Пра што яго мастацтва? Пра месца чалавека ў сучасным складаным свеце. Пра маральны сэнс тых архетыпаў, тых старажытных каранёў, якія сёння могуць знікнуць у калейдаскопе глабальнай цывілізацыі. Яго палотны — гэта як бы мастакоўскія ўяўленні аб жыцці, якія адлюстраваны ў пэўным і заўсёды інтэнсіўна выказаным стане святла і атмасферы, прытым кампазіцыйна закончаныя, канструктыўна і рытмічна арганізаваныя, накшталт класічных карцін, пакрытых “музейнай пацінай” часу.
Некаторыя творы вызвалялі мастака ад звыклых акадэмічных канонаў, “схоплівалі” знутры традыцыі, “школу” і дапамагалі пераадолець прымхі. Іншым разам творца скарыстоўваў наўмысны прымітывізм — і ў кампазіцыі, і ў пластычнай манеры. Данелян любіў абсалютную сіметрыю, у якую ідэальна змяшчаў рытмічныя плоскасці, сілуэты фігур, аб’ёмы прадметаў. Гэтую, так бы мовіць, “прымітыўную” арганізацыю палатна ён насычаў артыстызмам і элементамі своеасаблівай гульні. І рабіў тое бліскуча, з неаслабным націскам і энергіяй.
Яго “архітэктурна-выяўленчая прастора” арганізавана з падтрымкай стылізаваных квадратаў, прамавугольнікаў, авалаў, ромбаў, розных па колеравай якасці — ружовых, жоўтых, аранжавых, зялёных, чырвоных, вохрыстых, блакітных, рудых, — але набліжаных адзін да аднаго. Часам кампазіцыя будуецца амаль па нейкіх геральдычных прынцыпах, дзе рытмы набываюць арнаментальны характар, звязаны з крыніцамі фальклору розных народаў. Характэрныя прыклады гэтага — палотны “Наіры” (былі такія асірыйскія плямёны на тэрыторыі Урарту ў VIII–XI стст.), “Квінтэсэнцыя Гермеса Трысмегіста” (сінкрэтычнае бажаство, якое спалучае ў сабе рысы старажытнаегіпецкага бога мудрасці Тота і старажытнагрэчаскага бога Гермеса), “Сімург” (міфалагічная птаха ў персідскай міфалогіі). Творы мастака ў межах гэтых тэндэнцый блізкія па характары да “жывапісных экзерсісаў”, дзе аўтар узнімаецца ад фіксацыі канкрэтнага эмацыйнага перажывання да раскрыцця свайго асабістага светаадчування, у шырокім філасофскім сэнсе слова.
Мне здаецца, што Грэгар Данелян з’яўляўся метафізікам-маралістам, які медытаваў над сэнсам быцця, але рабіў гэта строга праз мастацтва, знутры, не дадаючы адлюстраванню празмерны вонкавы дыскурс. Паміж высокай творчасцю і звычайнасцю ён знаходзіў візуальныя сімвалы і алегорыі, якія нараджаліся ці то з жыцця, ці то з мастакоўскай практыкі, з мастацкага ўяўлення. Ён быццам бы жыў унутры нашага трывожнага часу, які, з аднаго боку, пашыраўся, адыходзячы ў мінулае, з другога — ірваўся ў будучыню, набліжаючы сучаснае. Гэты час быў герметычна закрыты ад чужых вачэй не таму, што жывапісец баяўся быць няпэўна вытлумачаным, а таму, што ў яго ён — шматаблічны, вельмі разнастайны. Метрычны час, на мой погляд, быў для творцы толькі вонкавай формай распазнання адной сюжэтнай лініі ад другой. Не дзіўна, што гэтыя “сюжэтныя лініі” паступова ператвараліся ў яго ў вялікія духоўна-эпічныя цыклы экспрэсіўных палотнаў, пачынаючы ад калекцыі “У Святле Яго Святла” да колерамузычнай серыі “Да Бясконцасці” і далей — да “Вечнай ісціны” (на жаль, закончыць не паспеў).
