Але што гэта за вялізны жоўты і бясформенны монстр у канцы калідора вітрын — там, дзе, паводле канцэпцыі праекта, штомесяц змяняецца экспазіцыя работ сучасных мастакоў шкла?
Велізарны, распушаны камяк шклаваты запаўняе ўсю прастору цэнтральнай вітрыны, і яму там відавочна цесна. Здаецца, каб зніклі шкляныя перашкоды, ватная «біямаса» цалкам заняла б маленькае прыцемненае памяшканне, па краях якога высвечаны невялікія канцэптуальныя творы айчынных майстроў. Бліжэй да змрочнай столі — відэапраекцыя, інтэрв’ю на фоне шкла: гэта ўспаміны, яны ахутваюць экспазіцыю галасамі добрых людзей. Так выглядае «ШклаВАТА» — выстава сучаснага беларускага шкла, прысвячэнне знакамітаму шклозаводу «Нёман», куратарамі яе з’яўляліся мы, аўтары гэтага артыкула.
Зямля, рэсурсы і прамысловасць былой Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў складзе СССР, а цяпер незалежнай Беларусі, працягваюць знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы. Цяперашняя беларуская мадэль грамадскага развіцця адрозніваецца ад рамантычнай версіі позняга савецкага мадэрнізму, з якой стартавала айчынная дзяржаўнасць. Тыповым прыкладам літаральнага ўвасаблення сучаснай — на мяжы рэшткаў сацыялізму і рыначнай эканомікі — арганізацыі вытворчасці стаў вядучы беларускі шклозавод «Нёман». У яго бліскучым савецкім мінулым — шырачэзны спектр унікальнай прадукцыі, узнагароды на міжнародных выставах, усесаюзнае лідарства і сусветная вядомасць. Усё гэта звязана, перш за ўсё, з імёнамі мастакоў завода, прадстаўнікоў ленінградскай, талінскай і пражскай шкляных школ — Уладзіміра Мурахвера, Людмілы Мягковай, Валянціны Дзівінскай, Сільвіі Раўдвее, Керсці Вакс, Майры Пюке, Аркадзя Анішчыка і з цэлым пакаленнем такіх майстроў нашай школы шкларобства, як Таццяна Малышава, Вольга Сазыкіна, Галіна Сідарэвіч. Але мінулі часы, калі творчыя пошукі мастакоў у масавай і ўнікальнай вытворчасці былі прыярытэтнымі для завода, бо стваралі яго ўсесаюзны аўтарытэт. Беларускае мастацкае шкло стала тварам велізарнай краіны на сусветных выставах у Манрэалі і Лондане, Берліне і Сіднеі, Лейпцыгу і Будапешце. Краіны, з распадам якой буйныя прадпрыемствы аказаліся на мяжы выжывання, і «Нёман» не стаў выключэннем. Няўклюдныя спробы рэанімавання прадпрыемства, на жаль, немінуча вядуць да далейшага рэгрэсу і краху, які быццам бы непазбежны, але ўвесь час «адкладаецца». Балюча бачыць, як эксперыментальна-мастацкая дзейнасць на вытворчасці ператвараецца, у лепшым выпадку, у безыніцыятыўнае абслугоўванне дзяржаўных, карпаратыўных і спажывецкіх заказаў. З мэтамі эканоміі шклозавод амаль утрая скараціў штат супрацоўнікаў, яны вымушаны былі шукаць працу ў суседніх гарадах або папросту з’язджаць з Бярозаўкі, дзе жылі пакаленнямі шкловыдзімальнікі і шкляных спраў майстры. Апафеозам працэсаў, што адбываюцца на «Нёмане», з’яўляецца інвестыцыйны праект па вытворчасці шклаваты. Дзеля яго рэалізацыі ўжо перабудоўваецца цэх — з гуты для шклаваты, так. Здаровыя прагматычнасць і дальнабачнасць у павышэнні прыбытковасці загадкавым чынам зводзяцца да арганізацыі выпуску вось такога неабходнага і ўсімі запатрабаванага будаўнічага матэрыялу. Зразумела, сёння ніхто не жадае важдацца з адзінкавым унікальным таварам і яго праблематычным збытам. Цяпер завод пазіцыянуе сябе як «сучаснае прадпрыемства з новым абсталяваннем для аўтаматычнай прамысловай вытворчасці ізаляцыйнага штапельнага шкловалакна высокай якасці — NEMAN GLASSWOOL» — гэта прамая цытата з інтэрнэт-сайта шклозавода «Нёман»...
