Праект прадстаўлены аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэяй «Брама» ў асобе яе нязменнага і нястомнага дырэктара Ларысы Фінкельштэйн.
Старыя, іржавыя механізмы, рэпрэзентаваныя тут у якасці герояў жывапісных палотнаў і матэрыялаў для скульптур, знаходзяцца па-за межамі працоўнага рытму. Адсутнасць руху — экзістэнцыяльная смерць машын, хоць іх металічныя абалонкі знішчыць не так проста. Адсюль пазажыццёвы сум, асабліва ў жывапісе Івана Семілетава, цыкл твораў якога мае назву «Пакутуючыя механізмы». Мастак расказвае: «Гэтую серыю я пачаў у 2002-м ці 2003-м. Малюнкі і акварэлі механізмаў стаў рабіць пасля падарожжаў на закінутыя заводы. Мяне ўразілі велізарныя забытыя станкі, іржавыя, змерзлыя і напалову зруйнаваныя, яны былі падобныя да пакутуючых жывёл, вялікіх і бездапаможных. Я захацеў напісаць цыкл карцін на тэму гэтай пакуты, праводзячы паралелі з чалавечымі перажываннямі. Сабраліся дзве тоўстыя тэчкі алоўкавых малюнкаў. Часам я ўскокваў сярод ночы і кідаўся да стала, каб тэрмінова зарысаваць чарговы вобраз. Гэта маглі быць сапраўдныя твары, амаль невідочныя ў цемры, ці фрагменты механізмаў, што нагадваюць твары. Галоўная мая задача заключалася ў тым, каб адлюстраваць гэтыя механізмы ўтоена-адушаўлёнымі, калі можна так сказаць. Да прыкладу, малюючы вялікую плоскасць, пакрытую ржой, я адчуваў яе як скуру. Калі я маляваў чорныя кропкі шрубаў, то рабіў гэта так, што яны прымалі іншае значэнне. Напрыклад, маглі стаць вачыма альбо ноздрамі.
Я нікому не паказваў гэтыя малюнкі, а потым наогул знішчыў усё. І не ўбачыў бы іх ніхто ніколі, калі б аднойчы я не знайшоў дыск, на які забыўся, калі спальваў работы. Такім чынам я вярнуў з нябыту частку аркушаў... І зараз працягваю працаваць над гэтай серыяй. Паступова з’яўляюцца новыя творы — ужо на палотнах алеем».
Народжаны праз уласныя пакуты і сумневы Івана, цыкл «Пакутуючыя механізмы» стварае моцнае ўражанне. Справа не ў бездакорна нюансаваных каларытных вырашэннях і мінімалістычна-вытанчана-дэкаратывізаванай стылістыцы, характэрных для мастака. Ён прызнаны майстар ажыўлення рэчаў, nature morte ў самым шырокім літаральным сэнсе — ад уласна нацюрмортаў да ландшафтаў. Іван Семілетаў — разам з вядучымі жывапісцамі свайго пакалення, такімі як Кацярына Сумарава і Уладзімір Клімушка, — належыць да хвалі «новага беларускага пейзажу». Пейзажу, адрознага ад традыцыйных пленэрных і постпленэрных штудый выкарыстаннем оптыкі аўтарскага светаўспрымання і гэтым моцна індывідуалізаванага. Як і ў вядомых гледачу пейзажах Івана, галоўная мэта «Механізмаў» — персаніфікацыя і ачалавечванне існуючых фрагментаў рэчаіснасці. Наданне гэтым тэхнагенным фрагментам трагічных антрапаморфных рысаў. Атрымліваецца пераканаўча. Сапраўды, у круглых адтулінах механічных «твараў» угадваецца і гучыць жалобны, амаль мункаўскі крык. Тым не менш самым выразным жывапісам серыі падаецца мінімалістычны партрэт «У роспачы» (2014) з панічным позіркам вочкаў-шрубачак, дзе гэты самы крык «закратаваны» рашоткай, напэўна, антыкварнага дынаміка.
Сярод аб’ектаў Віктара Копача таксама сустракаюцца надзвычай дэпрэсіўныя. Назвы іх кажуць самі за сябе: «Трагічная гісторыя», «Безвыходнасць», «Пагарэльцы». Аднак пасыл майстра больш аптымістычны — ён уключае рэшткі сапсаваных механізмаў у мастацкі кругазварот, ажыццяўляючы своеасаблівы арт-рэсайклінг. Ці рэінкарнацыю?