Кажучы прасцей, у выяўленчым летапісе “трансфармацыі чалавечага разумення” мастак з кожнай новай карцінай, пачынаючы з 1980-х гадоў, раскрываў і даследаваў псіхалагічны, маральны свет чалавека. Так, маральнасць не столькі пачуццяў, колькі думкі для Грэгара Данеляна — заўсёды была найважнейшай асновай яго мастацкага і духоўнага быцця. Менавіта маральнасць актыўна стварала яго прастору інтэлектуальнага пошуку, якая давала яму магчымасць у лепшых карцінах падымацца да агульначалавечых вяршынь абагульнення жыцця. Аўтарскія пошукі часцяком сціскаліся да наватарскіх сюжэтаў-сімвалаў: час рэканструяваўся і ў нацыянальныя армянскія паданні (“Ахтамар”, “Нараджэння Крыжа”), і ў біблейскія легенды (“Ноеў каўчэг”, “Містэрыі Саламеі”, “Юдзіф з галавой Алаферна”, “Эсфір”), і ў глыбінныя вобразы чалавека ці ў яго атачэнне (“Пацалунак паэтаў. Арцюр Рэмбо і Поль Верлен”, “Аўтапартрэт”, “Роздум”, “Лера”, “Дзяўчына з кветкай”, “Курэц”, “Мацярынства”), і ў пластычна моцныя, дэкаратыўна пранізлівыя нацюрморты, і ў ювелірна прапрацаваныя алегорыі накшталт шматслойных палотнаў “З’яўленне белага каня”, “Гульня шароў”, “Серэнада Месяца Прасветленага”, “Сарасваці. Ноч Маладзіка” (Сарасваці — жонка індыйскага бога Вішну, заступніца мастацтва, навук і мудрасці), у якіх выпукла ці прыхавана, часам апасродкавана, раскрываўся складаны вечны шлях чалавечых лёсаў. Пра гэта і шчымлівы цыкл карцін, прысвечаных 100-годдзю генацыда армян.
Дарэчы, большасць карцін Данеляна неспакушанаму гледачу мімалётам “прачытаць” не атрымаецца. Патрэбны багаж акрэсленых ведаў і жаданне разумець аўтара: чаму ён для той сваёй кампазіцыі выбраў менавіта гэты сюжэт? Што яго хвалявала? Якімі думкамі ён хацеў падзяліцца з намі, сябрамі, гледачамі і крытыкамі. Зараз раскажу, як я прачытаў, напрыклад, карціну “Захад вежы Бабіль”, якая мне вельмі спадабалася.
У яе аснову пакладзены вядомы біблейскі сюжэт пра будоўлю ў старажытным Вавілоне вежы, змешванне моў і рассейванне людзей па свеце. Мастак адлюстраваў на палатне дзве сілы — зямную і нябесную, чалавечую і боскую. Вялікая вежа — у ракурсе зверху і падобна да аб’екта, які так і застаўся прыкаваным да зямлі. Па сваёй сімволіцы вежа — гэта ўздым, сіла, недаступнасць, амбіцыі, вертыкаль паміж зямлёй і небам. Таксама, што не менш важна, сімвалізуе чалавечую годнасць і саманадзейную спробу дасягнуць нябесных вышынь. Яскравай дамінантай карціны з’яўляецца захад сонца, дзе Свяціла алегарычна паказана стваральнай энергіяй. Ягоныя жыватворныя прамяні пранізваюць вежу. Гэта і духоўная прасветленасць, і энергія, і творчая моц. Туман, які ахутвае вежу, — эквівалент змянення і звышнатуральнага ўмяшальніцтва, сімвалізуе сабой нявызначанасць, прэлюдыю да адкрытасці, шчырасці, а таксама напамінае нам пра тое, што зямны свет пераўтвараецца толькі праз Яго Святло, пранізваючы ўсю Бясконцасць.
Па сутнасці, аблічча мастацкіх вобразаў — гэта своеасаблівае таўро, якое пераследавала аўтара як успаміны пра дзяцінства, як настальгія па Тбілісі, дзе ён нарадзіўся і дзе пахаваныя яго бацькі, ці настальгія па Арменіі, дзе спрадвечна жылі яго продкі і дзе Грэгар атрымаў вышэйшую мастацкую адукацыю. Гэта значыць, герметычна існы час, як жывы нятленны Вобраз, гарманічна ўпісваўся ў бясконцую прастору яго душы, куды мастак трапляў кожны раз, калі нацягваў на падрамнік белае чыстае палатно.
Таму мне здаецца, што ў Грэгара-творцы — спакой сярэднявечнага майстра, упэўненага ў сваіх сілах, само рамяство якога давала яму ні з чым не параўнальную асалоду. Ён — выдатны эксперыментатар і адначасова прыхільнік вобразна-выяўленчых прынцыпаў класічнага мастацтва. Ён мог красамоўна ілюстраваць японскую паэзію і шэкспіраўскія санеты, і ў той жа час, — свежым поглядам рабіць фатаграфіі берагоў Іслачы і наваколля жывапіснай купалаўскай Вязынкі. Мог гадзінамі гуляць па вуліцах Мінска, раздумваючы над тым, як рэалізаваць свой праект пад назвай “Эксклюзіўная Галерэя Духоўнага Храма “Сад Сэрцаў” — канцэпцыя рэальнага жыцця аўтара. Гэта значыць па-філасофску асэнсоўваць вечныя нашы пытанні: хто мы, адкуль і куды ідзём. Яму было ўласціва звяртацца да глыбіняў стагоддзяў у пошуках нацыянальных каранёў, і пры дапамозе складаных метафар, сімвалаў ды алегорый паказваць тое, што для яго азначаў “колер душы”. “Усё, што ўнутры нас — гэта дыялог, — сцвярджаў мастак, — дыялог з унутраным светам і вонкавым. Дыялог з самім сабой. Калі мы чуем адзін аднаго і адчуваем, значыць, мы жывыя”.