З іншага боку, большасць шкляных заводаў іншых савецкіх рэспублік даўно адышлі ў нябыт. На іх абломках спрабуюць расці невялікія прыватныя прадпрыемствы. Беларускі ж «Нёман» працягвае існаваць у тым жа постсавецкім выглядзе.
Мы прадстаўляем менавіта новае «постапакаліптычнае» пакаленне айчынных аўтараў. Мы вымушаны тварыць ва ўмовах згорнутых магчымасцей — без той самай знакамітай нёманскай палітры, дзеля працы з якой да нас прыязджалі калегі з усяго СССР — на заводзе сёння толькі «бясколерка». Не кажучы ўжо пра вольных шкляроў, нават штатны мастак завода мае толькі ўмоўны доступ да «жывога» шкла. Парадаксальна, але гэты факт змушае да больш віртуознай работы з матэрыялам — у тым ліку падчас замежных сімпозіумаў і воркшопаў прыватных студый. Што выяўляецца больш плённым за спробы пераадольвання валу важных вытворчых заказаў на «Нёмане».
Удзельнікі выставы «ШклаВАТА» — сем беларускіх мастакоў: Алена Ткачова, Ганна Аляксейчык, Ганна Зарубіна, Дар’я Ціхая, Усевалад Улітка, Алена Атрашкевіч-Златкавіч і Павел Вайніцкі. У экспазіцыі — пятнаццаць твораў са шкла і пра шкло, непадобных, выкананых з розным светаразуменнем, у розных тэхніках і манерах. Шкляныя аб’екты — празрыстыя і «эфірныя», нюансныя па колерах.
Што тычыцца відэа, дык яно належыць бесцялесна-мінуламу, сатканаму з успамінаў бліскучых майстроў Вольгі Сазыкінай і Таццяны Малышавай. Яны кажуць пра «нёманскі» перыяд свайго жыцця: рэалізаваныя магчымасці, шчасце творчасці... Смелыя, прыгожыя, таленавітыя, на мяжы 1980—1990-х яны годна прадстаўлялі беларускае шкло. Пра «Нёман» і нёманчан, што адышлі ў гісторыю, успамінаюць таксама і цяперашнія працаўнікі завода — мастачка Алена Ткачова і шклавар Іван Іванавіч. Грандыёзны па сваім размаху, «залаты» перыяд шклозавода-гіганта лунае над экспазіцыяй у выглядзе яркай і дынамічнай, але эфемернай праекцыі. Мы дзякуем «аператарскай групе» ў асобе Усевалада Уліткі за фіксацыю каштоўных успамінаў, адваяваных у мінулага. І спадзяемся, што яны запачаткуюць стварэнне сучаснага мастацкага архіва, дзе будуць выратаваныя і захаваныя імкліва сыходзячыя фрагменты нашай агульнай «шкляной» памяці. Але гэта справа асобнага праекта.
Наша выстава — святлопрасторавая інсталяцыя, якая ўключае серыю відэаінтэрв’ю са старэйшым пакаленнем мастакоў — бліскучае мінулае шклозавода «Нёман»; творы маладых беларускіх аўтараў — цяперашні час айчыннага шкла і, уласна, шклавату — сумніўную, але непазбежную будучыню беларускай шкляной вытворчасці.
Спадзяемся, нам удалося, хай і крыху фаталістычна, супрацьпаставіць «ватнасць», нявызначанасць, неаформленасць таго, што непазбежна чакае наш любімы «Нёман», пранікальнасці, святланоснасці, празрыстасці і шчырасці традыцыйнага гутнага шкла. Мы пазначылі агульныя для постсавецкай прасторы праблемы — дарэчы, «ШклаВАТА» выклікала гарачы рэзананс расійскіх калег. Па словах Кацярыны Сямёнавай, слыннай маскоўскай мастачкі шкла: «Дадзеная тэма непасрэдна датычыцца і расійскага шкларобства, якое сутыкнулася з аналагічнымі праблемамі. Такім чынам, ставіцца пытанне пра будучыню шклянога мастацтва нашых краін, яго развіццё ў сучасных умовах». «Шкляры ўсіх краін, яднайцеся на пасільную барацьбу з ватай!» — да яе лозунга далучаемся і мы. Нарэшце, мяркуючы па водгуках і прэсе, праект здолеў прыцягнуць увагу і інтэрнацыянальнага гледача да ўнікальных традыцый беларускага мастацкага шкларобства і сучаснага айчыннага арту.
Павел Вайніцкі, Алена Атрашкевіч-Златкавіч