Прыз за лепшую рэжысуру масквічу Мікіту Кобелеву, пастаноўшчыку «Любові людзей» Маскоўскага акадэмічнага тэатра імя Уладзіміра Маякоўскага, выглядаў правінцыйным кніксенам з боку журы. Спектакль ледзь паспелі паказаць у вечар фестывальнага закрыцця, як сведчанне перамогі выцягнулі з запаветнага канверта. Калі чаго й вартая маскоўская пастаноўка, дык толькі прызоў за лепшыя ролі, мужчынскую і жаночую. А рэжысёру, каб называцца лепшым, трэба яшчэ працаваць і працаваць.
Галоўны прыз застаўся ў Беларусі. Яго атрымала гранічна гратэскавая «Пінская шляхта» Палескага драматычнага тэатра ў пастаноўцы Віталя Баркоўскага. На мой густ, версіі вядомай камедыі забракавала глыбіні і абагульнення, дый вырашылі яе надзвычай прыземленым, пабытовым чынам.
А гульня са святлом і музыкай інтэлектуальнай складанасці не дадала.
Прызы за акцёрскія работы ўручаны Уладзіміру Пятровічу і Алене Дудзіч, артыстам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, за спектакль «Час сэканд-хэнд» паводле Святланы Алексіевіч, дзе Уладзімір Пятровіч выступіў таксама і рэжысёрам. Пастаноўка эмацыйная, цяжкая, але ў канчатковым выніку ўдалая; кожнае слова праду-
манае і прачулае. За падобную літаратуру і мусіць брацца спелы творчы гурт. Напэўна, пасля Бабруйскага фестывалю «Час сэканд-хэнд» яшчэ за-
ваюе ўзнагародаў.
Перанесці прозу сёлетняга нобелеўскага лаўрэата па літаратуры на тэатраль-
ную сцэну паспрабаваў і рэжысёр Юрый Вута пастаноўкай «СвиДЕТИли?» паводле кнігі «Апошнія сведкі». Ён скарыстаў модны прыём кіназдымкі на ток-шоу, забяспечыў яго ваеннай хронікай, але замест горкай інтанацыі, якая павінна была вынікнуць з відовішча, вынікнуў хіба хаос. Дый маладыя акцёры Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра неяк легкадумна паставіліся да рэжысёрскіх задач і не данеслі канцэпцыю да глядзельні.
— Я ні ў якім разе не абараняю спектакль, — выступіў на абмеркаванні Юрый Вута. — Я сам напісаў інсцэніроўку, мы доўга абмяркоўвалі яе з Алексіевіч. Яе не ўсё здавальняла, але ў рэшце рэшт яна пагадзілася. І мне надзвычай важна, што маладыя акцёры сутыкаюцца з гэтым матэрыялам, няхай і ў такой форме.
Супярэчлівыя эмоцыі выклікаў сцэнічны твор Гомельскага абласнога драматычнага тэатра «Ён. Яна. Вайна» ў рэжысуры вядомага акцёра Паўла Харланчука-Южакова. Літаратурная падстава пастаноўкі — найвядомейшая «Альпійская балада» Васіля Быкава. Але ў вока ўпала толькі афармленне Андрэя Меранкова? І нагадалі пра сябе праблемы акцёрскай школы. Моладзь, занятая ў спектаклі, папросту ёй не авалодала, дэманструючы экзальтацыю, крыкі, смех — нібыта перад сцэнай замацавалі павелічальнае шкло, якое ўсё звыродзіла.
Актуальнасць і публіцыстычнасць былі шуганулі з пастаноўкі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Дзед» Вячаслава Паніна ў рэжысуры Дзяніса Паршына. Але па меры развіцця дзеяння скруціліся на нішто, і спектакль нагадаў камунальна-пабытовую драму часоў перабудоўнага кіно, дзе ўсё відавочна: зашмат крыку, экспрэсіі і жорсткасці, але бракуе падтэксту, плыўнасці, загадкі.
Гаспадар фестывалю — Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі, які працуе ў Бабруйску, — паказаў «Камедыю» Уладзіміра Рудава ў пастаноўцы Максіма Сохара. Ён стварыў надта сумнеўнае фантасмагарычнае відовішча, дзе персанажы мелі дзіўныя гарнітуры, а сатырычныя алюзіі выглядалі задужа плакатна, выявіўшы праблемы не толькі з бачаннем матэрыялу, але і з густам. Бабруйская «Камедыя» — рэд-
кі звер, сапраўдны антытэатр! Ён мае нешта ад Клуба вясёлых і знаходлівых, нешта ад капусніка... Такі конкурсны спектакль рэзка адрынулі амаль усе чальцы журы. Максім Сохар не з’явіўся ні на абмеркаванне свайго твора, ні на выніковы круглы стол. Тым самым, відаць, даючы зразумець, што журы можа выносіць свой вердыкт, але свята скончыцца, усе раз’едуцца па сталічных кафедрах,
а ён будзе рабіць сваё.
Асаблівая правінцыйная ганарлівасць, пра якую згадваў яшчэ Васіль Шукшын, на жаль, сілкуе галоўныя праблемы нашай тэатральнай супольнасці — некамунікабельнасць, незацікаўленасць адно ў адным. Іх і ўсе фэсты свету не здужаюць.
Валянцін Пепяляеў