Мне здавалася, што Данелян заўсёды жыў у свеце патаемных мар, якія ён нікому не расшыфроўваў. І душа ў мастака была надзіва далікатная, хаця і наглуха закрытая для тых, хто быў для яго чужым. Ён быў самотны ў атачэнні масы людзей, і гэтым вельмі нагадваў Сяргея Параджанава, з якім Грэгар быў у сяброўскіх адносінах. Усе сілы ён скіроўваў у адно рэчышча, туды ж выпраменьваліся ўсе токі яго сэрца — у творчасць. Гэта галіна, дзе не выдаюць узнагарод за подзвіг штодзённай працы. Дый не чакаў Данелян гэтых узнагарод, не праяўляючы намаганняў ці запалу для таго, каб вызначыцца, праславіцца, паўстаць такім, якім не быў насамрэч. Ён заставаўся сціплым, чуйным, негаваркім рабацягам, і у той жа час — балюча-чуллівым. Хітраваць, цямніць, скарыстоўваць абходны манеўр — усё гэта ў зносінах з ім было марнымі намаганнямі. Гаварыць трэба было проста, шчыра і, па магчымасці, з максімальным трапляннем у цэль. І тады вочы жывапісцаў успыхвалі, калі мне ўдавалася дакладна вытлумачыць сэнс карціны, адкрыць у ёй тое патаемнае, схаванае, самабытнае, што ён уклаў у палатно…
Адкрыццём для мяне было тое, што ён ніколі не казаў мне, што з’яўляецца членам Міжнароднага саюза мастакоў “Майстра-міратворац”, членам-карэспандэнтам Еўрапейскай акадэміі прыродазнаўчых навук (Германія), правадзейным членам Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій і г.д. І што з канца 1980-х яго персанальныя выставы пабачылі гледачы не толькі Беларусі, Арменіі і Грузіі — краіны, якія ён сардэчна і бязмежна любіў, але і ў многіх дзяржавах Еўропы і Амерыкі. Усяго іх было больш за сорак, не лічачы групавых і міжнародных. Гэта ўсё я ўжо спазнаў потым — з яго ілюстраваных каталогаў і буклетаў, якія ён мне падараваў у нашу перадапошнюю сустрэчу. На маё пытанне, чаму ён маўчаў, ён толькі паціснуў плячыма. А колькі ён паспеў паездзіць па свеце? Толькі ў адной Індыі ён правёў тры месяцы, а былі яшчэ Іспанія, Францыя, Італія, Германія, музейныя скарбніцы якіх яго проста даводзілі да катарсісу.
Явось пра што думаю. Усё раўнапраўна перад абліччам Памяці, але не таму, што яна капрызлівая ды непераборлівая, а таму, што стварае свае ўласныя “час — прастору”: не гістарычныя ці сацыяльныя, але — быційныя. Час таму і бессмяротны, што існуе дзякуючы паўтору ўраўнаважаных у правах адвечных матываў ды сюжэтаў, зачынаў і развязак, прыліваў ды адліваў, дзякуючы сваёй працяглай несупыннасці. Гэты кругабег часу, які настолькі па-майстэрску перадаваў Данелян, адважна змяніў звыклае рэчышча рэтра-жывапісу прывычнага “натуральнага” рэалізму і нагадаў пра незвычайную моц духоўнага віду мастацтва, здольнага ўрэчаісніць бесцялеснае, матэрыялізаваць эфемернае, уваскрасіць страчанае. Думаю і пра тое, што Данелян — адзін з нямногіх сабратоў-сучаснікаў па цэху, які ў сваіх творах гаварыў філасофскай метафарай пра матэрыялізацыю Абсалюта праз Святло, у аснове якой ляжаў складаны ірацыяналізм пазнання, памножаны на душэўнае хваляванне інтэлектуала.
Лёс даў яму магчымасць менавіта ў Беларусі стварыць свой уласны час, беражліва сціснуты да Сімвала. Грыша (так я яго заўсёды называў) Данелян на нашай зямлі жыў мастацтвам і толькі мастацтвам, напоўненым фарбамі і рытмамі далёкіх планет і галактык — усё іншае было для яго другасным. Туды, у Сусвет, 13 мая бягучага года ён і ўзышоў, амаль два тыдні не дажыўшы да свайго сямідзесяці аднаго года...
Барыс КРЭПАК