Ідэя кругазвароту бадай цэнтральная ў сучаснай творчасці скульптара. Яна натуральна прысутнічае і ў экспазіцыі — дзвюма станковымі варыяцыямі на тэму «Цыркуляцыі ў прыродзе». Падобная Віктарава тэматыка запатрабаваная ў свеце. За апошнія гады мастак усталяваў некалькі манументальных «Цыркуляцый» у замежных гарадах. Тут непазбежна ўзнікае вельмі прынцыповае пытанне: чаму Віктар Копач не рэалізуецца на радзіме? Не стамлюся паўтараць — прыкра і няправільна, што сусветна вядомы майстра, які знаходзіцца на ўзлёце кар’еры, ставіць свае выдатныя творы дзе заўгодна, але толькі не ў Беларусі!
Тут на выставе Віктар Копач вельмі новы і нечаканы. Яго буйнамаштабныя памкненні сублімаваліся ў малыя формы, але захавалі пры гэтым «вялікія сэнсы». Раней Віктар ішоў ад матэрыялу, пераважна каменнага блока, мадэлюючы-адточваючы пластычныя метафары. Сёння скульптар не толькі рэінтэрпрэтуе, але і актыўна дэканструюе розныя матэрыялы і сэнсы. Першай ластаўкай новага падыходу Віктара стаў трыпціх рэльефаў на апошнім беларускім Біенале жывапісу графікі і скульптуры. Дарэчы, ён заняў там адно з прызавых месцаў. І вось на нашай выставе — ужо цэлая калекцыя падобных аб’ектаў, датаваных 2015 годам. Прыемна бачыць творчы прарыў аўтарскай думкі, ды яшчэ такі плённы!
Брутальны ржавы корпус электраматора і паліраваны бронзавы адлівак («Нябеснае»), стары цвік, што працяў кавалак крэменю («Курыны бог»)... Сярод скульптурных экспанатаў ёсць і такія, дзе Віктар складае нескладальнае — ледзь не сарвалася «ў прасторы, ім чужой», але не — сюррэалістычны прынцып тут недарэчны. Бо асяроддзе, дзе жывуць ягоныя аб’екты, — нармалёвыя інтэр’еры ці выставачныя залы, у якіх творы выглядаюць звычайнымі пластычнымі акцэнтамі без дзівотаў. Вынікам копачаўскай камбінаторыкі становяцца цалкам уцямныя выказванні, што не адпавядае сюррэалізму. Пошукі майстра блізкія хутчэй Ар бруту. Але, зноў жа, гэта нейкі нетыповы — інтэлектуальны і пазітыўны — Ар брут, да таго ж увасоблены прафесійным мастаком.
З механізмаў і ўсялякіх кавалкаў калямеханічнага смецця, якія прайшлі праз энтрапію, скульптар стварае даволі гарманічную сістэму. У ёй адчуваецца шчырая радасць пазнання, падобная да той, што бывае, напрыклад, падчас дзіцячага шпацыру па лесе, дзе нейкія элементы наваколля правакуюць фантазію: «Глядзі, які корч! Чысты цмок!», толькі Віктаравы фетышы для натхнення з большага металічныя.
На кантрасце з гамагенным жывапісам Івана (яго карціны нібы з’яўляюцца фрагментамі аднаго вялізнага палатна), скульптура Віктара дэманструе некалькі пераплеценых шляхоў развіцця аўтарскай пластычнай думкі. Гэтая акалічнасць пазбаўляе выставу таўталагічнасці, ужо не скажаш: «Вось жывапісныя механізмы, а вось скульптурныя механізмы». Увогуле куратарка здолела выбудаваць цікавую кантрапунктную экспазіцыю — наколькі гэта было магчыма ў, шчыра кажучы, непрыстасаваных умовах былых мастакоўскіх майстэрняў, якія зараз займае ЦСМ.
І напрыканцы: я катэгарычна не згодны з прэс-рэлізамі, дзе гэтыя выдатныя мастакі ўпарта называюцца маладымі. Абодва сёлета адсвяткуюць свае юбілеі: 35 гадоў — Іван і 45 — Віктар. Абодва сталыя майстры ў працэсе развіцця, і ў іх, вядома, шмат цікавага наперадзе. Але ўжо напрацаванага імі хапае, каб далучыць аўтараў да нешматлікай кагорты творчых байцоў франціру нацыянальнага мастацтва. У працах Віктара і Івана чуваць годны голас мастакоўскай генерацыі, якая здолела сказаць нешта сваё, адрознае ад пакуль што мэйнстрымнай традыцыі — удалага і працавітага капіявання так званай рэчаіснасці. Выстава робіць бачнымі альтэрнатывы — постсацрэалістычным скульптурам, якія штогод упарта грувасцяцца на плошчах і вуліцах нашых гарадоў, і натуралістычнаму жывапісу, які акупуе музейныя і галерэйныя залы.