Атмасфера «Цэнтру» нагадала шматлікія пляцоўкі, раскіданыя па тэатральным Берліне, — невялікія і з самымі неверагоднымі прапановамі, а кожны спектакль фэсту адбіў і ўвасобіў пэўны кірунак развіцця сучаснага сцэнічнага мастацтва. Напрыклад, апошняе пяцігоддзе актывізуецца недзяржаўны тэатр для дзяцей. Ён адыходзіць ад традыцыйнага тюгаўскага прадстаўлення, якасна мяняе прастору залы, бо не адно шчыльна кантактуе з гледачамі, але вызначае іх як частку дзеяння (гаворка пра аўтарскі тэатр з бесканфліктнай драматургіяй). Перавагі кірунку для малых тэатралаў засведчыў сямейны «Веліструхен» вядомых мастакоў Васіля Пешкуна і Ганны Сілівончык (а таксама іх дачкі Марыі) са спектаклем «Хто ёсць Кот?», стылізаваным пад псеўданавуковае інтэрактыўнае шоу з расповедам пра катоў — якія бываюць, з чаго складаюцца, як сябе паводзяць. Выкарыстоўвалася тэхніка тэатра ценяў і вельмі прыгожыя фігуркі-выцінанкі, распрацаваныя і вырабленыя сямейнікамі-мастакамі.
Форум-спектакль «Маленькі нюанс» мінскага эксперыментальнага тэатра «EYE» падымаў вострую тэму выбару паміж неабходнасцю хлусіць і заставацца праўдзівым у розных жыццёвых сітуацыях. У нашай тэатральнай прасторы форум-тэатр існуе больш за дзесяць гадоў і заснаваны на інтэрактыўнай методыцы, пабудаванай на мяжы тэатра, сацыялогіі і педагогікі. Кожны глядач форум-тэатра — не пасіўны назіральнік, але актыўны дзеяч, кожны мае магчымасць спыніць пастаноўку, выйсці на сцэну, замяніць сабой аднаго з персанажаў і сыграць так, як лічыць патрэбным. Паводле меркаванняў самых неабыякавых наведнікаў вырашаліся і канфлікты «Маленькага нюансу»: разглядалася залежнасць ад сітуацыі, намераў, выхавання...
У самы «Цэнтр» падзей фестывалю ўкруцілася вядомая беларуская перформерка, харэографка, танцоўшчыца Вольга Лабоўкіна з пластыка-харэаграфічным перформансам «ADOPTION, або Была такая сацыяльная рэклама». Сродкамі пластычнай выразнасці выканаўца разважала пра жаночае сталенне, дачыненні з маці і сябрамі... Кірунак, прадстаўлены спектаклем, бадай што самы засвоены і папулярны ў айчынным незалежным тэатры. Яшчэ з пачатку 1990-х, са з’яўленнем Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, Беларусь атрымала цэлы шэраг выдатных майстроў у галіне сучаснага танца і пластычнага тэатра; найвядомейшы прадстаўнік шматлікіх кірункаў і тэндэнцый з канца 1980-х — легендарны пластычны тэатр «InZhest». Ён і жывы музей, і самая радыкальная лабараторыя для пошукаў...
Завяршаўся фестываль монаспектаклем «Самая прыгожая жанчына ў горадзе» па творах амерыканскага пісьменніка Чарльза Букоўскі ў выкананні Аляксандра Курца (Творчая майстэрня «Сляды» з Гомеля). Паводле невялікага аднайменнага апавядання акцёр прапанаваў пастаноўку на гадзіну часу, уразліва балансаваў на мяжы драмы і сторытэлінгу, абышоўся мінімалістычнай сцэнаграфіяй, сціплымі сродкамі акцёрскай выразнасці, някідкай рэжысурай і, набліжаючыся да постдраматычнага тэатра, выклікаў самую шчырую глядацкую зацікаўленасць.
Можна выснаваць, што фестываль «Цэнтр» — даследаванне сучаснага стану незалежнага эксперыментальнага тэатра Беларусі: пластычнага, драматычнага, інтэрактыўнага, дзіцячага... Створаны, па бальшыні сваёй, энтузіястамі без дыплому мастацкай ВНУ (афіцыйна — аматарамі), ён не толькі ўзбагачае нацыянальную тэатральную прастору, але і мацуе вельмі запатрабаваны сегмент айчыннай крэатыўнай эканомікі.
Уладзімір ГАЛАК