Наймацнейшы пераканальны пасыл п’есы Метэрлінка — шчасце тут, побач. Варта змяніць пункт гледжання альбо вугал зроку — і яно знойдзецца... Пастаноўка «Сіняй птушкі» была абвешчана тры гады таму (уявіце, колькі разоў адкладаліся рэпетыцыі!) і напраўду зрабілася для артыстаў і супрацоўнікаў тэатра спосабам запэўніць саміх сябе: шчасце ў тым, што людзі працуюць, не разбягаюцца, не губляюць надзеі... У тым, што тэатр захаваўся, а публіка яго не пакінула. Ну і ў тым, вядома, як тэатр пераўтварыўся — ад гуку, святла, пяці пад’ёмных сегментаў на паваротным коле (можна ладзіць найскладанейшыя дэкарацыі і эфекты) да палётнай прыстасовы і экрана на ўсё люстра сцэны для праекцый...
«Сіняя птушка» — складаны выбар; вырашэнне матэрыялу зазнала безліч вымушаных зменаў, так што ўвасабленне вельмі адрозніваецца ад задумы. Згадаем: Цільціля і Міціль паклалі спаць, а на двары — таямнічая ноч напярэдадні цуду Нараджэння Хрыстова. Натуральна, дзеці не могуць заснуць, чаканы цуд з’яўляецца праз Фею Берылюну і чароўны дыямент, які варта толькі павярнуць належным чынам... Таму на адкрыцці тэатра мусіў весці рэй феерычны калядны карнавал: пачынацца яшчэ ў вестыбюлі, уцягнуць у сваё шэсце гледачоў, рушыць праз вялікае фае з ёлкай (так званую Елачную залу) і ў выніку знітаваць сабой усе карціны і падзеі спектакля. Ягоныя размаітыя персанажы праз маскі, скокі, пераўвасабленні ў пэўны момант мусілі апынуцца героямі Метэрлінка... Карнавальныя дзівосы моцна падправілі будаўнікі, бо не пакінулі аніякай магчымасці прымеркаваць прэм’еру да Калядаў. Змяніўся і асаблівы пастановачны (працоўны) настрой: феерыя, вызначаная драматургам, мусіла саступіць месца каляднай казцы, а потым (бо чэрвень на дварэ!) — святочнай фантазіі.
Дзіцячыя спектаклі маюць зацверджаныя абмежаванні па часе, таму для ўвасаблення я пакінуў дзевяць карцін з дванаццаці, скараціў дзве невялікія перад заслонай і адну вялікую — «Могілкі» (у рэчышчы каляднага карнавалу яе меркавалася вырашыць як danse macabre). Асаблівае пільнасці вымагала так званая традыцыя: у колішнім перакладзе для МХАТа фігуруюць Душа Ночы, Душа Святла, Асалода, і Сабака цытуе Горкага («Человек — это звучит гордо»), а па-французску дзейныя асобы названы проста — Ноч, Святло, Шчасце. На рэпліку Ночы «Што з табой, дзіцятка маё?.. Ізноў білася на даху пад снегам і дажджом?..» Котка мусіла адказаць «Мне цяпер не да дахаў» (як у Метэрлінка, бо патрэбна дакладнасць), але беларуская сцэна такога «дадаісцкага» збегу складоў не вітае... Дый ці не ўсе персанажы прамаўляюць надта велягурыста і часам пра тое, што ўжо адбылося альбо зараз адбудзецца, а гэта лепей паказаць... Мусілі звярнуцца да таго тэксту Метэрлінка, з якім ажыццяўляліся першыя пастаноўкі, адпаведна, у 1908 годзе ў МХТ і ў 1911 годзе ў Парыжы на сцэне Тэатра Рэжан. Спатрэбіўся пераклад з французскай ужо пад нашу, тюгаўскую рэдакцыю, а для персанажаў — тэксты песень. Іх трапна напісаў паэт Алесь Бадак.
Сучаснікі называлі Метэрлінка «бельгійскім Шэкспірам»: зло ў ягоных творах патрапляе перакідацца на дабро, а дабро — выяўляць злую сутнасць. «Сіняя птушка» багатая на такія пераўтварэнні, але некаторыя персанажы вылучаюцца асабліва: Котка (яна завадатарка сярод Жывёлаў, Рэчаў ды Стыхіяў, супрацьстаіць Сабаку, для якога «Чалавек — гэта ўсё!..»); Душа Ночы, якая ахоўвае таямніцы Сусвету; Дуб, лясны правадыр, што падбухторвае дрэвы знішчыць маленькіх людзей, бо з іх выгадуюцца вялікія людзі. Іх вобразы нагадваюць нашых сучаснікаў — ахоўнікаў прыроды, барацьбітаў за экалогію. Але зірнем без іроніі: чалавецтва ўжо не спраўляецца са сваімі ведамі, не дае рады адкрыццям, бясконца трапляе ў тэхнагенныя катастрофы і адначасова цемрашаліць, грэбуе прыродай, адступае ад навукі, укручваецца ў цынічныя аферы з разбурэннем асяродку ўласнага існавання. Нашаму Цілю ў пошуку шчасця даводзіцца вандраваць з вялікім трапятаннем і па ходзе дзеі вучыцца думаць (крытычна ставіцца да сябе). Бо шчасце — гэта калі ўсім і кожнаму шчасце, калі пакідаеш і аддаеш, а клетку для Сіняй птушкі трымаеш адчыненай.
«Сіняя птушка» спакушала на спевы, музычныя характарыстыкі і тэмы, разгорнутыя музычныя карціны. Іх стварыў кампазітар Сяргей Бельцюкоў, які, паводле яго самога, яшчэ заспеў у ТЮГу аркестравую яму (яе, дарэчы, рупліва аднавілі і рыхтуем да выкарыстання). Гадоў трыццаць таму Сяргей загадваў музычнай часткай тэатра і ўявіць не мог, колькі аддаляла яго ад шчасця працы над «Сіняй птушкай»....
Дарэчы, а які птушыны правобраз натхняў Метэрлінка? Перабралі ўсіх прыдатных, усходніх і заходніх, фантастычных (як Фенікса, але ён заўсёды мужчынскага роду) і натуральных (паўліна, жорава, дразда і інш.), стылізаваных (ар нуво, напрыклад), пераасэнсаваных... Птушка Рэнэ Магрыта трапіла на афішу, а на сцэне разам з мастаком Віктарам Цімафеевым і балетмайстрам Дзінай Юрчанка вырашылі збіраць яе з выканаўцаў у адпаведных строях: вось шчасце махае крыламі, а вось разлятаецца на мноства птушак-шчасцеек...
Праца над такім вялікім спектаклем заўжды на карысць артыстам — не дае забыцца на ансамбль і паразуменне, ад кожнага вымагае ўласных «пастановачных сродкаў». Зважым на тое, што ў восьмым-дзявятым радзе акцёрскага твару ўжо не разгледзець, таму трэба так патрапіць здзіўляцца альбо хітраваць, каб і ў пятнаццатым радзе твой стан зразумелі. А па ходзе рэпетыцый засвойвалася і сцэна — як высветлілася, новая нават для дасведчаных артыстаў. Яны казалі: хадзіць па ёй — гэта ўжо шчасце... Так што шчасце ёсць.
Уладзімір САВІЦКІ