстравагантным шляхам: пераапрануў выканаўцаў у дзіўныя гарнітуры, намаляваў на тварах грым у стылі Рамана Вікцюка, наставіў трывожнае святло, насілкаваў пластыкай Яўгена Карняга і музыкай Дзмітрыя Фрыгі. Хоць ні пластыка, ні музыка ў маю асабістую памяць не запалі.
Цалкам верагодна, што кагосьці мудрагелісты тэатральны свет «Пелікана» давядзе да захаплення, але, як па мне, гэта чысцюткая інтэлектуальная спекуляцыя, калі акцёры не патрапляюць выцягнуць Стрындберга без дамешак — музыкі, святла і грыму. Калі страва не ядомая або не прыдаецца да смаку, яе спрабуюць давесці да ладу прыправамі ды падлівамі. Вырачваюць вочы, скуголяць, равуць нема або нечалавечымі галасамі, разгойдваюцца з боку ў бок...
Самае слабое месца спектакля — маладыя акцёры Арцём Курэнь і Ганна Семяняка. Яны вядуць свае ролі на адной-дзвюх інтанацыях, і гэта ўжо надакучвае пасля першых сцэн. Не зразумець прызначэння на нязначную эпізадычную ролю Служанкі дасведчанай, дыхтоўнай актрысы Галіны Чарнабаевай: вітальны дух яе персанажа нішчыцца агульным дэпрэсіўным настроем.
Было б куды больш сумленна, калі б рэжысёр узяў пʼесу абсурду і ўжо з ёю дазволіў эксперыментаваць акцёрам, кампазітару і пастаноўшчыку пластыкі.
Наогул пра нейкі стройны рэпертуар РТБД сёння казаць не выпадае. Папярэдні мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка беспаспяхова спрабаваў будаваць «тэатр-дом», які б дзіўны сэнс у дваццаць першым стагоддзі ён у гэты панятак ні ўкладаў. Але куды кіруюць (і чым кіруюцца) яго цяперашнія стырнавыя? Часам на сцэне апынаюцца творы такога нікчэмнага кшталту — каго хочаш збянтэжаць.
І з’яўляецца ўстойлівае адчуванне, што тэатр з аўтарамі не працуе, пʼес ім не замаўляе і пра тое, што насамрэч адбываецца сёння ў тэатральным свеце, мае вельмі прыблізнае ўяўленне.
Валянцін ПЕПЯЛЯЕЎ