Але фактар уласнага экспірыенсу расстаўляе ўсё на свае месцы — мастацтвам ёсць не тое, што мае доўгі статусны пералік рэгалій, а толькі тое, што пакідае след інтымнага перажывання ў дуэце твора і гледача. Успрыманне мастацтва як важная частка развіцця грамадства асабліва шырока раскрывае свае якасці ў ілюстрацыі: сацыяльная самасвядомасць, падкрэсленая ў літаратурных і візуальных вобразах, нясе ў сабе глыбокую сэнсавую нагрузку, фармуе культурнага спажыўца нібы мімаходзь, але ўплывова і адназначна.
Куратарам і арганізатарам выставы, а таксама яе ініцыятарам стаў сын мастака Тодар Кашкурэвіч. Не кожны дзеяч культуры можа пахваліцца трывалымі сямейнымі сувязямі, якія працуюць на папулярызацыю яго творчасці і развіццё закладзеных традыцый. Але адначасова можна вызначыць і мастацкую спадчыннасць у іншых «дзецях» Кашкурэвіча — маладых аўтарах, студэнтах Акадэміі ды вучылішчаў і каледжаў, што натхняюцца працамі Арлена Міхайлавіча, трансфармуюць яго пасыл, вывучаюць тэхналогіі, капіруюць работы.
«Маё ўспрыманне фаўстаўскага выказвання на тэмы адказнасці за дзеі чалавека і маральнага выбару цалкам супала з візуальным вызначэннем гэтых пытанняў у работах Арлена Кашкурэвіча. У мае 16 да мяне трапіла кніга з самым складаным на той час філасофскім зместам і выбітным ілюстраваннем, — кажа малады мастак Яўген Шадко. — Некаторыя напрацоўкі майстра я з падкрэсленым перайманнем перанёс у свае працы перыяду глебаўскага вучылішча, для мяне ён стаў беларускім Рэната Гутуза — менавіта гэтая жыццёвасць, энергічнасць, прага да натуральнага і гіпербалізацыя руху складае аснову серыі “Варыяцыі на тэму “Фаўста” Іагана Вольфганга Гётэ” і ілюстрацый да літаратурнага помніка. Павучальны сімвалізм малюнкаў Арлена Кашкурэвіча сыходзіць на другі план, бо галоўнае — структура яго вобразаў: напружаная, жывая і моцная, а таму пранікае да глыбіні і прачытваецца не на ўзроўні канкрэтных вобразаў, а закранае невытлумачальнае».
«Вывучаць традыцыі мастака — заўсёды своеасаблівая прыгода: тэхнічнае майстэрства, складаныя кампазіцыі, ідэальныя дэталі штурхаюць да пакарэння новых прафесійных вышынь, — дадае студэнтка графічнага факультэта беларускай Акадэміі мастацтваў Крысціна Іванцова. — “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, ілюстраванае Арленам Кашкурэвічам, стала для мяне ідэалам яшчэ да паступлення ў Акадэмію. Атмасфера натуральнасці падзей, створаная знаёмымі дробязямі і дэталямі, таемнасць ды напружанасць кампазіцый узмацнялі прачытанае, а вобраз галоўнай гераіні, выкананы мастаком, не даваў мне спакою сваёй неабароненасцю ды ўнутранай прагай жыцця».
Я таксама магу пахваліцца далучэннем Арлена Міхайлавіча да спіса маіх уяўных сяброў і сапраўдных настаўнікаў. У правінцыйным гарадку з адной мастацкай школай у тры класы складана знайсці аднадумцаў. Мне пашанцавала: вялікая бібліятэка, сабраная маімі бацькамі, зіхацела імёнамі сусветных ды айчынных класікаў, якія сталі мне паплечнікамі ў спасціганні жыццёвай філасофіі, а багата ілюстраваныя выданні безумоўна моцна паўплывалі на выбар прафесіі. Той факт, што кнігі мне не падсоўвалі бацькі, не прымушалі замаўляць у чытальнай зале па школьнай праграме, а я ўласнай рукой даставала томікі з шэрагаў іншых, робіць цуд майго адкрыцця мастацкага майстэрства Арлена Кашкурэвіча прыватным, а таму глыбокім і перманентным.