Паводле Аксаны Жгіроўскай, куратара галерэі «Ў»: «Мастак выкарыстоўвае канцэпцыю выставачнай прасторы “белага куба” як сімвал жыццёвых сітуацый, дзе чалавек зрабіўся закладнікам знешніх абставін, якія ён не ў сілах змяніць». Аддаваць свой праект на водкуп куратару — тое ж, што скарыстацца паслугамі штатнага юрыста: безвыходна і заўсёды кампраміс. Закладнікам вонкавай трактоўкі зазвычай становіцца праект, які не сцвярджае, але толькі задае пытанні. І проста адказаць на іх пунктамі ідэалогіі «белага куба» немагчыма. Па-першае, любая галерэя, што прэтэндуе на званне сучаснай, мае неабходнай умовай стварэнне стэрыльнай, абыякавай прасторы, а таму падставовая безынфарматыўнасць не можа стаць канцэпцыяй, а па-другое, закладнік тут — сам мастак, які праз куратарскую фармулёўку атрымаў пляскатую ідэю «выхаду».
Яўген Шадко стварыў прастору накшталт касмічнай станцыі з фантастычных фільмаў яго дзяцінства — цнатліва-белы вакуум пакояў карабля, што дрэйфуе па бясконцасці. «Выхад» як спроба пераадолець сябе і свой унутраны компас: падлога засланая белымі палотнамі — тая ж выставачная сцяна ў сітуацыі бязважкасці, на якой мастаком рабіўся кожны наведнік. Як звычайна ў такіх фільмах, галоўны герой застаецца сам-насам з настолькі важным асэнсаваннем, што кульмінацыяй стужкі становіцца псіхалагічны катарсіс героя, а развязкай будзе прызямленне выратавальнай капсулы на цвёрдую паверхню. Праект «Escape» персанальны ў такой ступені, наколькі гэта ўвогуле магчыма, але яго публічнасць кажа: падобныя трансфармацыі адбываюцца з кожным. Яўген становіцца ды прапаноўвае іншым стаць гэтакім Гары Гудзіні з яго здольнасцю выпутвацца з ланцугоў, знаходзячыся ў вадзе ўніз галавой, — згубіць арыентацыю, атрымаць новыя адчуванні, выпрабаваць самога сябе. Праз эскейпалагічныя здольнасці мастака, яго ўпартае пераадольванне дадзенасці выразна бачыцца імкненне да дыялогу з гледачом і вонкавымі абставінамі, якіх ён увесь час пазбягае. Прыгадаем хаця б выказванне Яўгена «Глядач і ёсць забойца», напісанае на пустым палатне святлом (нават не фарбай!) у 2012 годзе, ці серыю аўтапартрэтаў (як сімвал арыентавання ў свеце праз глыбокі самааналіз) з праекта «Becoming an artist» у 2013-м. Відавочна, творца не толькі не ішоў на дыялог, але і мэтанакіравана яго пазбягаў. Менавіта таму замест экскурсій, абмеркаванняў і гутарак з наведнікамі мастак і цяпер выбраў ролю маўклівага назіральніка (кругласуткавая вэб-трансляцыя), а размовай зрабілася адзінае жывапіснае палатно, стаць часткай якога мог кожны, дзякуючы наладжанай сістэме праектавання рухомага відэа на карціну — гэткі кампрамісны варыянт між неабходнасцю размаўляць і магчымасцю весці дыялог.
Добрая ілюстрацыя таго, што фактар падштурхоўвання да «выхаду» спрацаваў, — з’яўленне ў апошні дзень выставы невядомага акцыяніста з маніфестам і каністрай жоўтай фарбы. Акт каляровага «самаспалення», знішчэння белага — візуальная праява спробы знайсці сябе, акрэсліцца, даць сабе імя, якое базуецца на відавочных характарыстыках, і вызначыць кірунак руху. Колерам акцыяніст сцёр згадкі пра бязважкасць, выявіў ніз і верх, напрамкі. Эксперыментальны праект маладога мастака Яўгена Шадко знайшоў свой выхад, мапу якога на белых палотнах намалявалі сляды шматлікіх наведнікаў галерэі «Ў».